Добраўпарадкаванне могілак — аварыйныя дрэвы і не скошаная трава (Лунінецкі раён)
У рэдакцыю «Лунінецкіх навін» патэлефанавала жыхарка Дрэбска Яўгенія Чарнюк. Усхваляваным голасам жанчына расказала, што нядаўна пабывала на могілках у Любачыне, дзе пахаваны яе сваякі, і была вельмі засмучана ўбачаным…
У размове Яўгенія Васільеў на адзначыла, што там няма парадку: на тэрыторыі шмат аварыйных дрэў і не скошаная трава. Са сваёй праблемай яна звярталася ў жыллёва-камунальную службу.
– Там паабяцалі заняцца толькі выдаленнем дрэў. Але ж, мне здаецца, усё павінна быць па чалавечы. Нельга, каб месца апошняга прытулку мела выгляд недагледжанасці і безгаспадарчасці…
Згодны, што такія аб’екты трэба ўтрымліваць ў парадку. Намеснік дырэктара КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” Юрый Корчык не хаваў таго факту, што ведае аб заяўцы ссячы аварыйныя дрэвы на могілках у названым аграгарадку. Падобныя работы ўжо выканалі ў Вульцы 2 і Дзятлавічах. У бліжэйшай перспектыве значыцца Любачын. Сапраўды, не ўсялякі спецыяліст зможа ажыццявіць небяспечныя работы: неабходны навыкі, адпаведнае абсталяванне. Што ж датычыць травы, то, па словах Юрыя Аляксеевіча, камунальнікі яе косяць толькі за агароджай па перыметры аб’екта:
– Мы не косім на магілах, ды і не павінны гэтага рабіць. Не дай Божа, які каменьчык адляціць і пашкодзіць помнік… Хто тады будзе адказваць? За добраўпарадкаваннем абавязаны сачыць блізкія памерлых.
З аднаго боку такую пазіцыю можна зразумець: каб устанавіць помнік, цяпер спатрэбіцца мінімум 1000 рублёў. Разам з тым, ёсць пастанова Міністэрства ЖКГ Рэспублікі Беларусь ад 10.06.2016 г. №17 (летась яе змянілі і дапоўнілі). Па інфармацыі галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна Віталя Дзегцярова, дакумент сапраўды прадугледжвае своечасовае скошванне і выдаленне травы як звонку тэрыторыі, так і ўнутры яе. Але гутарка ідзе толькі пра месцы грамадскага карыстання. Гэта значыць, пешаходныя дарожкі, газоны, аўтамабільныя паркоўкі. Такім чынам, камунальнікі маюць рацыю, сцвярджаючы, што пра парадак паміж магіл абавязаны клапаціцца самі людзі.
Разважаючы над праблемай, нельга забываць, што ў жыцці здараюцца розныя сітуацыі. Магчыма, ужо нікога не засталося з родных ці яны жывуць за тысячы кіламетраў, або проста чалавеку з-за ўзросту і хвароб не стае сіл прыбраць і навесці парадак… Можна скарыстацца дапамогай арганізацый, якія прадастаўляюць такія паслугі. Адшукаць іх лёгка. Яшчэ добры варыянт – арганізаваць суботнік сярод мясцовых жыхароў. Іх згуртаваць і аб’яднаць агульнай мэтай, пэўна, павінны прадстаўнікі сельвыканкама. На ЖКГ можна спадзявацца, але ці трэба паддавацца бяздзейнасці самому?
«Лунінецкія навіны» ад 29 чэрвеня 2022 года №48