Хіт продажу — бульба
«Дзе двое – там рынак, трое – базар, а сямёра – кірмаш», – так сцвярджае старадаўняя прымаўка.
У Лунінцы ў духу лепшых беларускіх традыцый на адной з цэнтральных вуліц горада – Савецкай – разгарнуліся гандлёвыя рады з агароднінай, збожжам, саджанцамі пладова-ягадных дрэўцаў. Дзень парадаваў сонечным надвор’ем, таму і людзей сабралася нямала. Між гандлёвымі радамі хадзілі пакупнікі з вялікімі сумкамі, веласіпедамі, каляскамі, ацэньваючы таварны выгляд і кошт патрэбнай прадукцыі.
У асноўным яе прапанавалі мясцовыя сельгаспрадпрыемствы і арганізацыі, аднак былі і заезджыя прадаўцы. Не першы год завітваюць з Брэста рэалізатары абутку айчынных вытворцаў:
– Летась у вас гандлявалі, – прыгадвае прадавец, – засталіся задаволенымі. Спадзяемся, што і на гэты раз зможам задаволіць пакупнікоў асартыментам і цэнамі.
Сёлета ў гадавальніку Івана Яраховіча з Галага Бору вырашчана больш як 16 тысяч саджанцаў пладова-ягадных дрэўцаў, якія карыстаюцца попытам як у нашым раёне, так і ў іншых рэгіёнах Брэстчыны.
– З самага ранку крыху сумна было, народ часцей збіраўся каля машын з агароднінай, а зараз і да нашай прадукцыі пачалі праяўляць цікавасць, што несумненна радуе, – дзеліцца ўражаннямі Іван Арцёмавіч.
Чаго толькі не было на кірмашы! Бульба, збожжа, цыбуля, морква, буракі, капуста, журавіны, мёд – на кожны тавар быў свой пакупнік. Многія сельгаспрадпрыемствы да 9 гадзін паспелі амаль цалкам распрадацца. Так, у СВК “Новае Палессе” тры машыны накіраваліся ў гэты час дамоў.
– Выдатны сёння гандаль, – расказвае дырэктар “НВК “Палессе” райспажыўтаварыства Іван Соц. – Цыбуля па 3400 рублёў ідзе “з колаў”. За ячменем, пшаніцай і трыцікале дадатковы рэйс нават давялося рабіць, ды і бульба нядрэння прадаецца.
Што датычыць “другога хлеба”, дык менавіта ён стаў хітом продажу. Вялізныя чэргі ўтварыліся ля машын фермерскіх гаспадарак “Чырэц” і “Юліян”. Цэны і якасць фермерскага ўраджаю вельмі радавалі пакупнікоў, а вось неабходнасць чакаць у многіх выклікала незадавальненне:
– Зрабіце фотаздымак чаргі, – даносілася з натоўпу. – І гэта кірмаш называецца, што толькі пару машын з бульбай, і не факт, што ўсім хопіць…
– Дакладна арганізавала работу міліцыя, дазваляючы ўласнаму транспарту пад’язджаць да месца закупкі агародніны і збожжа.
– Прыйшла за цыбулей, але 4 тысячы рублёў за кілаграм – занадта дорага для мяне, – паскардзілася пенсіянерка Валянціна Рыгораўна.
Акрамя агародніны, у гэты дзень шырока быў прадстаўлены гандаль і іншымі таварамі. Чарга назіралася за рыбай, якую прывезлі з рыбгаса «Лахва». Самы ж вялікі таўсталобік прапаноўвалі работнікі СВК “Гарадоцкі” – рыбіна ледзь памясцілася ў ванначцы і прыцягвала ўвагу многіх, але купіць яе ніхто не адважваўся. Індакачкі з СВК “Хваецкае” і трусаняты лунінцкага прыватніка “ажыўлялі” кірмаш. Мясныя, каўбасныя вырабы і паўфабрыкаты на розны густ прапанавалі спажыўцам гандлёвыя і перапрацоўчыя прадпрыемствы.
«Разбягаліся» вочы ад хлебабулачных, кандытарскіх і кулінарных вырабаў. Іх прапаноўвалі хлебазавод, філіялы райспажыўтаварыства і ДОРОРС. Жадаючыя маглі набыць і гаспадарчыя прылады, а таксама сувенірную прадукцыю.
Пах шашлыкоў вабіў да сябе, таму і пустых столікаў у кафэ на адрытым паветры, у якое ператварылася Прывакзальная плошча, станавілася ўсё менш. Падбадзёрвалі людзей са сцэны калектывы “Світанак” і “Крынічанька”, салісты мастацкай самадзейнасці гарадскога і сельскіх дамоў культуры.
У раёне аўтастанцыі сабраліся ў асноўным дачнікі, якія спадзяваліся набыць угнаенне для сваіх участкаў. Аднак, не ўсім пашанцавала. Пакупнікоў аказалася больш, чым прадаўцоў.
І ўсё ж, восеньскае свята атрымалася яркім і насычаным. Прыемна, што агульныя ўражанні, нягледзячы ні на што, засталіся цёплымі. Шматлікія пакупнікі ішлі з гандлёвых радоў задаволеныя сваімі пакупкамі, а гандляры – прыбыткам. Час, адведзены для кірмашу, праляцеў незаўважана. Таму невыпадкова пазней паявілася пэўнае жаданне, каб наступны сельскагаспадарчы кірмаш 17 лістапада прайшоў з яшчэ большым размахам, з новымі ўдзельнікамі і прапановай прыпасаў на зіму.