Ганаровы грамадзянін Лунінецкага раёна Іван Панасюк. Акрылены пяшчотай роднай зямлі
КультураМикашевичиНовости районаОбществоОбразование

Ганаровы грамадзянін Лунінецкага раёна Іван Панасюк. Акрылены пяшчотай роднай зямлі

Шчасце, што ёсць сярод нас такія людзі, жыццё якіх – незвычайны прыклад самаадданага служэння сваёй Радзіме, адказнасці, сумленнасці і высакароднасці. Яны нібыта той светач, што азарае паўсядзённасць сваім нязгасным святлом, несучы парасткі духоўнасці і прыгажосці ў нашу рэчаіснасць. Іх агмень душы гарыць ярка, утрапёна і непаўторна. Да кагорты такіх неабыякавых асоб з поўным правам можна аднесці і Івана Панасюка – чалавека не проста па сваёй натуры неардынарнага, творчага, няўрымслівага, краязнаўца і даследчыка, а Настаўніка з вялікай літары, які выхаваў не адно пакаленне моладзі.

Больш за сорак гадоў ён рупіўся на адукацыйнай ніве, выкладаў нямецкую мову, чарчэнне і фізічную культуру, прывіваў падрастаючаму пакаленню любоў да сваёй малой радзімы, займаючыся з хлопчыкамі і дзяўчынкамі ў створаных групах ваенна-патрыятычнага накірунку “Пошук” і “Памяць”, вучыў дзяцей бачыць хараство роднай прыроды праз аб’ектыў фотаапарата. Ён з’яўляецца аўтарам 18 кніжак, чатырнаццаць з якіх прысвечаны Лунінеччыне. Нядаўна нашаму земляку прысвоена пачэснае званне “Ганаровы грамадзянін Лунінецкага раёна”, якое ён прыняў з вялікай удзячнасцю і вельмі расчулена. Іван Аляксеевіч надзвычай сціплы чалавек, які ніколі не ганяўся за ўзнагародамі, аддаваў усяго сябе цалкам любімай справе, школе, вучням, прысвячаў свае працы Лунінецкаму Палессю, якое стала родным і мілым сэрцу куточкам на зямлі.

Ён нарадзіўся ў пасляваенны час на хутары Лыпкі непадалёку ад знакамітай вёсачкі Астрамечава ў Брэсцкім раёне. Успаміны пра сваё шчаслівае дзяцінства, напоўненае сакавітым водарам спелых антонавак і ранетак, што раслі ў вялікім бацькоўскім садзе, Іван Аляксеевіч пранясе праз усе свае гады і потым апіша ў аўтабіяграфічнай кнізе “Жыццё маё, ці ж ты прыснілася мне?”. Менавіта ў той непаўторны час і пачаў фарміравацца характар маленькага хлопчыка, які любіў бавіць час у пра-дзедавай кузні, а яшчэ – слухаць расказы бацькі-франтавіка, які вярнуўся з Вялікай Айчыннай вайны інвалідам першай групы. Іванка на той час яшчэ не зусім усведамляў, праз якія страшныя пакуты і выпрабаванні наканавана было прайсці яго роднаму чалавеку, каб сын жыў пад мірным і спакойным небам, але і сёння прыгадваецца, як моцна крычаў у сне тата, прымроіўшы страшныя жахі ваеннага ліхалецця. Ужо потым, пасталеўшы, Іван Аляксеевіч частку свайго жыцця прысвеціць пошукавай дзейнасці, узнаўляючы старонкі біяграфіі савецкіх воінаў, што вызвалялі краіну ад нацысцкіх захопнікаў. З цягам часу на свет з’явіцца яшчэ адно выданне пад назвай “Пісьмы каман-дзіраў”.

Ён рана пачаў працаваць. Суразмоўца прыгадвае, што дапамагаць калгасу пайшоў, калі вучыўся ў чацвёртым класе:

– Як сёння памятаю, гэта быў далёкі 1959 год. У мясцовай гаспадарцы вялося будаўніцтва дзвюх канюшань і рабочыя рукі вельмі былі дарэчы. З таварышамі садзіўся на грузавую машыну і з задавальненнем ехаў на цагельню ў Вялікіх Зводах. Загружалі там яшчэ цёплую цэглу чырвонага колеру, ехалі назад, асцярожна яе выгружалі і так за дзень рабілі рэйсаў чатыры-пяць. Дамоў прыходзіў стомлены, але шчаслівы. Ніхто тады і не думаў скардзіцца, што праца была цяжкай. Кожны хваляваўся, перажываў, каб хоць брыгадзір назначыў на гэтую работу… А колькі было гонару ад таго, што мы дапамагаем калгасу і, канечне, сваім бацькам. Здаецца, гэтыя пабудовы існуюць і па сённяшні дзень побач з сучаснымі. На конях абворвалі палеткі з калгаснай бульбай, баранавалі і ўзрыхлялі глебу “драпакамі”, касілі коннымі касілкамі пахучае сена і канюшыну, якую праз дзён 7-8 звозілі вазамі ў стажкі або на вышкі ў былы амбар пана Пузына. У 8-9 класах працавалі на конных граблях, а ў 10-11-ых – былі памочнікамі камбайнераў. Вось гэтая праца ўжо добра аплачвалася як грашыма, так і збожжам. Кожны з нас да 1-га верасня і на зіму прыдбаў модныя па тых часах курткі з шалевым натуральным цыгейкавым каўнерам і нават зімовыя цёплыя чаравікі знакамітай чэшскай фабрыкі „ZEBO“. Я сабе купіў у магазіне „Культтавары“, што знаходзіўся на малым рынку Брэста, гадзіннік „Kама“. А ў жніўні 1961 года ў якасці ўзнагароды за ўдзел у калгаснай працы летам і як сын інваліда Вялікай Айчыннай вайны 1-ай групы атрымаў пуцёўку на тры тыдні ў піянерскі лагер на беразе цудоўнага возера Селяхі.

Успаміны дзяцінства яркія, хвалюючыя і незабыўныя, якія прыходзяць да Івана Аляксеевіча ў снах, раз-пораз вярэдзяць душу і сэрца. Ён часта ў думках вяртаецца ў роднае Астрамечава, найпрыгажэйшы ў свеце куточак бацькоўскай зямлі, на якой раслі самыя смачныя вішні і чарэшні і дзе ў росных лугах на Купалле купалася сонейка. З замілаваннем прыгадвае вучобу ў Астрамечаўскай сярэдняй школе, якой сёлета спаўняецца 158 год. Ён заўсёды віншуе са святамі, юбілеямі калектыў настаўнікаў і вучняў. Прыгадвае, што яго любімым прадметам была геаграфія, якую выкладала цудоўная настаўніца Лідзія Паўлаўна Уюн. Яна і прывіла хлопчыку любоў да прыроды. Не дзіўна, што пасля заканчэння школы юнак вырашыў паступаць на геаграфічны факультэт Брэсцкага пед-інстытута. Аднак спроба аказалася няўдалай.

– Быў надта вялікі конкурс, больш за пяць чалавек на месца, – прыгадвае настаўнік. – Атрымаў 13 балаў з 15. Гэта была мая першая і апошняя спроба стаць выкладчыкам геаграфіі.

Забягаючы крышачку наперад, адзначу, што ў 1984 годзе мой суразмоўца закончыў завочна Мінскі інстытут замежных моў па спецыяльнасці выкладчык нямецкай мовы. Нягледзячы на гэта, усе гады сваёй працы ў школе Іван Аляксеевіч быў звязаны з геаграфіяй роднага краю.

– Дзякуй Богу, займаюся прырода-знаўчай і краязнаўчай дзейнасцю і па сённяшні дзень, – адзначае ветэран педагагічнай працы.

На Лунінеччыну, якая стала для яго другой радзімай, юнак прыехаў у далёкім 1965 годзе, уладкаваўся на работу настаўнікам фізічнай культуры і чарчэння ў Вялуцкую васьмігадовую школу. Праз год была тэрміновая служба ва Узброеных Сілах у ВМФ СССР, падчас якой малады мужчына асвоіў прафесію вадалаза “трохбалтовага” снаражэння. Іван Аляксеевіч з асаблівай цеплынёй прыгадвае армію, флот. Аб моры, прыгожым і такім недасяжным, мроіў з дзяцінства. Дарэчы, ён і сёння апранае цяльняшку, як напамін аб тых незабыўных днях, а фотаздымак маракоў вісіць на самым пачэсным месцы. Дэмабілізаваўшыся, працягнуў сваю працоўную дзейнасць у Бродніцкай васьмігодцы.

– Браднічан заўсёды ўспамінаю добрым словам, – гаворыць суразмоўца. – Я кватараваў у цудоўных лю-дзей – мнагадзетнай сям’і Ермалёнкаў – Марыі і Франэка, якія выгадавалі 11 дзяцей. З імі жылі яшчэ і дзядуля з бабуляй. Гаспадар сям’і – майстар на ўсе рукі. Ён быў і сталяр, і муляр, і тынкоўшчык, валодаў шматлікімі спецыяльнасцямі. Падумайце, такая вялікая сям’я ўзяла яшчэ і мяне на кватэру. Вось у каго можна павучыцца сапраўднаму выхаванню дзяцей, павагі да родных і блізкіх, сваіх землякоў і настаўнікаў. Асабліва запомніліся мне іх адносіны да працы, у кожнага было сваё кола абавязкаў, ніхто з іх ніколі не гультайнічаў.

Потым Іван Панасюк пераехаў у Велуту, дзе ў вясковай школе настаўнічаў на працягу 14 гадоў. Тут адбыліся знакавыя падзеі ў яго лёсе: узяў шлюб з каханай Ларысай Канстанцінаўнай, настаўніцай геаграфіі і біялогіі, а праз пэўны час нарадзілася доўгачаканая дачушка Марынка. Шчаслівы Іван Аляксеевіч акрамя ўрокаў быў заняты пазакласнай і гуртковай работай. З’яўляўся кіраўніком групы “Пошук”. Са старшакласнікамі прайшоў дзясяткі кіламетраў дарог па партызанскіх сцяжынках легендарных народных мсціўцаў.

– Ніколі не забудуцца паездкі ў гарады-героі Севастопаль, Мінск, Брэсцкую крэпасць-герой, а таксама ў Ялту і Сімферопаль. Запомнілася экскурсія на пачатку 80-ых гадоў у Маскву, дзе 9 Мая сустракаліся з ветэранамі атрада асобага прызначэння “Барацьбіты” і яго легендарным камандзірам Дзмітрыем Паўлавічам Распопавым, больш чым 30 лістоў ад якога захоў-ваю па сённяшні дзень, – адзначае даследчык.

Дарэчы, ваенна-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення настаўнік надаваў вялікую ўвагу і значэнне, лічачы, што толькі на ўласным прыкладзе можна прывіць у дзяцей любоў і павагу да сваёй Бацькаўшчыны, і ён для гэтага рабіў усё магчымае.

У 1981 годзе Іван Аляксеевіч з сям’-ёй пераехаў у Лунінец, дзе працягнуў сваю працу ў школе-інтэрнаце. Дзеці з задавальненнем наведвалі фотагурток пад яго кіраўніцтвам і займаліся разам са сваім выкладчыкам даследчай дзейнасцю. Варта адзначыць, што намаганнямі педагога ў навучальнай установе быў створаны краязнаўчы музей. Пасля закрыцця школы-інтэрната выкладаў разам з жонкай Ларысай Канстанцінаўнай у СШ №2 г. Лунінца.

– З 1993 года з вучнямі 8 класа стварылі гурток “Юныя сябры прыроды”, – працягвае гаворку настаўнік. – Мы спалучалі карыснае з прыемным. Часта выязджалі на веласіпедах за горад, вучыліся практычнаму фатаграфаванню, здымаючы краявіды прыроды, матылькоў, мурашоў, жукоў, птушак і, несумненна, адзін аднаго. Па прыезду, праяўлялі нашы знятыя чорнабелыя фотаплёнкі, каляровыя толькі з’явіліся, потым іх аддавалі ў фоталабараторыю. Вечарам праглядалі негатывы праз праектар, знаходзілі памылкі, разбіралі іх. Дзецям вельмі падабалася, прыемна было назіраць, з якім захапленнем свяціліся іх вочы.

Колькі маладых людзей за гады сваёй працы выхаваў Іван Аляксеевіч, падлічыць цяжка! У кожным вучні ён найперш бачыў асобу, індывідуальнасць, валодаў уменнем раскрываць здольнасці падлеткаў. У педагагічнай дзейнасці Іван Аляксеевіч ніколі не стаяў на месцы, знаходзіў новыя формы і метады выкладання, пракладваючы сцежку да кожнага юнага сэрца. Ён быў і застаецца Настаўнікам, які працягвае перадаваць свае талент і веды маладому пакаленню лунінчан.

– Маё крэда нязменнае: выхоўваць моладзь сумленнымі, добразычлівымі грамадзянамі нашай Рэспублікі Беларусь, – гаворыць Іван Аляксеевіч. – Каб любілі нашу ласкавую родную беларускую мову, гісторыю і прыроду палескага краю, паважалі дасягненні папярэднікаў, зберагалі ўсё, створанае працавітымі і беражлівымі продкамі, каб памяталі старажытныя беларускія традыцыі і абрады.

У нашага знакамітага земляка гэта цудоўна атрымліваецца. Нягледзячы на свой шаноўны ўзрост, сёлета ў красавіку Іван Панасюк адзначыў 77-мы год нараджэння, ён працягвае даследчую дзейнасць, выдае кнігі, займае актыўную жыццёвую пазіцыю, з’яўляючыся сапраўдным патрыётам Лунінеччыны.

Кацярына Яцушкевіч. Фота аўтара.

Подписывайтесь на наш канал в Telegram



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть