Кніга ад юбіляра
Убачыла свет новая кніга Мікалая Прасмыцкага “Пасля пекла”. “Я выконваю самае галоўнае, самае высокае абавязацельства, якое паставіў перад сабой: праўдзіва апавядаю нашчадкам пра тое, як выпадкова выжыў … у пекле канцэнтрацыйнага лагера “Лясная”, дзе было забіта і закатавана больш як 88 тысяч такіх жа, як усе мы, суайчыннікаў”, — піша аўтар у прадмове да кнігі.
Мікалай Прасмыцкі – чалавек на Лунінеччыне добра вядомы. Нарадзіўся ён у вёсцы Буйнічы пад Магілёвам. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яму было ўсяго 8 год. Гэты час М.А. Прасмыцкі назваў сапраўдным пеклам. Разам з сям’ёй хлопчык трапіў у Магілёўскую турму, адкуль быў вывезены ў канцэнтрацыйны лагер…
З лагера ўдалося вырвацца. Выратавалі сям’ю Прасмыцкіх жыхары в. Чамялы Тамаш і Ганна Беленькія.
Пасяліліся на невялікім хутары, што згубіўся ў лесе. Тут сустрэлі Перамогу…
Потым было працоўнае жыццё. З чэрвеня 1981 года М.А. Прасмыцкі працаваў у Лунінецкім раёне першым сакратаром райкама КПБ. Адзначаючы ўласны 80-гадовы юбілей, Мікалай Аляксандравіч вяртае чытачоў у не такое і далёкае мінулае, узгадвае тагачасную палескую глыбінку і людзей, якія былі паплечнікамі і падтрымлівалі ўсе пачынанні новага кіраўніка.
Праз пэўны час у раёне можна было заўважыць перамены да лепшага. Тагачасны аператар па вырошчванню парасят калгаса “Расія” Яўгенія Коўшык у час адной з сустрэч з першым сакратаром не прамінула заўважыць: “Раней нашай галоўнай заяўкай гандлёвым работнікам былі гумовыя боты, а цяпер – модныя туфлі”. Гэтая радавая, здавалася б, дэталь гаварыла пра многае. “Вось глядзіце, поле – ля асфальтаванкі. Па выдатнай дарозе людзі едуць на работу, і не чароты стаяць цяпер каля брудных, размытых дажджамі дарог, а да самага далягляду шуміць, калосіцца збажына, – з захапленнем гаварыў аднойчы старшыня таго ж калгаса “Расія” Мікалай Канюшык.
Безумоўна, перамены, якія адбывалі-ся ў гэтым самабытным краі, радавалі не толькі першага сакратара райкама КПБ, але і яго аднадумцаў. Такіх, як старшыні райвыканкама Васіль Літвінчук, Пётр Туміла, Пётр Скарабагацька… Закончыўшы Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС, Мікалай Прасмыцкі валодаў глыбокімі ведамі, якія ўкараняў у вытворчасць. І цяпер з удзячнасцю ўзгадвае Мікалай Аляксандравіч прозвішчы кіраўнікоў гаспадарак, якія вельмі дапамагалі яму ў працы.
Сапраўдным энтузіястам, знатаком бульбаводства лічыўся старшыня калгаса “Шлях да камунізму” Аляксандр Вярэніч. Бульбяное поле ў гэтай гаспадарцы нагадвала доследны ўчастак, бо вырошчвалася тут ажно 20 гатункаў клубняў. Адзін з іх “Беларускі ранні” даў па 520 цэнтнераў з гектара!
У тыя гады ў раёне быў атрыманы самы высокі ўраджай гэтай культуры – у сярэднім па 311 цэнтнераў клубняў з гектара. Па выніках рэспубліканскага спаборніцтва Лунінецкі раён у 1986 годзе заняў першае месца, а першы сакратар РК КПБ Мікалай Прасмыцкі быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага сцяга.
Гэтага чалавека ведалі, як працавітага кіраўніка, і мала хто здагадваўся, што ў вольную хвіліну ён з задавальненнем піша вершы.
Проходят гордо
по земле крестьяне,
Неся, как жизнь,
зерно из века в век…
И как малыш
ручонки тянет к маме,
Так к хлебу
тянет руки человек.
Уладзімір Ерамінок, які маладым журналістам працаваў у той час у Лунінецкай раёнцы, гаворыць:
– Я разумею Мікалая Аляксандравіча, які выказаў жаданне менавіта тут , сярод дбайных цярплівых і мудрых людзей знайсці прымяненне сваім ведам і вопыту. Зразумее гэта кожны, каму ў рукі трапіць гэтае незвычайнае выданне. Дзякуй аўтару за кнігу.
Прэзентацыя кнігі прайшла ў Брэсце і Жабінкаўскім раёне, дзе Мікалай Прасмыцкі працаваў спачатку дырэктарам саўгаса, а потым – старшынёй райвыканкама.
– З нецярплівасцю чакаем, калі паважаны ветэран завітае на Лунінеччыну, сустрэнецца з людзьмі, з якімі побач працаваў і пра якіх напісаў нямала добрых радкоў, – дзеліцца спадзяваннямі старшыня раённага савета ветэранаў Надзея Лазіцкая.
Пробилась жизнь, чтобы поэту
Сказать: вернется счастье вновь.
Тьма помешать не может свету,
Луч солнца вечен, как любовь.
Гэтыя аптымістычныя радкі вянчаюць новае выданне Мікалая Прасмыцкага – кнігу, якая безумоўна знойдзе сваіх прыхільнікаў як сярод сталага, так і сярод маладога пакалення.