Незвычайны чалавек. Памяці Мікалая Елянеўскага (Лунінецкі раён)
Сёння нашаму земляку Мікалаю Елянеўскаму споўнілася б 75. Гэта быў сапраўды незвычайны і непаўторны чалавек, такімі ж пісьменнік бачыў і герояў сваіх твораў.
Ён нарадзіўся 5 красавіка 1948 года ў Луніне. Бацька працаваў бухгалтарам, а маці – у калгасе. У Міколы ж з дзяцінства праявілася творчая жылка, таму невыпадкова пасля заканчэння школы паступіў у Мінскае вучылішча паліграфістаў №32 на спецыяльнасць “фатаграфія”. На практыку прыехаў у раёнку, на той час яна называлася “Ленінскі шлях”, і яго здымкі даволі часта друкаваліся на старонках газеты.
Пазней была тэрміновая служба ў арміі. Мікалай актыўна супрацоўнічаў з армейскімі выданнямі. Творчага салдата заўважылі і прапанавалі паступіць на факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча. Прапанова спадабалася юнаку, у хуткім часе ён стаў студэнтам, а потым і выпускніком гэтай навучальнай установы.
Амаль чвэрць стагоддзя працаваў Мікалай Васільевіч у ваенных газетах Расіі, Усходняй Германіі, Узбекістана… Вялікая частка вандровак па гарнізонах Сярэдняй Азіі прыйшлася на неспакойны перыяд развалу СССР. Менавіта яму прысвяціў зямляк і свой, у многім аўтабіяграфічны раман “Мытари и фарисеи”, галоўным героем якога стаў мужчына з прозвішчам Лунянін, а па-нашаму – жыхар Луніна, роднай вёскі аўтара.
Пасля распаду СССР Мікалай Васільевіч дэмабілізаваўся і вярнуўся ў Беларусь. Жыў з сям’ёй у ваенным гарадку пад Баранавічамі, пазней пераехаў у Пінск, дзе працаваў у раённай газеце “Полесская правда” – загадчыкам аддзела сацыяльна-бытавых праблем, намеснікам рэдактара і кіраўніком газеты. Як журналіст і пісьменнік ён праводзіў вялікую работу па напісанні нарысаў і дакументальных аповесцей, прысвечаных ветэранам вайны і працы, развіццю рэлігійных адносін, вывучэнні гісторыка-краязнаўчай спадчыны пінскага Палесся.
Мікалай Елянеўскі ніколі не губляў сувязі са сваёй малой радзімай. Большасць адпачынкаў праводзіў у Луніне ў родным доме. Ад каваля Васіля Карп-ца даведаўся пра былога свяшчэнніка мясцовай царквы Платона Ціхановіча, аўтара першай беларускай граматыкі. Той расказаў, што “адпраўляў запыты па пяці розных адрасах, аднак станоўчых адказаў не атрымаў ніводнага: няма, і з радасцю б дапамаглі, але, на жаль… Як так, загубілася? Але ж гэта не адна-дзве старонкі, а сур’ёзная работа. След павінен застацца”.
І след застаўся. Пасля некалькіх безвыніковых пошукаў у рукі Мікалая Елянеўскага трапіла кніга Генадзя Каханоўскага “Откройся, тайна времени”. Там быў невялікі раздзел “Беларуская граматыка Платона Ціхановіча”, з якой палескі даследчык у афіцэрскім мундзіры больш дэталёва даведаўся пра свяшчэнніка-мовазнаўцу. Пазней у дзяржаўным архіве Літвы знайшоў электронную працу Платона Ціхановіча. Грошы запрасілі ў суседняй краіне вялікія, цяжка было адарваць іх ад сямейнага бюджэту… Аднак, у хуткім часе атрымаў акуратную бандэроль з дыскам. І тады палешукі змаглі пазнаёміцца з гэтым незвычайным дакументам. А праз раман-хроніку “Время пастыря” да спадчыны лунінскага свяшчэнніка дакрануліся многія беларусы.
Дзецішчам Мікалая Елянеўскага таксама па праву называюць літаратурна-творчы праект “Лунінская восень”. Спачатку фестываль меў раённы статус, але з цягам часу стаў збіраць паэтаў і пісьменнікаў, журналістаў і бібліятэкараў, таленавітую моладзь з усёй Брэстчыны.
Менавіта ў Луніне мы і пазнаёміліся з Мікалаем Васільевічам. Тут ён быў частым госцем, удзельнічаў у мера-прыемствах, прэзентаваў свае новыя творы. Доўга гутарылі. У памяць урэзаліся словы пісьменніка: “…Лунінская восень” – своеасаблівыя літаратурныя дажынкі. Фестываль не толькі надае сталым літаратарам сілы, але і адначасова акрыляе маладых”.
Найбольш ёмка пра цудоўную асобу Мікалая Елянеўскага, на маю думку, выказаўся яго сябар і калега, член саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль Шушко:
Падчас, калі агорне сум няўзнак,
І на душы халодна, невясёла,
Цяпельцам ва ўспамінах мне яна –
Усмешка Елянеўскага Міколы.
Гэта ўсмешка адназначна застанецца ў памяці тых, хто ведаў гэтага незвычайнага і няўрымслівага чалавека. Усмешка пісьменніка, які да апошняга дня любіў сваю родную Лунінеччыну, Піншчыну і Палессе.
Аляксандр КОЎКА.