Нашчадкі Якуба Коласа і Янкі Маўра завіталі ў Лунінецкі раён
КультураНовости районаОбщество

Нашчадкі Якуба Коласа і Янкі Маўра завіталі ў Лунінецкі раён

Літаратурная карта нашага краю папоўнілася новымі адрасамі: з юнымі і дарослымі лунінчанамі сустрэліся нашчадкі Янкі Маўра і Якуба Коласа, а таксама сучасныя літаратары – паслядоўнікі класікаў.

Сінкевічы: мясцовыя стасункі з творцай-юбілярам

Гасцей цёпла прыняла старшыня сельвыканкама Вольга Клеўжыц. Яна коратка ахарактарызавала сучаснае становішча самай вялікай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі раёна. Прыгадалі і гістарычныя звесткі. Канстанцін Міцкевіч, які ў 1947 годзе наведаў два нашы ўсходнія паселішчы, канкрэтнай справай выканаў наказы выбаршчыкаў – у вёсцы была пабудавана новая школа. З цягам часу памяшканне аказалася цесным для мясцовай дзетвары. У новым трохпавярховым будынку Сінкевіцкай СШ у 1991 годзе стварылі музейны куток у гонар заснавальніка беларускай літаратуры. Школа неаднаразова прымала членаў сям’і Якуба Коласа і нацыянальных творцаў. Цяпер жа ў Сінкевіцкім СДК юныя экскурсаводы і настаўнік Ларыса Пятровіч разам з культработнікамі і мясцовым актывам віталі шаноўную дэлегацыю.

Для многіх стала ад-крыццём, што Якуб Колас і Янка Маўр былі сватамі. Увагай прысутных завалодала іх унучка – Марыя  Міцкевіч. Прэзентацыю пра дзеда па “кудзелі” яна прысвяціла 140-годдзю Івана Фёдарава, які ў Беларусі па праву лічыцца заснавальнікам і дзіцячай, і фантастычнай, і прыгодніцкай літаратуры.

Вызначылі і “лунінецкі след” у біяграфіі творцы-юбіляра. Захапляючыся мовай эсперанта, Янка Маўр шмат год узначальваў адпаведнае таварыства. У 1990-ыя яго кіраўніком быў наш зямляк Адам Паўлюкавец – кніга з яго аўтографам маецца ў хатняй бібліятэцы М.М. Міцкевіч. А сёлета ў лунінецкім урочышчы Мачула адкрыўся помнік ахвярам фашызму – на яго мемарыяльнай дошцы ўвекавечана назва кнігі “Ніколі не забудзем” Янкі Маўра… 

Дзеці атрымалі ў падарунак каляндарыкі з партрэтам творцы-юбіляра, бібліятэка папоўнілася новымі кнігамі з аўтографамі гасцей, а здымкі на памяць зоймуць годнае месца на краязнаўчых стэндах.

Лахва: тут кінулі якар “Палескія рабінзоны”…

Артыкулы пра аграся-дзібу з літаратурнай назвай занатаваны і на старонках раённай газеты, і ў юбілейным зборніку “ЛН”. Яе гаспадар Ігар Пракаповіч запрасіў пісьменнікаў з Мінска і Брэстчыны з прапановай ушанаваць аўтара папулярнай аповесці, якой захапляецца з дзіцячых год. Марыя Міцкевіч пакінула для аграсядзібы кнігу “Палескія рабінзоны” з аўтографам нашчадкаў Янкі Маўра. Аматару нацыянальнай літаратуры цікавыя выданні ўручылі ўнучка Якуба Коласа Вера Міцкевіч і іншыя госці. Сустрэчу ў Лахве таксама прысвяцілі класіку-юбіляру. У гонар яго спяваў пад уласны акампанемент на гітары Сяргей Трахімёнак (Мінск), чыталі вершы паэты Іна Фралова (Мінск) і Таццяна Дземідовіч (Брэст), паляўнічыя байкі расказваў Анатоль Брытун (Брэст). Вядомы знаўца прыроды Васіль Жушма (Іванава) нагадаў уражанні Уладзіміра Караткевіча аб тым, што “рака з непрыгожаю назвай Смердзь ёсць, аднак, адна з найпрыгажэйшых рэчак, якія… даводзілася бачыць у жыцці”. Фотамайстар занатаваў краявіды ў час воднага падарожжа па прытоку Прыпяці – будзем чакаць “спыненага імгнення” непаўторнай палескай прыгажосці.

Лунінец: фотазоны з адметнасцямі краю

У СШ №2 г. Лунінца намеснік дырэктара Наталля Бойка, а таксама настаўніцы Наталля Харытановіч і Святлана Кузьміч коратка прадставілі праект “Літаратурная Лунінеччына”, што створаны разам з рэдакцыяй “ЛН”. На думку гасцей, стэнды ў выглядзе кніг – гэта сапраўдная “энцыклапедыя лунінецкага краю”, дзе гісторыя і сучаснасць адлюстраваны праз літаратурную творчасць.

З пісьменнікамі пазнаёміліся дырэктар Лунінецкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Таццяна Ванюк, якая не так даўно атрымала гэта прызначэнне, і ветэран педагагічнай працы Наталля Казанкова. Экс-дырэктар краязнаўчага музея, яна працуе ў створанай у ліпені 2022 года Камісіі Саюза пісьменнікаў Беларусі па літаратурнай спадчыне Мікалая Калінковіча. Разам прыгадалі, што выпускнік-1968 закончыў школу і пачаў літаратурную дзейнасць 55 год таму…

Таццяна Канапацкая

«Лунінецкія навіны» №55 ад 26 ліпеня 2023 года

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть