Першыя крокі да вяршынь
Першыя крокі да вяршынь зрабілі лепшыя навучэнцы і настаўнікі дзіцячых школ мастацтваў Лунінеччыны. Дыпламантаў і лаўрэатаў рэспубліканскіх, абласных, рэгіянальных, раённых алімпіяд, фестываляў і конкурсаў віталі ў зале ГДК на І урачыстай цырымоніі ўзнагароджвання “Зорны час”.
Адкрыў мерапрыемства танцавальны калектыў “Абіссаль” на чале з мастацкім кіраўніком Валянцінай Бадак. “Жыццё людзей так падобна на зоркі, — заўважыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Аксёнава, звяртаючыся да віноўнікаў урачыстасці. — Адны цьмяна мігцяць, другія роўна гараць, трэція — свецяць ярка! І гэты зорны бляск цалкам адпавядае асобам. Вось і вы сёння вылучаеце неймаверна цёплыя промні радасці і захаплення!”. Пад дружныя апладысменты гледачоў Падзячныя пісьмы райвыканкама атрымалі прадстаўнікі Лунінецкай ДШМ: Юлія Яскевіч і Мікіта Голік (вучні 2 і 3 класа мастацкага аддзялення — за ўдзел у 10-ым Міжнародным конкурсе жывапісу і графікі “На сваёй зямлі” ў Мінску), Ганна Белавус (скрыпка, 7 клас) і ўзорны камерны ансамбль “Канцэрціна” (мастацкі кіраўнік Эдуард Белавус) — за паспяховае выступленне ў рэспубліканскім фестывалі-конкурсе дзіцячага мастацтва “Львёнак” у Лідзе. Адзначаны таксама ўдзельнікі 7-га рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя Іосіфа Жыновіча ў Пінску: лунінчане — Аляксей Марцінкевіч, Ірына Пятрэнка і Ганна Дубовік (усе іграюць на цымбалах), Уладзіслаў Шабан (баян), Ульяна Пелянюк (фартэпіяна, яшчэ ўдалае выступленне на 7-ым абласным адкрытым конкурсе “Крынічка”), а таксама вучаніца з Палескай ДМШМ Рэната Пазяйчук (6 клас, цымбалы, вылучылася і на 11-ым занальным туры “Арт-нова” ў Баранавічах).
Шчырыя словы вітання для юных і дарослых прыхільнікаў музыкі знайшоў загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Сяргей Молчан, які ўручыў заслужаныя ўзнагароды пераможцам рэгіянальных, занальных творчых спаборніцтваў: Ганне Белавус (7 клас, скрыпка, Лунінецкая ДШМ, адкрытая занальная алімпіяда па музычна-тэарэтычных дысцыплінах у Баранавічах), Максіму Рудовічу (7 клас, скрыпка, Лунінецкая ДШМ, рэгіянальны фестываль выканаўцаў на баяне, акардэоне і цымбалах “Палескія музыкі” ў Пінску), Яўгеніі Бугакавай (4 клас, харавое аддзяленне Лунінецкай ДШМ, 11-ты адкрыты занальны конкурс “Арт-нова” ў Баранавічах). Адразу два калектывы адзначаны за высокі творчы патэнцыял і ўдалае выступленне на свяце “Музычны калейдаскоп” у Пружанах — узорныя ансамблі “Менестрэль” і “Канцэрціна” (мастацкія кіраўнікі адпаведна Святлана Цяльпук і Эдуард Белавус).
Прыемную эстафету віншаванняў працягнула дырэктар раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Таццяна Лівінец, якая звярнулася да пераможцаў раённых алімпіяд і конкурсаў. На сцэну ўзнімаліся прадстаўнікі Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў — Ганна Белавус, Кацярына Коннава, Лізавета Пятроўская, Альбіна Гушча і інш.
Вялікі ўклад у перамогі вучняў уносяць педагогі. Працавітыя, настойлівыя і самае галоўнае — улюбёныя ў сваю прафесію, яны з адказнасцю рыхтуюць выхаванцаў. Словы прызнання і ўдзячнасці прагучалі ў адрас Станіслава Баўкуновіча, Вольгі і Эдуарда Белавусаў, Святланы Дубовік, Любові Ашуркевіч, Алены Чурсанавай, Юліі Германовіч, Валянціны Савінкінай, Людмілы Вярэніч, Ірыны Гольдзінай, Віктара Кругліка, Таццяны Куляшовай, Алены Колб, Святланы Цяльпук, Вольгі Канавальчук (усе — Лунінецкая ДШМ), а таксама Іны Рудніцкай і Таццяны Яфімавай (абедзве — Палеская ДМШМ). Не забыліся арганізатары і пра бацькоў, хто з самага ранняга маленства развіваў здольнасці сыноў і дачок, а пасля прывёў на занята ў музычную школу.
Асобна варта расказаць пра выставу, падрыхтаваную вучнямі выпускнога курса мастацкага аддзялення. Іх класны кіраўнік Аксана Куліковіч ганарыцца таленавітымі выхаванцамі, чые работы захапляюць арыгінальнасцю і манерай напісання, прымушаюць задумацца аб вечным. Педагог жадае Валерыі Вячорка, Марыі Кіпцэвіч, Дзмітрыю Канапацкаму, Анастасіі Нагорнай, Дар’і Рудамінскай, Дзмітрыю Кавалевічу і Арыне Ясюкайц, каб усё у іх жыцці складвалася добра.
Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ