Не стаміцца на жыццёвай плыні
Культура

Не стаміцца на жыццёвай плыні

кривулец

Падарожжа ў Сітніцкі двор нікога не пакіне абыякавым. Дарога пралягае праз густыя зараснікі і ўецца шэрай стужкай на фоне бязмежнай зеляніны. Не менш маляўніча выглядае і невялікае паселішча, але знешні выгляд яго моцна псуюць пустуючыя хаты з забітымі вокнамі. Адразу трывожна заные ў сэрцы – сіратлівасць будынкаў нечым нагадвае адзіноту і самога чалавека…
Маленькай вёска стала нядаўна. Яшчэ з дзясятак год таму тут была свая школа, часта гучаў гармонік на вяселлях ці радзінах. Пра гаманлівае жыццё таго часу многае можа расказаць Галіна КРЫВУЛЕЦ, цяперашні стараста і былы дырэктар мясцовай навучальнай установы. Яна памятае ўсіх сваіх вучняў, якіх у роднай вёсцы засталіся адзінкі, большасць апынулася ў суседніх населеных пунктах, некаторыя шукаюць шчасце далёка па свеце.
Сама Галіна Рыгораўна ў маладосці таксама задумвалася змяніць месца жыхарства. Але не атрымалася гэта зрабіць адразу, а цяпер не хочацца значных перамен. Тым больш, што тут многа пройдзена па настаўніцкай дарозе, столькі ўспамінаў засмучаюць і радуюць адначасова…
Некалі даўно дзяўчынка Галя з Сітніцы марыла стаць педагогам. Першым вопытам стала работа ў якасці піянерважатай у Камянецкім раёне. Потым была вучоба па прафесіі. Бліжэй да родных мясцін пераехала з-за цяжкай хваробы бацькі – яго паралізавала. Уладкавалася ў Чучавічах, адпрацавала два гады. Калі роднаму чалавеку стала яшчэ горш, перавялася ў Сітніцкі Двор, вяла нямецкую мову і хімію.
Стараннасць заўважылі, праз тры гады прызначылі старшынёй прафкама, праз 5 – завучам. А неўзабаве стала дырэктарам. На гэтай пасадзе Галіна Рыгораўна ад-працавала 18 год, да самага закрыцця школы. Менавіта развітанне аказалася найбольш балючым, калі давялося пакідаць знаёмыя сцены. Будынак яшчэ доўга з дакорам глядзеў на людзей пустымі вокнамі, нібы вінавацячы тых у сваёй вымушанай адзіноце.
Дапрацоўвала настаўніцай да выхаду на заслужаны адпачынак у Запроссі, але ад страты свайго зладжанага дружнага калектыву, прадчування, што без школы імклівей прыйдзе ў заняпад і любімая вёска, горыч не пакідала сэрца…
Прайшоў час. Каб хоць неяк дапамагчы родным мясцінам не страціць годны выгляд, дагледзець падворкі, новы стараста прыкладвае ўсе свае намаганні. Гэта не толькі неабходнасць даць адпаведныя даручэнні іншым. Часта даводзіцца самастойна наводзіць парадак на пакінутых сядзібах, прасіць дапамогі мужчынскіх рук абкасіць пустазелле ці высекчы зараснікі.
Многа клопатаў патрабуе догляд за могілкамі. Аднавяскоўцы разумеюць добрыя памкненні Галіны Рыгораўны, па яе ініцыятыве нядаўна дружна сабралі грошы на фарбу для агароджы і акультурылі апошні прытулак сваіх продкаў. Усе згадзіліся з меркаваннем, што нельга пакідаць без увагі светлую памяць пра тых, хто пайшоў з жыцця, гэта наш святы абавязак.
Галіна Рыгораўна мала расказвае пра сябе. Жыла, як усе, працавала. Муж Мікалай – вадзіцель. Спачатку ў аўтабазе, зараз – у сельгаскааператыве. Нядаўна адзначыў 60-годдзе. Разам выгадавалі двух сыноў. Анатоль прысвяціў сябе справе, якой усё жыццё займалася маці – настаўнічае ў Сінкевічах. Перадаючы дзетвары асновы геаграфіі, і сам моцна захапляецца турызмам. Разам з вучнямі ўдзельнічае ў конкурсах, мае многа ўзнагарод.
Уладзімір жыве ў Маскве, працуе ў сферы будаўніцтва. Сямейнае шчасце знайшоў з узбечкай Надзірай. У прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей нарадзілася дзяўчынка Алсу, па знешнасці якой цяпер цяжка сказаць, адкуль яна родам. Аднолькава цікавіцца радзімай таты і мамы, супастаўляе звычкі і культуру народаў. Але такая адметнасць не замінае сям’і быць дружнай і любячай. Сведчанне таму – паяўленне маленькага Максімкі.
Каб пазнаёміцца з нованароджаным унучкам, бабуля нядаўна з’ездзіла ў далёкую сталіцу, адкуль прывезла многа ўражанняў. І яшчэ раз пераканалася, што ў нашай краіне жыць не горш, чым на бязмежных прасторах Расіі.
Галіна Рыгораўна не была супраць прыняць нявестку з далёкага Поўдня. Галоўнае, каб маладыя знайшлі разуменне паміж сабой, кахалі і давяралі. Атрымліваючы ад Надзіры нацыянальныя падарункі, сама здзівіла маладую жанчыну цудоўнымі беларускімі вышыўкамі.
Наносіць прыгожыя ўзоры крыжыкам і гладдзю навучылася ў дзяцінстве. Не заўсёды хапала часу ажыццявіць усе задумкі, але многае, да чаго імкнулася, паспявала зрабіць. Працуючы ў школе, часта ўдзельнічала ў тэматычных выставах. Цяпер большасць створанага падарыла родным і сябрам.
Вельмі моцнае захапленне – хадзіць летам на ціхае паляванне. У ваколіцах Сітніцкага Двара многа грыбных мясцін. І перавалодвае не толькі жаданне назбіраць поўны кошык, хаця вялікія нізкі сушаных баравікоў – абавязковы атрыбут сонечнага боку хаты. Яшчэ прыемна пабыць у лесе сярод птушыных спеваў, шуму ветру на верхавінах, шэпту ігліцы і лісцяў пад нагамі. Цікава паехаць на рыбалку. Галіна Рыгораўна расказвае, што ёй заўсёды шанцуе на добры ўлоў.
Драўляны дом пабудавалі даўно, нядаўна аднавілі яго выгляд на больш сучасны. Памянялі ўнутранае афармленне, дадалі новыя ноткі ў прывычныя пакоі. Ёсць многа планаў як змяніць выгляд падворка. Тут можна фантазіраваць бясконца і не абавязкова купляць дорагакаштуючыя матэрыялы.
Жыццё не заканчваецца з выхадам на пенсію. Тым, хто апускае рукі і не ведае, куды сябе дзець, адарваўшыся ад прывычных рабочых будняў, варта браць прыклад з такіх захопленых людзей, як Галіна Рыгораўна. У клопатах пра свой дом і вёску ёй не адзінока ісці па жыцці. А яшчэ дапамагаюць палепшыць настрой маленькія ўнукі, якія вучацца ад бабулі многаму новаму і нязведанаму. Багатыя веды і жыццёвы вопыт жанчыны ніколі не прымусяць іх сумаваць разам.
Адзінае, што трывожыць, як імкліва пусцее роднае паселішча. Так хацелася б вярнуць былую весялосць прасторным вуліцам, пачуць рознагалосы смех дзетвары, акунуцца ў дагледжанасць і ўтульнасць кожнага дома. Каб вёска жыла на радасць новым пакаленням.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть