Лунінчане атрымалі шмат узнагарод «Радавода»
У парку культуры і адпачынку Брэста ў мінулыя выхадныя прайшоў 9 адкрыты абласны фестываль фальклорнага мастацтва «Радавод» сярод устаноў адукацыі першага рэгіёна.
На абласным фэсце лунінчане годна прадставілі родны раён, сабраўшы шмат высокіх узнагарод. Не пакінулі раўнадушным строгае журы заліхвацкія танцавальныя нумары ў выкананні ўзорнага фальклорнага ансамбля “Сунічка” СШ №1 райцэнтра пад мастацкім кіраўніцтвам Людмілы і Уладзіміра Калянковічаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі прывезлі цэлую скарбонку ўзнагарод. Ансамбль “Сунічка” прызнаны лепшым фальклорным калектывам у вобласці, а таксама яму не было роўных у конкурсе пад назвай “Этнавечарына”. Ногі самі прасіліся ў скокі, настолькі яскрава і віртуозна хлопчыкі і дзяўчынкі танцавалі старажытныя танцы “Субота”, “Падыспань”, “Карапет”. У конкурсе відэа-кліпаў “Берасцейская талакуха” дыпломам першай ступені адзначаны саліст ансамбля Канстанцін Насковіч за песню “Світы місяц”. Таксама высокую ўзнагароду атрымаў відэакліп “Ой, у полі озерэчко”, выканалі які дуэт Канстанціна Насковіча і Софіі Лушчык. Не было роўных нашым артыстам і ў побытавых танцах. Дыпломамі другой ступені ў першай узроставай групе адзначаны Алеся Чарнавокая і Міраслаў Жоглік, дыпломы трэцяй ступені ў чацвёртай узроставай групе – Канстанцін Насковіч і Дар’я Гародка. Дыпломы фіналістаў за выкананне побытавых танцаў атрымалі: – у першай узроставай групе – Міхаіл Магілевец, Дарына Гурбановіч, Арсеній Гнедзька, Ксенія Насковіч, Павел Давід-чук, Маргарыта Кавалец, Іван Міцюк, Ксенія Ганчарова; у другой – Данііл Кацуба, Ганна Бань, Канстанцін Багатка, Марыя Карповіч; у трэцяй – Аляксей Юрцэвіч, Кацярына Макейчык, Яўген Давідчук, Ульяна Багатка, Аляксей Рамановіч, Лізавета Богдан; у чацвёртай – Мікіта Жоглік, Анастасія Пятрэнка, Арцём Рудой, Софія Лушчык.
У намінацыі “Фальварак майстроў” дыпломам першай ступені ўзнагароджаны Цэнтр дзіцячай творчасці г. Лунінца. Удзел у выставе прымалі педагогі Наталля Каховіч, Таццяна Слуцкая, Алена Чарнавокая, Алена Аліферовіч. Дыпломамі другой ступені ў намінацыі “Майстар-клас” заахвочаны Паліна Слуцкая і Багдан Каховіч (аб’яд-нанне па інтарэсах “Чароўная саломка”, педагог Наталля Каховіч). Дыплом другой ступені за майстэрства ў вышыўцы таксама атрымала ўдзельніца аб’яднання па інтарэсах “Умелыя ручкі” Вера Скрыбка (педагог Алена Аліферовіч).
А якія смачныя нацыянальныя стравы былі прадстаўлены на “Радаводзе”! Чаго толькі варты “Пачастунак Чучавіцкі” і “Прысмакі на Багач ад Лунінеччыны”, якія прэзентавалі вучні Вялікачучавіцкай СШ Раман Шумскі, Яўген Муравейка, Дар’я Арашкевіч і Аляксандра Муравейка разам з педагогамі Наталляй Шчатко і Інай Завацкай. Яны атрымалі заслужаную высокую ўзнагароду. Апранутыя ў шыкоўныя нацыянальныя строі, хлопчыкі і дзяўчынкі каларытна прадставілі свой самабытны куточак.
У намінацыі “Бабуліна кухня” дыплом другой ступені прывёз 4-класнік Любанскай СШ Цімафей Аўчарук. Разам з матуляй Таццянай Васільеўнай хлопчык занатаваў старадаўнія рэцэпты нацыянальных страў прабабулі Вольгі Міхайлаўны Дземідовіч у кніжачцы пад назвай “Смачна есці ў мястэчку Лахва”. Што такое “бацы з мясам” і “лашаннікі”, цяпер нават ведаюць у горадзе над Бугам. “Прыязджайце на Палессе, я вас смачна накармлю”, – так гасцінна запрасіў Цімафей удзельнікаў фэсту, падарыўшы журы імбірныя пернікі, спечаныя ў форме герба Лунінецкага раёна.
І на гэтым узнагароды лунінчан не закончыліся. Ганаровага дыплома трэцяй ступені ў намінацыі “Музейны куток” удастоены навучэнцы СШ №1 г. Мікашэвічы імя А.У. Зайчанкі Максім Жыдкоў і Вераніка Есімчык, якія пад кіраўніцтвам педагога Яніны Васільевай правялі цікавую экскурсію па адмысловым музеі, дзе былі прадстаўлены ўнікальныя экспанаты, што захоўваюцца ў роднай школе.
Вось так ярка, велічна і захапляльна нашы юныя таленты прэзентавалі родную сэрцу Лунінеччыну на абласным фэсце, паказаўшы, наколькі непаўторная і самабытная культура існуе ў палескай глыбінцы, захоўваецца і беражліва перадаецца ў спадчыну наступным пакаленням.
Кацярына Яцушкевіч
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram