Культура

Мая бяроза

береза

Зноў прыйшла вясна. Пасвятлела не толькі на вуліцы, але і ў душах людзей. Адчулі цяпло птушкі, дружна і весела зашчабятаўшы на тонкіх галінках. Дрэвы адгукнуліся на яркія сонечныя промні – маленькія пупышачкі набухлі, гатовыя вось-вось пырснуць і распусціцца клейкімі лісточкамі.

Сустракае новую вясну і мая бяроза. Яна расце на малой ра-дзіме, побач з мамінай хатай. Не ведаю, колькі ёй год, але ў бабуліным дзяцінстве яна ўжо была гнуткай прыгажуняй.
Даўно няма бабулі, маміны віскі пабялелі ад часу і жыццёвых нягод, сталі дарослымі мае дзеці. А дрэва жыве, кожную вясну поячы бярозавым сокам і напаўняючы сэрца дзіўнай радасцю і спакоем. Ствол не абняць рукамі, верхавіна велічна красуецца над маладымі сасонкамі. Толькі ніжнія галінкі засыхаюць і падаюць долу, наводзячы лёгкі сум.
Але ад красавіцкага сонца ажывае магутная крона, даючы прытулак стомленым шпакам, якія прылятаюць дадому са свайго зімовага падарожжа. Разумею іх парыў, бо сама з жаданых і вымушаных дарог заўсёды спяшаюся вярнуцца. Тут, у лясной цішыні, пад шапаценне густой лістоты лепш думаецца і лягчэй дыхаецца.
У дзяцінстве так прыемна было аддавацца марам пад шум гулкага ветру, які блытаўся ў тонкіх галінках. Пад бярозай мы з сяброўкамі ладзілі доўгія пасядзелкі, не саромеючыся даверыць ёй свае дзявочыя сакрэты. Гукі магнітафонаў часта глушылі лясную размеранасць. Але імкліва ішлі гады…
За доўгі век дрэва таксама спазнала цяжкасці, нагадваючы гэтым чалавечае жыццё. Ад удару маланкі, які амаль зрэзаў тоўсты ствол папалам, застаўся глыбокі след. Вецер адкалоў вялікую галіну, знявечыўшы роўны бок. Не зажываюць і маленькія адтуліны, прасвідраваныя падчас збору соку.
Аднак, дрэва зелянее, потым скідвае ўбранне, падпарадкоўваючыся порам года. І на душы цепліцца нейкая абароненасць – жыве мама, побач з хатай распускаецца бяроза. Няхай гэта зусім старое дрэва і слабенькая хворая жанчына, але пакуль тут існуе жыццё, мне заўсёды ёсць куды вярнуцца.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть