Дзедаў Марозаў многа не бывае
«Не разумею, чаму нельга было ўсё арганізаваць у выхадны дзень?». «Ага, а яшчэ затрымліваюцца чамусьці». Перад шэсцем Дзедаў Марозаў сярод тых, хто прыйшоў на традыцыйны казачны парад, прагульвалася лёгкая незадаволенасць. Аднак, калі ўсё пачалося, людзі забыліся пра няўвязкі.
Паглядзець сапраўды было на што! У агульнай складанасці ў аглядзе-парадзе задзейнічалі каля 80 казачных персанажаў. Вясёлая калона ўзяла старт ад пляцоўкі КБА і прайшла па вуліцы Чырвоная да навагодняй лясной прыгажуні на плошчы Леніна. Вочы ў дзяцей (ды і ў дарослых) разбягаліся ад багацця святочных герояў: сапраўды ярка, прыгожа і маштабна. У гэтым годзе паўдзельнічаць у конкурсе і паказаць сябе сабраліся прадстаўнікі школ, дзіцячых садоў і Дамоў культуры горада і раёна. У намінацыях перамогу атрымалі: «Класічны Дзед Мароз» – яслі-сад №8, «Самы юны Дзед Мароз» – Язвінская школа, «Нацыянальны Дзед Мароз» – СШ №1 райцэнтра, «Самы незвычайны Дзед Мароз» – гімназія г. Лунінца. Пераходны посах ад леташняга пераможцы дастаўся Дзеду Марозу і яго Снягуркам з СШ №4, як самым запальным персанажам. Конкурсы, танцавальныя флэшмобы, гульні чакалі дзяўчынак і хлопчыкаў. Дзеці былі задаволеныя і радасна адказвалі на пытанні любімых герояў. Кульмінацыйным момантам для ўсіх прысутных стала цырымонія ўключэння святочнай ілюмінацыі на галоўнай гарадской ёлцы. Навагодні настрой створаны, галоўнае – яго не разгубіць.