Бизнес на клубнике: хорошо заработать или понести убытки
У чэрвені ледзь не кожнага жыхара Лунінеччыны цікавяць клубніцы. Бо зарабіць на іх можна рознымі спосабамі: вырасціўшы самастойна, перапрадаўшы на рынках іншых гарадоў, старанна папрацаваўшы на выбарцы або загрузцы машын.
Большасць землякоў займаюцца вырошчваннем клубніц. Праца гэта нялёгкая, патрабуе шмат часу і фінансавых выдаткаў. І калі ў папярэднія сезоны іх стараннасць акуплялася з лішкам, то гэтай вясной умовы надвор’я негатыўна адбіліся на выніку. Чаканні на багаты ўраджай любімых прысмакаў апраўдваюцца далёка не ва ўсіх.
Дварэцкі рынак, як заўсёды, сустракае непаўторным водарам і бясконцай мітуснёй. Але ажыятажу не назіраецца. Каля ўваходу пра высокі попыт сведчыць маленькі аўкцыён каля аўтамабіляў з прывезенай ягадай – кожны жадаючы глядзіць на тавар і агучвае свой кошт.
На клубнику хорошая цена, но ягоды не так и много | Лунинецкий район
Аляксандр з Міжлесся прадаў усяго некалькі скрынак, хаця планаваў, што будзе вазіць буйнымі партыямі:
– На гектарнай плошчы большую частку ўраджаю пашкодзілі замаразкі, далей негатыўна адбілася рэзкае пацяпленне, якое пры высокай вільготнасці паспрыяла развіццю хвароб на кустах. Вярнуць укладанні ў гэтым сезоне не атрымаецца, уся надзея – на будучы год.
Побач Эдуард з Дрэбска пералічвае пустую тару і атрыманыя грошы. Яго плантацыя не пацярпела, ягады вырасла шмат, яна прыгожая і буйная. Частку сабраў, яшчэ столькі ж плануе прывезці ў наступны раз:
– Гэта ўзнагарода за ўпартасць і адданасць справе. У маі ўся сям’я амаль не спала некалькі начэй. Калі тэмпература была вельмі нізкай, палілі вогнішчы, накідвалі больш шчыльныя ўкрыванні са спанбондаў.
Жыхарка Язвінак Валянціна расказвае, што з мужам займаюцца познімі сартамі, кусты яшчэ цвітуць, асноўныя клопаты наперадзе. Вяскоўка хвалюецца, ці будзе спрыяльным надвор’е ў другой палове сезона. Прынесці шкоду могуць град, падтапленні, моцная спякота...
Цяпер адказны перыяд і ў закуп-шчыкаў. Спрэчкі аб тым, што лягчэй – вырасціць альбо перапрадаць – не сціхаюць. Індывідуальны прадпрымальнік Галіна вырашыла адвезці партыю ў сталіцу, грошы на закуп пазычыла ў знаёмых.
– Каб загрузіць тону буйных і добрых клубніц па цяперашнім кошце, трэба патраціць прыкладна 10-13 тысяч рублёў. Калі цана рэзка ўпадзе або прадукцыя акажацца неналежнай якасці, не «даедзе», і я застануся ў «мінусе», – хвалюецца жанчына. – Рызыка вялікая. Разумею, што і на вырошчванне ідзе нямала сіл і сродкаў, але і наш хлеб не такі лёгкі, як можа падацца на першы погляд.
У Дварцы можна сустрэць шмат жадаючых падзарабіць на загрузцы тавару. Калі ягад шмат, то і цэннік высокі. Пакуль што ў іх дапамозе маюць патрэбу адзінкі. Закранула праблема і работнікаў, якія звычайна працуюць на выбарцы: цяпер мала ягад – малы попыт.
У апошнія гады вытворцы актыўна ўкараняюць новыя тэхналогіі. Здзіўляюць разнастайнасць метадаў вырошчвання і выдатны вынік. Усе, з кім пагутарылі на рынку, сцвярджаюць, што 2025-ты аказаўся няпростым. Але народ у нас працавіты, не баіцца цяжкасцей. Мяркуючы па размовах у коле прадаўцоў, ніхто не збіраецца адмаўляцца ад салодкага бізнесу. Бо з ім звязана больш чым паўвекавая гісторыя Лунінеччыны, на карысных вітамінах вырасла не адно пакаленне землякоў. Ёсць упэўненасць, што брэнд раёна і надалей будзе галоўнай культурай на агародах мясцовых жыхароў.
Марыя ЯРАХОВІЧ. Фота аўтара.
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram