Падарыць цяпло сваёй душы
Ці проста гэта – працягнуць руку дапамогі чалавеку, якога на трываласць выпрабоўвае жыццё, падкідваючы самыя складаныя задачы. Адказ, бадай, атрымаецца ў кожнага неадназначны. Але ёсць на Лунінеччыне ўстановы, дзе працуюць людзі з неймаверным пачуццём спагады, разумення чужога болю, дабрыні і міласэрнасці. Гэта – работнікі сацыяльнай службы.
У 16-ты раз сваё прафесійнае свята разам з калегамі адзначыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына СЕМЯНЧЭНКА. Падчас урачыстасці, якую тут ладзілі ўчора, шчырыя словы віншаванняў прагучалі для спецыялістаў з аддзелаў пенсій і дапамог, па быце, працы, занятасці. У падпарадкаванні знаходзіцца таксама тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У яго склад уваходзяць 7 аддзяленняў і філіял у Мікашэвічах, дзе ў бліжэйшай перспектыве адкрыецца аддзяленне для інвалідаў. А ўвогуле, у раёне працуюць 194 сацыяльныя работнікі, якія даглядаюць 689 адзінокіх, адзінока пражываючых і пажылых грамадзян.
– Новы год пачаўся ў нас з новаўвядзенняў, – расказала Ірына Міхайлаўна. – На падставе Указа №137 ад 11.04.2016 г. “Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння” пачала дзейнічаць рэформа па паэтапным павелічэнні ўзросту для афармлення працоўнай пенсіі. Так, у другой палавіне 2017-га за пенсіяй маюць права звярнуцца мужчыны, якія нарадзіліся ў першай палавіне 1957 года, і жанчыны, чый дзень нараджэння прыпадае на першае паўгоддзе 1962-га. Пэўныя карэкціроўкі напаткаюць і тых работнікаў, чыя дзейнасць звязана са шкоднымі ўмовамі працы. Нагадаю, што страхавы стаж павінен быць 16 год. Памер будучай пенсіі вылічваецца за 23 гады працоўнага стажу.
Летась з просьбамі палепшыць матэрыяльнае становішча звярнуліся 2625 чалавек. Адрасная сацыяльная дапамога бывае некалькіх відаў. Штомесячная выплачваецца на працягу паўгода тым, у каго сярэднедушавы даход сям’і не перавышае крытэрыю патрэбнасці. Ён бярэцца за ўвагу і для назначэння аднаразовай адраснай дапамогі тым, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. Не застаюцца сам-насам з праблемамі людзі, якія маюць патрэбу ў сродках рэабілітацыі.
Зараз на ўліку па беспрацоўю стаяць 302 чалавекі, а ўсяго летась у аддзел па занятасці звярнуліся 1722 жыхары Лунінеччыны, з якіх 1269 атрымалі статус беспрацоўных. Пры нашым садзейнічанні работу знайшлі больш як 1280 чалавек.
Нездарма наша прафесійнае свята адзначаецца напярэдадні Нараджэння Хрыстова. У гэтыя дні мы зычым адзін аднаму здароўя, дабрабыту і даўгалецця. Імкнемся падарыць увагу і клопат тым, хто знаходзіцца побач, падзяліцца з імі цеплынёй сваёй душы. Віншую калектыў упраўлення і ветэранаў са святам, жадаю толькі цудоўных падзей, поспехаў у рабоце, добрага настрою!
Прыклад дабрыні і спагады можна смела браць з сацыяльнага работніка Святланы ВЕРАС з Лунінца. Сёлета яна будзе прымаць віншаванні з 20-гадовым юбілеем у прафесіі.
Дапамога даўно стала для яе галоўным словам. Гэта звычайныя бытавыя клопаты: купіць прадукты, прамтавары, зрабіць уборку, прыгатаваць абед, збегаць у аптэку, правесці ў бальніцу, аформіць даведку ў якой-небудзь дзяржаўнай установе. Нічога яркага, гераічнага, неардынарнага… Падапечнымі, як правіла, з’яўляюцца адзінокія пенсіянеры, інваліды. Зараз Святлана Уладзіміраўна даглядае 8 лунінчан. Самыя старэйшыя – 94-гадовая Ядвіга Кацуба, 93-гадовы Павел Дабрынец, 92-гадовая Ніна Сімкіна, 89-гадовая Ніна Журынок. Узрост, асабістыя рысы характару, пэўна, уплываюць на агульныя стасункі, але жанчына падабрала свой ключык да кожнага сэрца. Больш таго, любові і ўвагі хапае на блізкіх – дачок Сняжану, Анжэлу і Надзею, унукаў Юльку, Ганначку і Ромку. І нават цяпер, азіраючыся назад, Святлана Уладзіміраўна ні разу не пашкадавала аб сваім прафесійным выбары.
Зрабіць камфортным і ўтульным часовае пражыванне ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для людзей пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН паспяхова ўдаецца калектыву на чале з загадчыцай Юліяй Лосіч.
Сёння тут займелі “дах над галавой” 20 грамадзян, старасць якіх саграваюць клопатам і ўвагай медсёстры Ніна Сахно, Кацярына Брэзіна, Галіна Чарнавокая і Святлана Кацуба, сацыяльныя работнікі Раіса Несцяровіч, Таццяна Насковіч, Любоў Канапацкая, Ганна Макейчык. Медыцынскім абслугоўваннем падапечных займаецца ўрач Таццяна Мацкевіч. Адразу некалькі абавязкаў – загадчыка па гаспадарчай частцы і рабочага па комплекснаму абслугоўванню будынка – ускладзены на Аляксандра Зышчыка. Пра агульны дабрабыт насельнікаў аддзялення клапоцяцца вадзіцель Павел Кузьміч і качагар Павел Канапацкі.
Каб разнастаіць звычайныя будні бабуль і дзядуль, сюды часта прыходзяць госці. Гэта вучні і настаўнікі з СШ №2 г. Лунінца, гімназіі райцэнтра, самадзейнікі з ГДК, работнікі цэнтральнай раённай аптэкі №68, прыхаджане царквы хрысціян веры евангельскай і іншыя.
Акружыць клопатам і ўвагай
67 пенсіянераў імкнецца калектыў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН на чале з загадчыцай Святланай Філіновіч. Дапамагаюць ёй спецыялісты па сацыяльнай рабоце Ірына Людвічэнка і Вольга Канапацкая.
Спрыяюць плёну сацыяльна-бытавая адаптацыя, арганізацыя клубнай і гуртковай работы, валанцёрская дзейнасць, прававыя кансультацыі, духоўныя сустрэчы і іншае. Увогуле, мінулы год быў багаты на разнастайныя мерапрыемствы. Сярод навінак – адкрыццё кансультацыйнай пляцоўкі “Клопат”, “Школы бяспекі”, “Школы здароўя”. Акрамя таго, пачала працаваць праграма “Санаторый на даму”. Не страчваюць папулярнасці ў наведвальнікаў клубы: праваслаўны – “На крылах веры”, вакальны – “Вытокі”, жартаў і гумару – “Смехатэрапія”, валанцёраў – “Дзверы міласэрнасці”. Сваіх прыхільнікаў займелі гурткі – псіхалагічны, садова-агародніцкі, “Вандроўнік”, “Сакрэты даўгалецця”, “Натхненне”, “Дамашні ачаг”, “Сінема”. У канцы студзеня чакаецца выпуск 12-ай групы навучэнцаў курсаў камп’ютарнай адукаванасці. Дарэчы, з гэтага года курсы ўжо сталі платнымі. А напярэдадні Ражства Хрыстова ў этнакутку прайшоў абрад “Вячоркі”, прысвечаны каляднай куцці. Упэўнены, што творчага запалу і энергіі калектыву не займаць, а, значыць, сёлета добрыя традыцыі будуць працягнуты, а новыя задумкі знойдуць увасабленне ў жыццё.