«Наперад – у мінулае»
Культура

«Наперад – у мінулае»

лабчанкаПапулярная тэлепраграма канала БТ-3 запісала вядомыя калектывы раёна “Лабчанка” з Лобчы і “Вытокі” з Дзятлавіч. Выхад у эфір перадач з удзелам нашых землякоў запланаваны на кастрычнік.
Рэжысёр Анатоль Вечар не хаваў шчырых уражанняў ад творчасці мясцовых артыстаў:
– У нас запісаны 130 праграм па ўсёй Беларусі, так што магу аб’ектыўна ацаніць узровень фальклору ў розных раёнах. Вашы калектывы, безумоўна, можна вылучыць у дзясятку мацнейшых у краіне, дадуць фору і прафесіяналам. А Настассю Якавец з яе байкамі на “лабэцкай мове” запісалі яшчэ і асобна. Прапануем кіраўніцтву Белтэлерадыёкампаніі стварыць новы фармат – нешта накшталт “Зоркі нацыянальнага фальклору”. Наша сям’я летам адпачывала ў Балгарыі. Там песенная нацыянальная спадчына вылучана ў асобны канал, які трансліруецца круглыя суткі. Лічу, што гэты вопыт варты пераймання.
Вядучая праграмы Аксана Вечар “па сумяшчальніцтву” – жонка рэжысёра. Яе абаяльная ўсмешка адлюстроўвала захапленне ўбачаным. Прыгажуня хутка знаходзіла агульную мову з носьбітамі спрадвечнага палескага народнага багацця. Расказаць пра асаблівасці і звычаі паселішчаў вядучай дапамаглі работнікі арганізацыйна-метадычнага цэнтра раённага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, якія падрыхтавалі для здымачнай групы кароткія нататкі па гісторыі вёсак.
Калі ў Дзятлавічах запіс ажыццяўляўся на пляцоўцы перад ЦСДК, то ў Лобчы ўвагу аператараў прыцягнуў краязнаўчы пакой. Стараннямі бібліятэкара Тамары Ермаковіч тут сабраны рарытэтныя рэчы сялянскага побыту (ёсць нават з Гродзеншчыны, адкуль паходзіць яе бацька) і прыгожыя вырабы цудоўных мясцовых майстрых. Выпускніца-1982 СШ №3 г. Лунінца, яна амаль 25 год працуе з чытачамі, а пачынала ў цяперашнім сельгаскаледжы. Калі будавалася новая Дубаўка, выбрала вёску на жыхарства. У прыгожым альбоме аформіла гісторыю паселішча, а цяпер збірае матэрыялы пра Лобчу. Цеснае супрацоўніцтва з дырэктарам ЦСДК Надзеяй ЮРЦЭВІЧ і самадзейнымі артыстамі народнага аматарскага аб’яднання “Лабчанка”, што адлюстравала здымачная тэлегрупа з Мінска, безумоўна, дадасць плёну гэтай цікавай і карыснай справе.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть