Культура

Палескі «Лондан»

Аб тым, што ў Цне ёсць вуліца Лондан чула даўно, а пабываць там усё не выпадала. Цікавасць да нічым не адметнай часткі населенага пункта выклікала менавіта незвычайная назва. І вось, атрымалася: «Ура! Я еду ў «Лондан!».

Падарожжа прыпала на сонечны дзень. Уладарыў лёгкі марозік і ўсё навокал выглядала незвычайна прыгожым. Мінулі цэнтральную вуліцу вёскі, павярнулі за могілкі. Пераехалі вузкі масток праз маляўнічую рачулку Цна і моцна аддаліліся ад пабудоў. З’явілася лёгкае хваляванне, ці пра-вільны накірунак трымаем, ці не заблудзі-ліся? Але наш праваднік загадкава ўсміхнулася: «Чаго ж вы хацелі? Гэта ж Лондан!».

З-за густога зарасніку раптам паказаліся першыя хаты. Стаяць раскідана, падворкі прасторныя. Большасць – драўляныя, змайстраваныя ў пасляваенны час. Але ёсць  і навейшыя, аздобленыя сучаснымі матэрыяламі. Спыніліся каля адной з такіх. Сцены з аранжавай керамікі, новыя шклопакеты, вялікая агароджа з металапрофілю. Не верылася, што заходзім да адной са старэйшых жыхарак вёскі, якая ў такой дыхтоўнай пабудове жыве сама.

Кацярына КІПЦЭВІЧ не сустрэла гасцей на ганку, бо рухацца ёй цяжка – памаленечку ходзіць толькі з дапамогай спецыяльных хадуноў. Нагадвае аб сабе паважаны ўзрост – у мінулым годзе адзначыла 90-гадовы юбілей. Затое ў размове гэтага не адчувалася – доўгажыхарка мае добры слых, ясны зрок, выдатную памяць і валодае цудоўным пачуццём гумару.

“Даўно паміраць пара, нават грошы падрыхтавала на пахаванне. Сяджу сама ў вя-лізнай хаце – холадна, грубка і печ старыя. Падумала-падумала, і кажу: “Смерць, пачакай! Давай за гэтыя сродкі лепш рамонт зраблю”. Так мы з ёй, быццам, дамовіліся. Дзякуй, дзеці, унукі дапамаглі, новую грубку змайстравалі, ваду падвялі, падлогу і столь пафарбавалі, шпалеры пераклеілі.

Прайшло крыху часу, тут зноў грошай сабрала, каб у апошні шлях правесці было за што. Ды аглядзелася, што вокны надта пакасіліся, шыбы некаторыя трэснутыя ці пабітыя, ажно вецер гуляе, фіранкі варушыць. Думаю, збяруцца людзі на пахаванне і смяяцца будуць з бабулі. Маўляў, доўга жыла, а нават хату да ладу не давяла. Рашылася, прашу: “Смерць, пачакай. Неяк пазней прыйдзеш”. Так шклопакеты купілі, паставілі. Цёпленька стала.

Яшчэ раз у апошні шлях падрыхтавалася, выглядваю ў вокны, калі белая цень з касой за мной з’явіцца. І так сорамна стала: агароджа падае, слупы ад часу згнілі, штакетнік месцамі паламаны, вырваны. Як жа быць? Людзі ж развітвацца прыйдуць, у двор зойдуць… Дамаўляцца стала: “Смерць, пачакай…”. Так і ўзвялі новы металапрофіль. Цяпер зноў сродкі сабрала, вось думаю – ці паміраць, нарэшце, ці на нешта іншае іх патраціць?”

Расказ Кацярыны Рыгораўны выклікаў усмешку ва ўсіх прысутных. Шчыра пажадалі ёй і гэтыя грошы пусціць на звычайныя жыццёвыя патрэбы. Нават жартоўна пазайздросцілі, што мае такія выгадныя “сувязі”. Далей пасыпаліся пытанні пра мінулае: чым жыла, кім працавала, што радавала, што хвалявала?

Нарадзілася і вырасла ў цэнтры роднай вёскі. У польскай школе закончыла 4 класы. Юнацтва прыпала на ваеннае ліхалецце, калі цяжка было і малым, і старым. Асабліва востра іх сям’я адчула горыч акупацыі, калі брата забралі на прымусовыя работы ў Нямеччыну. Пазней трапіла ў тыя “чорныя” спісы і Кацярына, ужо ў думках развіталася з роднымі і рыхтавалася да ад’езду…

Ратуючы дачку ад невядомасці і рызыкі загінуць недзе ў чужой краіне, бацька вырашыў шукаць дапамогі ў варожай улады. Звярнуўся з просьбай пакінуць памочніцу дома, бо сам на той час быў інвалідам, не меў пальцаў на назе. Так пашанцавала дзяўчыне не зведаць горкай до-лі вязня фашызму.

Пасля вызвалення і стварэння калгасаў стала працаваць паляводам. Пасватаўся равеснік Рыгор з вуліцы Лондан. Пераехала жыць да свекрыві, паступова сталі думаць пра свой куток. Муж працаваў будаўніком у райцэнтры. Дзякуючы ўменню многае зрабіць самастойна, не адразу, але ўзвялі тут прасторны і ўтульны дом.

Нарадзілі 4 дзяцей – два сыны і дзве дачкі. Выраслі ўсе, раз’ехаліся. У Ленін-градзе жыў Уладзімір. На жаль, з-за няшчаснага выпадку даўно няма ў жывых. Не засталося ў паўночнай сталіцы і яго нашчадкаў. Іван з жонкай Нінай жывуць у Лунінцы, быў трактарыстам, зараз на заслужаным адпачынку.

Люба асталявалася ў Мінску, працавала ў друкарні. Цяпер таксама на пенсіі. Маючы больш вольнага часу, наведваецца ў родныя мясціны. Марыя пасля васьмігодкі захацела самастойна зарабляць грошы, уладкавалася даяркай. Палюбіла жывёлу, уцягнулася ў работу, выйшла замуж, ды так і засталася на малой радзіме. Маці пяцярых дзяцей – мае 4 сыны і дачку.

Кацярына Рыгораўна і Рыгор Піліпавіч жылі дружна, але 16 год таму гаспадара не стала. Тады і адчула ўдава сапраўдную адзіноту. Дзеці і ўнукі шкадуюць, дапамагаюць, але ў кожнага з іх сваё жыццё, свае клопаты. Ніхто не заменіць цяпло душы блізкага чалавека, з якім разам крочылі дзесяцігоддзі, дзялілі кожны кавалак хлеба. З ім згадвалі ўсё з мінулага, пра маладосць, равеснікаў сваіх гутарылі. І раптам усё абарвалася… У пакоях цішыня стаіць, такая, што нават палохае…

Але пра сябе Кацярына Рыгораўна хвалюецца мала. 6 год таму здарылася горшая бяда, якая не дае спакою ні ёй, ні нашчадкам. Прапаў без вестак праўнучак Ула-дзіслаў разам з сябрам Дзімкам. Пра пошукі хлопчыкаў з Цны пісалі ва ўсіх газетах, іх здымкі паказвалі па тэлевізары, але ўсё безвынікова. Жыць у невядомасці пакутліва і цяжка, прыходзяць розныя думкі, але немагчыма нешта перайначыць ці паправіць. Даводзіцца толькі маліцца і спадзявацца на лепшае…

Ад сумнай размовы адарваў прыезд унука. Ён прынёс да грубкі некалькі бярэмкаў дроў, праверыў, ці ёсць вада, спытаўся ў бабулі, што неабходна купіць у магазіне. Заказаў было няшмат – колькі адной жанчыне трэба. “Вось каб здароўе дзе прадавалася…” – уздыхае яна. Позірк падае на скрынку з таблеткамі, ды жанчына толькі махае рукой: “Дзеткі мае, у такім узросце хоць прыгаршчамі іх еш, а вынік аднолькавы будзе…”. 

Змяркалася, калі мы пакідалі Лондан. Літаральна ў метры ад праезнай часткі шумелі высокія сосны, бо хаты стаяць толькі па адзін бок ад дарогі. У 24 дамах тут пражывае 39 чалавек, з якіх толькі трое нарадзіліся ў новым тысячагоддзі. Не так многа і маладых сем’яў, большасць – пенсіянеры. Стала шкада, што будучыня ў вясковай вуліцы з незвычайнай назвай незайздросная. Але з вокнаў падала яркае святло электралямпачак, у бляску якіх хацелася знайсці хоць мізэрнае падабенства са сталіцай туманнага альбіёна.

Пад’язджаючы дадому, сустрэлі знаёмую, якая пацікавілася, адкуль мы. Бачылі б вы яе рэакцыю, калі я ўпэўнена прамовіла: “Ды толькі што вярнуліся з Лондана!”.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть