Такі тытул заваяваў навучэнец 31-ай групы сельгаскаледжа Яўген УРБАНОВІЧ!
Традыцыйны абласны конкурс прафесійнага майстэрства сёлета адбыўся ў Драгічынскім раёне. Прадстаўнікі дзевяці каманд змагаліся за ганаровае званне пераможцы. Наш зямляк даў упэўненыя адказы на тэарэтычных іспытах, а потым замацаваў поспех у практычных заданнях.
Перамогу вучня па праву падзяляе настаўнік – майстар прафесійнага навучання Васіль Казун. Безумоўна, складнікамі ўмення можна назваць і вопыт, які Яўген пераймаў ад родных. Яго дзед быў механізатарам у калгасе, бацька – у Вулькаўскім лясніцтве. Трактар стаяў на двары і лічыўся любімай “цацкай” хлопца. З дзяцінства прывітую любоў да тэхнікі юнак вырашыў удасканаліць у нашым каледжы, на аўтарытэт якога пашчыраваў і ў вобласці. У скарбонку ўзнагарод нашай установы дабавіўся Дыплом І ступені ўпраўлення адукацыі аблвыканкама.
– Ці можаш падзяліцца сваёй марай? – пытаюся ў Яўгена.
– Лёгка! – упэўнена адказвае юнак. – Вельмі хацелася б атрымаць вадзіцельскае пасведчанне на права кіраваць транспартам усіх катэгорый.
Мяркуючы па настойлівасці, з якой юнак авалодвае тэхнічнымі ведамі, для яго нескладаным будзе і гэта дасягненне.