Дзень бібліятэк! Больш за трыццаць гадоў адпрацавала загадчыцай Дрэбскай сельскай бібліятэкі Галіна Грыневіч
Штогод у нашай краіне 15 верасня адзначаецца Дзень бібліятэк. Гэта дата абраная ў гонар дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі – галоўнага кнігасховішча краіны. Без перабольшвання, гэта прыгожае свята ўсіх, хто мае дачыненне да кнігі і асабліва тых, хто ў наш такі няпросты, насычаны тэхнічнымі інавацыямі час выконвае адказную місію: нясе ў грамадства культуру слова, прапагандуе набыткі айчыннай і сусветнай літаратуры, напаўняе ведамі, мацуе духоўнасць і проста робіць жыццё цікавым і насычаным.
Больш за трыццаць гадоў свайго жыцця адпрацавала загадчыцай Дрэбскай сельскай бібліятэкі Галіна Грыневіч. Памятаю, з якім задавальненнем мы, тады яшчэ падлеткі, спяшаліся да Галіны Мікалаеўны ў яе кніжнае царства, дзе чакалі новыя незвычайныя сустрэчы з літаратурнымі творамі. Здавалася, што невялічкі, але вельмі ўтульны пакойчык ледзьве змяшчаў наведвальнікаў, у ім заўсёды было мнагалюдна. Чытачы заходзілі сюды, каб не толькі абмяняць кніжкі, але і пагуляць у шашкі, шахматы, лато, разнастайныя віктарыны. Дзеці і дарослыя займаліся ў гуртках, клубах па інтарэсах, якія дзейнічалі пры бібліятэцы. Асаблівай папулярнасцю карыстаўся лялечны гурток. Якіх толькі пастановак разам з Галінай Мікалаеўнай не ставілі! Тады яна здавалася нам чароўнай казачнай феяй, якая нейкім неверагодным чынам умела кожнага заахвоціць да чытання.
Чулая, абаяльная, ветлівая, бібліятэкар ставілася да наведвальнікаў з вялікай павагай, умела выслухаць, а калі патрэбна, то і даць слушную параду. І зараз, нягледзячы на тое, што Галіна Грыневіч даўно знаходзіцца на заслужаным адпачынку, удзячныя землякі з асаблівай пяшчотай і замілаваннем узгадваюць пра яе. Ды і яна памятае пра кожнага свайго чытача, а іх было больш за 400 чалавек.
– Жыхары Дрэбска заўсёды любілі чытаць, – гаворыць жанчына. – Для састарэлых землякоў прыносіла кнігі на дом, праводзіла шмат культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў для вяскоўцаў. Працяглы час цесна працавалі ў тандэме з дырэктарам сельскага клуба Нінай Казун, якой, на жаль, ужо як год няма разам з намі. Гэта былі надзвычай цікавыя і плённыя гады майго жыцця.
Галіна Мікалаеўна нарадзілася ў Дрэбску ў 1946 годзе і свайму роднаму куточку, мясцовым людзям яна прысвеціць усё жыццё. Неяк у дзяцінстве Галя пачула па радыё выступленне славутай Лідзіі Русланавай. Песні рускай спявачкі так запаланілі душу дзяўчынкі, што вырашыла ў будучым абавязкова стаць артысткай. Займалася ў драматычным гуртку, хораша спявала на клубнай сцэне “Валенки”, пасля заняткаў бегла ў бібліятэку, загадчыцай якой працавала яе матуля Алена Кузняцова. Тут, сярод кніжных паліц, Галіна пераносілася ў непаўторны ад уражанняў свет. Акуратненька, паклаўшы на стол растрапаную кніжку, дзяўчынка з замілаваннем прыклейвала адарваныя старонкі, прымацоўвала вокладку. Ёй надзвычай падабалася атмасфера, што панавала ў бібліятэчным пакойчыку, такая незвычайная і таямнічая. Мажліва, творчы, няўрымслівы характар маці, яе прафесія паўплывалі на светаўспрыманне Галіны. У свой час яна закончыць Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум і вернецца на малую радзіму, каб прывіваць вяскоўцам любоў і пашану да мастацкага слова. Бо толькі гэтыя рэчы і робяць чалавека сапраўдным грамадзянінам сваёй краіны.
Галіна Мікалаеўна працягнула высакародную справу матулі. Варта адзначыць, што менавіта Алена Пятроўна стаяла ля вытокаў стварэння культурнай установы ў вёсцы. Жанчына прыгадвае, што, паводле слоў яе матулі, у пасляваенныя гады бібліятэка дзейнічала пры сельскім Савеце. Праўда, адсутнічаў вольны пакой, таму проста ў калідорчыку паставілі шафу з кнігамі. Літаратуры на той час было зусім мала. Усяго толькі 40 экзэмпляраў кніг. Зато якія: Віктар Гюго “Собор Парижской Богоматери”, Жорж Санд “Консуэло”, Мікалай Гогаль “Вечера на хуторе близ Диканьки”… А вось з дзіцячымі выданнямі існавалі пэўныя цяжкасці. Некалькі больш-менш адукаваных вяскоўцаў наведвалі бібліятэку. Тады яшчэ не карысталіся абанементам і карткамі. Чытачы, што бралі кніжкі дахаты, запісваліся ў звычайны сшытак. Пазней бібліятэка атрымае асобнае памяшканне, кніжны фонд павялічыцца да 25 тысяч экзэмпляраў.
– Ведаеце, я вельмі любіла сваю справу, – гаворыць Галіна Мікалаеўна. – Заўсёды з задавальненнем крочыла на работу і зусім не шкадую, што засталася ў вёсцы. Праўда, быў час, калі на пэўны тэрмін пакідала родныя мясціны, жыла на радзіме маці ў Новасібірску, але цягнула маё чароўнае Палессе, таму я і вярнулася ў Беларусь. Тут мая душа!
У 2002 годзе Галіна Грыневіч пайшла на заслужаны адпачынак. За сваю плённую і шматгадовую працу яна ўдастоена шматлікіх грамат. Але галоўная для яе ўзнагарода – гэта пашана і павага аднавяскоўцаў, а яшчэ ўсведамленне таго, што людзі па-ранейшаму цягнуцца да кнігі. Сёння яе дзейнасць годна працягвае Людміла Карповіч, якая таксама ў любімую бібліятэчную справу ўкладвае ўсю сваю душу.
Галіна Мікалаеўна шмат чытае, кожны яе новы дзень абавязкова пачынаецца з гімнастыкі. Яшчэ яна – заўзятая аматарка здаровага ладу жыцця, штораніцы аблі-ваецца вадой, наталяючыся ад прыроды пазітывам і цудоўным настроем і зусім не разумее слова “сум”. Кожны яе новы дзень напоўнены сэнсам.
Кацярына Яцушкевіч
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram