Вакол свету
У дзявяты раз на Лунінеччыне прайшоў фестываль тэатралізаваных імпрэз на замежнай мове «Вакол свету». Сваю творчасць і ўзровень валодання мовамі показалі вучні 22 устаноў адукацыі.
Мерапрыемства сабрала ўдзельнікаў і гледачоў у сярэдняй школе №4 райцэнтра. На сцэне актавай залы па-англійску размаўлялі Беласнежка і сем гномаў у выкананні вучняў Мікашэвіцкай гімназіі імя У.Нядзведскага. Маляўніча і займальна прайшла гульня 6 класа СШ №4, якія паказалі выдатную казку Доктара С’юза «Грынч — выкрадальнік Ражства». Мілыя кацяняты з Дварэцкай яслі-сад-сярэдняй школы разгарнулі цэлы мюзікл. Не менш цікавымі пастаноўкамі ўразілі знаўцы нямецкай мовы, літаральна «наступаючы на пяткі» англічанам. Акцёрскім майстэрствам здзівілі вучні Язвінскай СШ з пастаноўкай «Чырвоны Капялюш» на новы лад. Дзяўчынкі з Вялікачучавіцкай школы цудоўна сыгралі герояў «Казкі пра караля-жабяня».
Дыпломам I ступені ва ўзроставай катэгорыі 3-7 класаў адзначаны гаспадары. Узнагароду ІІ ступені атрымалі вучні Багданаўскай, Міжлескай, Язвінскай, Вялуцкай СШ. 3-яе месца ўзялі прадстаўнікі Палескай, Сінкевіцкай, Вялікачучавіцкай школ і Мікашэвіцкай гімназіі імя У. Нядзведскага. Сярод 8-11 класаў на п’едэстал пераможцы ўзняліся юнакі і дзяўчаты з СШ №2 г. Мікашэвічы. Прэтэндэнтаў на серабро не знайшлося. Гімназісты райцэнтра дапоўнілі скарбонку дыпломам III ступені.
У красавіку пераможцы прадставяць раён на абласным конкурсе тэатралізаваных імпрэз на замежнай мове «Асарці».
— Веданне моў дапамагае стаць паспяховым у жыцці, — адзначыла старшыня журы Ала Профіт. — Такія конкурсы накіраваны на папулярызацыю іх вывучэння. Марце, стаўце сабе мэты — і яны абавязкова спраўдзяцца!
Наталля Арашкевіч