«Калядная казка» — для дарослых і дзетвары
IV калядная гульня Клуба Вясёлых і Знаходлівых на кубак старшыні раённага выканаўчага камітэта сабрала на сцэне гарадскога Дома культуры 6 каманд. Паказаць сваю дасціпнасць у жартах выказалі жаданне “Палата №6” (цэнтральная раённая бальніца), “Розныя людзі” (дзяржаўны прафесіянальна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці), “Камедзі клас” (аддзел адукацыі спорту і турызму), “Зялёнае святло” (клуб чыгуначнікаў), “Паміж намі” (СШ №4), і “Планы на лета” (настаўніцкая зборная школ г. Мікашэвічы).
Забягаючы наперад, адзначу, што першыя 4 каманды – з ліку “старажылаў”, дзве апошнія – дэбютанты, але гэта ніколькі не перакрэслівала шанцаў на перамогу. Наадварот, “Паміж намі”, на мой погляд, найбольш адпавядала зададзенай тэме “Каляднай казкі” і ўпэўнена трымалася сярод лідараў у вядучых конкурсах. У пэўным сэнсе лёсавызначальнымі сталі для каманды візітоўка “Мы гатовы зоркамі назвацца” і конкурс-біятлон “Сялёдка пад шубай”.
Спадабалася “Камедзі клас” – перш за ўсё, імкненнем будаваць выступленне і жарты на мясцовым матэрыяле. І няхай сабе некаторыя з іх былі пазычанымі ў знакамітых “Уральскіх пяльменяў”, але яўрэйскі Дзед Мароз у выкананні навічка каманды Максіма Янкевіча быў вельмі запамінальным, як, зрэшты і ўрач-псіхіятр, у ролі якога выступіў Уладзімір Калянковіч. А яшчэ настаўнікі падарылі такі светлы настрой, што ва ўнісон з імі вельмі хацелася, звяртаючыся да ўсіх, хто сабраўся ў зале, усклікнуць: “Калегі! Як нам хочацца вас усіх абняць!”.
На мяжы “фолу” былі некаторыя жарты “Зялёнага святала”, але “Бальнік” у выкананні Андрэя Канапацкага, які на кароткія імгненні паказаўся на сцэне, выклікаў у зале шчыры рогат. У цэлым жа каманада, і гэта нельга было не заўважыць, здала свае пазіцыі. Трэба спадзявацца, што наступны сезон будзе для яе больш удалым.
Такое ж пажаданне варта даслаць і “Планам на лета: мікашэвіцкія настаўнікі зрабілі выдатны задзел, які абавязкова будзе мець плённы “КВЗоўскі” працяг.
Прыкметна вышэйшым мог быць патэнцыял “Палаты №6”. І ўсё ж, трэба аддаць даніну павагі медыкам: іх зразумелая аддаленасць ад мастацтва ў звычным яго разуменні і імкненне, нягледзячы на занятасць, знайсці час для рэпетыцый, а таксама старанні старшыні прафкама і жансавета Наталлі Рагажынскай, якая з’яўляецца арганізатарам і натхняльнікам каманды, заслугоўваюць самых шчырых слоў захаплення. Тым больш, што вельмі пераканаўча гучаў рэфрэн: “Я ночами плохо сплю, но работу я свою люблю…”.
Пацвердзіў свой клас мінулагодні пераможца турніра – каманда сельскагаспадарчага каледжа “Розныя людзі”. Яна ж мела выдатную падтрымку ў выглядзе балельшчыкаў, сярод якіх нельга было не заўважыць дырэктара І.М. Раковіча. Нягледзячы на тое, што на сцэне члены каманды рызыкавалі інсцэніраваць ці агучыць некалькі “барадатых” анекдотаў і жартаў, зроблена гэта было настолькі па-майстэрску, што на такую дробязь не хацелася звяртаць увагу.
Можна толькі здагадвацца, у якой складанай сітуацыі апынулася журы, у складзе якога былі намеснікі старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч (старшыня) і Анатоль Захаркевіч, пракурор Аляксандр Карлюк, старшыня аб’яднанага прафсаюза Ігар Гапон і ваша пакорлівая слуга. І ўсё ж, па колькасці набраных ва ўсіх конкурсах балаў пераможцай стала каманда “Розныя людзі” (дзяржаўны прафесіянальна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці). Не засталіся без падарункаў і ўсе астатнія ўдзельнікі гульні. Па традыцыі заснавальнікам прыза лепшаму іграку турніра стала раённая газета “Лунінецкія навіны”. Сёлета яго атрымала капітан каманды “Паміж намі” (СШ №4 г. Лунінца) Вольга Паўловіч.
Застаецца толькі падзякаваць усіх, хто напярэдадні Старога Новага года падарыў такое запамінальна-шчырае і казачна-неверагоднае свята і дадаць, што з роляй вядучага КВЗ у чарговы раз выдатна справіўся загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі адпаведнага аддзела райвыканкама Сяргей Молчан.
Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ