Каманда Брэстчыны рыхтуецца ў Лунінцы да рэспубліканскай алімпіяды. У яе складзе і лунінчане!
КонкурсНовости районаОбществоОбразование

Каманда Брэстчыны рыхтуецца ў Лунінцы да рэспубліканскай алімпіяды. У яе складзе і лунінчане!

Як мы паведамлялі раней, на базе СШ №2 г. Лунінца пачаліся вучэбныя зборы па падрыхтоўцы каманды Брэсцкай вобласці да заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні.

Ва ўрачыстым адкрыцці бралі ўдзел метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра развіцця агульнай сярэдняй адукацыі Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі Аляксандр Чэркасевіч, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Мікалай Гарадкавец і яго намеснік Людміла Коўшык, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Наварыч, дырэктар школы Эдуард Антановіч і яго намеснік па вучэбнай рабоце Наталля Бойка. Яны віталі юных знаўцаў – Данііла Пілевіча і Уладзіслава Ванюка (СШ №2 г. Лунінец), з Пінскіх СШ: №16 – Сяргея Яруту і №18 – Паўла Кавальчука, а таксама Канстанціна Юхніка з Навасёлкаўскай СШ Пружанскага раёна. Навучэнцаў суправаджалі настаўнікі  Сяргей Карпец, Андрэй Тарэлкін і Эдуард Валасевіч.

Першым слова прадаставілі Аляксандру Чэркасевічу. Нацэльваючы каманду на плённую дзейнасць, ён падкрэсліў, што юнакам пашанцавала трапіць не толькі ў склад зборнай вобласці, але і рыхтавацца на базе аднаго з флагманаў сярод устаноў адукацыі:

– У гэтай школе таленавітыя настаўнікі і працавітыя вучні. Мясцовыя вопыт і веды, тэхнічнае аснашчэнне кабінетаў будуць вельмі дарэчы і стануць годным прыкладам імкнення да лідарства. Спадзяюся, вы паўнавартасна скарыстаецеся да-дзеным шанцам рэалізаваць сябе, ярка і бліскуча заявіўшы на рэспубліцы. Чатыры з вас заканчваюць 11-ты клас, а, значыць, ёсць магчымасць стаць пераможцам і паступіць у ВНУ без экзаменаў.

Аляксандр Мікалаевіч закцэнтаваў асаблівую ўвагу на распарадку дня каманды і разнастайнасці адпачынку, пра які паклапоцяцца адміністрацыя школы і прадстаўнікі аддзела па адукацыі. Зрэшты, кіраўнік ведамства Мікалай Гарадкавец пацвердзіў: са свайго боку зробяць усё, каб падрыхтоўка аказалася максімальна выніковай, а вольны час – цікавым і багатым на пазітыўныя ўражанні. А затым юнакам прапанавалі прайсці невялікае бліц-апытанне. Так, Уладзіслаў Ванюк шчыра прызнаўся, што падчас алімпіяды адчувае хваляванне, але яно праходзіць, як толькі аўтаматычна ўключаецца ў работу. Сакрэт свайго ідэальнага дня раскрыў Данііл Пілевіч: заваяваць дыплом на рэспубліцы! Сяргей Ярута пераканаў, што выказванне “Дарогу адолее той, хто ідзе” не губляе актуальнасці і сёння. Сапраўды, спецыяліст, які бу-дзе пастаянна развіваць тэарэтычныя і практычныя навыкі, зможа дабіцца жаданай мэты. Чаму яго навучыў алімпіядны вопыт, расказаў Павел Кавальчук: паспяхова змагацца з лішнімі эмоцыямі, а яшчэ старацца да любой справы адносіцца спакойна і размерана. “А калі выкладвацца на ўсе 100, вынік не прымусіць сябе доўга чакаць”, – падагульніў Канстанцін Юхнік.

Падрыхтоўка да алімпіяды працягнецца да 24 сакавіка, пасля чаго плануецца аформіць выставу работ юных знаўцаў.

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть