На Пятра – святкаваная пара
Культура

На Пятра – святкаваная пара

Круговец

У кожнага з нас ёсць свой дзень нараджэння. І асабліва прыемна, калі ён супадае з дзяржаўнымі ці рэлігійнымі святамі. Тады і знаёмым прасцей запомніць дату ды паспець з віншаваннямі, і адзначыць можна больш ярка і ўрачыста.

У гэтым пашанцавала Марыі КРУГАВЕЦ з Язвінак – 12 ліпеня на дзень святых апосталаў Пятра і Паўла ёй споўнілася 80 год. Юбілярка сціпла ўсміхаецца і паступова аддаецца ўспамінам – ёсць што згадаць за такі значны прамежак пройдзенага шляху. На жаль, сустракалася на ім не толькі радаснае…

Нарадзілася ў Вічыне, замуж пайшла ў Язвінкі. Хоць і добра прынялі маладую нявестку ў сям’і мужа, але яна доўга сумавала па блізкіх. Пакуль асвоілася, пазнаёмілася з суседзямі, то адчувала сябе няўтульна. І вырашыла нарадзіць многа дзяцей – тады будзе больш радні, ніхто не адчуе адзіноты.

Бог паслаў ім з мужам Віктарам чатыры сыны і дзве дачушкі. Клопатна было, бо жылі тады небагата, але затое дружна. Выхоўваліся малыя на штодзённых абавязках па гаспадарцы, якіх у вёсцы хапала зімой і летам.

Марыя Ісакаўна працавала паляводам у калгасе. Даводзілася выконваць самыя разнастайныя абавязкі, штодзённа вяртацца дадому стомленай. Усё рабілася ўручную – нагружалі сена ці выкідвалі гной, перабіралі бульбу і апрацоўвалі вялікія надзелы буракоў. Часта сцюдзёны вецер пранізваў да касцей, нават не ведалі, дзе ад яго схавацца. Іншы раз пакутавалі ад спякоты, калі сонца ў зеніце, а на небе – ні воблачка. Пад дажджом мокнуць даводзілася не аднойчы, пехатой значную адлегласць праходзіць – таксама.

Бацька насіў яўрэйскае імя, але не меў адносін да гэтай нацыянальнасці. Некалі ў вёсцы стаяла карчма, гаспадара якой звалі Ісак. Ён быў добры чалавек, мог кожнага выручыць ці даць параду. Людзі паважалі, таму дзед Марыі ў яго гонар назваў свайго сына.

Віктар Аляксеевіч усё жыццё працаваў будаўніком. Быў рабочым, потым стаў брыгадзірам цесляроў. Не адзін дом у райцэнтры ўзняўся, дзякуючы іх майстэрству і стараннасці. Шмат сіл у свой час аддалі новай паліклініцы, у якой, на жаль, потым давялося часта бываць самому з-за праблем са здароўем. Маючы 42 гады працоўнага стажу, апошнія дзесяць Віктар Аляксеевіч рухаўся з дапамогай мыліц. А пазалетась родныя развіталіся з ім назаўсёды…

Смерць блізкага чалавека болем адгукнулася ў сэрцы Марыі Ісакаўны. Хоць і няпроста працяглы час даглядаць за аслабелым мужам, але тады яны былі разам, маглі параіцца па розных пытаннях, у вольную хвілінку згадаць мінулае. Падтрымліваючы яго, жонка не адчувала сваю адзіноту, у пакоях было ўтульней і весялей. А да падобных клопатаў назіраць за хворымі жанчына прызвычаілася яшчэ раней, калі 11 год пакутавала ад болю і поўнасцю страціла зрок свякроў. Увесь час жылі пад адным дахам, таму нявестка не пакідала яе без увагі…

Супакаенне ад перажытага маці і бабуля знаходзіць у нашчадках. Сын Іван жыве ў Ракітна, Васіль і Віктар – у Лунінцы. Адзін пайшоў па слядах бацькі, працуе ў будаўнічай арганізацыі ў райцэнтры. Другі займаецца рамонтам жылля ў Мінску, вяртаючыся на малую радзіму толькі на выхадныя. Трэці часта накіроўваецца на заробкі, таксама выкарыстоўваючы навыкі, атрыманыя ад старэйшых. Малодшы Сяргей застаўся ў роднай вёсцы, валодае майстэрствам па рамонце грубак.

Дачка Ніна раней жыла ва Украіне. Потым пераехала да маці, да апошняга дапамагала даглядаць хворага тату. Працуе гардэробшчыцай у мясцовай школе. Таццяна – загадчыца дзіцячага сада ў Любачыне, а пасялілася ў доме, пабудаваным побач з бацькоўскім. Менавіта сыны і дачушкі саграваюць душу немаладой жанчыны. Дзякуючы адвазе не пабаяцца цяжкасцей і стаць мнагадзетнай матуляй, яна цяпер ахутана любоўю розных пакаленняў нашчадкаў. Братам і сёстрам таксама не сумна, калі столькі родных павіншуюць са святамі, а пры неабходнасці своечасова прыйдуць на дапамогу.

Пакуль не пагоршыўся зрок і не балелі ногі, Марыя Ісакаўна заўсёды хадзіла ў царкву. Зараз дарога стала цяжэйшай, таму даводзіцца прапускаць богаслужэнні. Але гэта не зменшыла веру, што пасялілася ў сэрцы. Яна дапамагае жыць, прасіць шчасця і дабрабыту сваім дзецям, 13 унукам і маленькай праўнучцы – лунінчанцы Сашы, якой ідзе толькі другі год.

Юбілей – магчымасць не толькі прымаць віншаванні. Гэта добрая нагода падвесці вынікі пройдзенага, разабрацца ў сабе. Падзякаваць Богу і добрым людзям за дасягненні, засмуціцца ад непапраўных страт. І паверыць, што горшае засталося ў мінулым. Сілы дадаюць усмешкі ўнукаў, якія ў святочны для ўсіх праваслаўных вернікаў дзень віншуюць доўгажыхарку з асабістымі дасягненнямі і дораць шчырыя пажаданні.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть