Версия для слабовидящих
RU
BY
Лунинец online

Попробуй вырасти! Про клубнику, ягодный форум и справедливую цену

Попробуй вырасти! Про клубнику, ягодный форум и справедливую цену

Попробуй вырасти! Про клубнику, ягодный форум и справедливую цену

Што хаваецца за ідэальнай формай і яркім смакам клубніц, якія мы ўсе з вамі так моцна любім? Лунінчанін Аляксандр ГУМЕНЯК адказвае проста: гэта вынік шматгадовага вопыту, цярпення і сапраўднай любові да зямлі. Але ж як менавіта яму ўдалося ператварыць звычайныя градкі ў сапраўдны ягадны рай? Давайце разбірацца разам! А, забягаючы наперад, адзначым: у працэсе падрыхтоўкі гэтага матэрыялу давялося не толькі ўбачыць, як ідзе збор, але і на асабістым прыкладзе паспрабаваць прадаць тавар на рынку ў Дварцы.

«Эксперымент»

Бацька Аляксандра з Луніна, а матуля – з Велуты, але доўгі час іх сям’я пражывала ў Вульцы 1. Там у мясцовай школе юнак атрымаў базавую адукацыю, а неўзабаве стаў выпускніком політэхнічнага каледжа ў райцэнтры.

– Прызнацца, бачыў сябе вялікім праграмістам, – паўжартам-паўсур’ёз гаворыць Аляксандр. – Меркаваў, што ў нейкай ступені да гэтай мары наблізіць спецыяльнасць “Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей”. Вось толькі на другім курсе зразумеў, што гэта абсалютна не маё. Таму працягнуў шукаць справу па душы: займаўся то вырабам мэблі, то ўстанаўліваў нацяжныя столі, то рамантаваў камп’ютары… Зрэшты, з тэхнікай сябрую і па сённяшні дзень, аказваючы кваліфікаваную дапамогу землякам. Словам, былі розныя нішы дзейнасці, але кожны раз дасягаў свайго, так мовіць, паталка магчымасцей. Мне ж хацелася далейшага развіцця… Неяк пачуў прапанову заняцца вырошчваннем ягад. Я быў катэгарычны: пакуль не ўбачу канкрэтнай тэхналогіі, мяне гэта не зацікавіць. А крыху пазней і жонка Наталля стала тонка намякаць: маўляў, нядрэнна было б мець дачу… Падобныя размовы ўзнікалі часцей, выпадкова іх пачулі нашы знаёмыя. З лёгкай падачы сяброў у нас паявіўся першы ўчастак зямлі ў Луніне. Паверце, нават цяпер, праз 5 год, як мы заняліся клубніцамі, яшчэ далёка да ідэалу…

З агеньчыкам у вачах Аляксандр Сяргеевіч расказваў, як усё пачыналася, якія фінансавыя ўкладанні рабілі напачатку няпростага шляху салодкай справы і колькі шышак набілі, ідучы да жаданага выніку. Слухаючы падрабязнасці, не маглі не здзівіцца ўдалым спалучэннем тэхнічнага генія і аграрнай мудрасці: айцішнік, у думках якога пастаянна бываюць коды і алгарытмы, з лёгкасцю мяняе клавіятуру і мышку на садовыя інструменты, і з такім жа зайздросным азартам разбіраецца ў тонкасцях вырошчвання ягад, лагістыкі і продажу “чырвонага золата”!

– Памятаю перыяд, калі мы пасадзілі клубніцы, маліну і часнок, – прыгадвае Аляксандр. – Гэта быў наш першы эксперымент! Аднак, прызнацца, ён аказаўся няўдалым, ваў-эфекта не атрымалі. Магчыма, тады проста не хапіла вопыту… Даход нават на дзясятую частку не кампенсаваў укладзеных сродкаў. Тым не менш, не адчайваўся, не апускаў рук, паколькі бачыў, як справа прыйшлася па душы маёй жонцы! Наталля з ахвотай займалася саджанцамі: абрэзвала, апрацоўвала… І кусты на дзіва парадавалі ростам і сілай!

Ды і мне захацелася разабрацца – як вядома, няма межаў удасканаленню! Так прыйшлі да высновы самастойна рыхтаваць пасадачны матэрыял.

«Ягады трэба смакаваць з асалодай…»

Па меры таго, як сезоны змянялі адзін другога, у сям’і ўдасканальвалі тэхналогіі. Паступова, маленькімі крокамі, метадам проб і памылак Аляксандр назапасіў бясцэнны вопыт і глыбокія веды па вырошчванні клубніц. Пастаянна вывучаючы новыя спосабы, эксперыментуючы і ўдасканальваючы працэс, зямляк не спыняецца на дасягнутым. А яго падыход да справы можна смела назваць “лічбавым ягадаводствам”: аналізуе дадзеныя пра надвор’е, склад глебы, патрэбы раслін, выкарыстоўвае сучасныя метады паліву і падкормкі, уважліва сочыць за інавацыямі ў агранаміі. Цяпер гэта не проста хобі, а лад жыцця, які патрабуе пастаяннай самаадукацыі і імкнення да лепшых вынікаў. Развіццю дзейнасці ў пэўнай ступені дапамагаюць і форумы, якія прайшлі ў Лунінецкім раёне.

– Эмоцыі і ўражанні засталіся дагэтуль, – лунінчанін прыгадвае маштабнае мерапрыемства. – “Лунінецкія клубніцы” сталі ключавой пляцоўкай для абмену вопытам, абмеркавання актуальных тэндэнцый і пошуку новых рашэнняў у сферы вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі. Дзякуючы форуму, паявіліся сябры, таварышы, калегі, з якімі стварылі каманду. Мы падтрымліваем адносіны па сёння, дзелімся напрацоўкамі і будуем планы на перспектыву. Шчыра дзякую кіраўніцтву раёна, асабіста Аляксандру Іванавічу Савіне за арганізацыю тэматычнага форума! У нас была магчымасць асабіста пагутарыць са спецыялістамі з Беларусі, Расіі, Сербіі і Італіі. Таму што ўбачыць у інтэрнэце – гэта адно і зусім іншае – пагутарыць наяве.

Увогуле, што датычыць сусветнага павуціння, то ролікі, звязаныя з вырошчваннем ягад, могуць як дапамагчы чалавеку, так і літаральна загубіць яго ўра-джай. Іншы раз чуеш абсалютна некампетэнтныя парады, асабліва калі размова ідзе пра захворванні клубніц. І разумееш, што чалавек у кадры элементарна не бачыць розніцы паміж біяпрэпаратамі і пестыцыдамі. Іншы раз і пакупнікі, калі бачаць буйныя ягадзіны, асобныя экзэмпляры якіх перавышаюць 100 грамаў, а смак здзіўляе салодкасцю, цікавяцца: як жа ўдалося вырасціць такі цуд без усялякай «хіміі»? Аляксандр сцвярджае: адказ крыецца не ў сакрэтных інгрэдыентах, а ў правераных прынцыпах: лепшы пасадачны матэрыял, дакладны разлік часу пасадкі, клапатлівы догляд з адзінай мэтай «Не дай клубніцам захварэць!». Гэта значыць, не проста паліў і ўдабрэнні, а цэлы комплекс мер, накіраваных на падтрымку здароўя раслін. Строгае выкананне агратэхнічных прыёмаў – вось падмурак, на якім мара аб натуральных і смачных ягадах ператвараецца ў рэальнасць. Я гарантую, што любую ягаду, незалежна ад таго, яна расце на зямлі, укрытай агратканінай, ці на буграх, можна есці смела, без боязі! І памятайце: клубніцы трэба смакаваць з асалодай! Мае ягады – такія, прыязджайце і ўбачыце самі!

«Колькі гатовы заплаціць?»

Асаблівае месца ў філасофіі Аляксандра займае павага да сваёй працы і працы іншых. Увогуле, звычка рабіць усё якасна і з вялікай працавітасцю перадалася ад бацькоў, якім сын бязмежна ўдзячны. Лунінчанін верыць, што кожны, хто ўкладвае сілы і душу ў сваю справу, заслугоўвае годнай аплаты. Таму актыўна заклікае землякоў цаніць вырашчаную прадукцыю, не прадаваць яе за бясцэнак і адстойваць справядлівы кошт за нялёгкую, але такую важную работу. Аляксандр – з кагорты тых, хто імкнецца данесці да спажыўцоў каштоўнасць натуральных, вырашчаных з любоўю і навыкамі прадуктаў, і паказаць, што якасныя ягады годныя сваіх грошай!

Мы завіталі ў Лунін бліжэй да дзевяці гадзін раніцы, хаця для тых, хто займаецца клубніцамі, будні на полі пачынаюцца з чатырох-пяці. На залітых летнім сонцам радах шчыравалі жанчыны.

– Гэта мая Наталля і цётачкі, – знаёміў Аляксандр, а ў яго голасе чулася бязмерная ўдзячнасць блізкім людзям. – Я проста не ведаю, як бы спраўляўся без дапамогі і падтрымкі іх, а таксама бабулі, што жыве нападалёк!

Мы разам прайшлі па радах. На чорным спандбондзе і плёнцы ў абрамленні зялёнай лістоты рубінавым адценнем “гарэлі” буйныя прыгожыя ягады:

– У асноўным у нас расце “Азія”, ёсць крыху “Мальвіны” і іншыя сарты. – А вунь там – матачнік…

Непадалёк ад дома заўважылі кардонныя і пластмасавыя скрыні. У еўратары ўжо ляжалі адсартаваныя клубніцы. Водар – словамі не перадаць, а памер – на зайздрасць усім! Пакуль завяршаўся збор, па прапанове гаспадара мы таксама нарвалі прыгожых ягад:

– З’ездзім у “разведку” ў Дварэц, паспрабуеце прадаць свой тавар!

Перш чым адправіцца ў паездку, гараджанін “штурмуе” тэматычны канал у месенджарах. І не хавае крыўды, калі бачыць, як там іншы раз дэмпінгуюць цэны менавіта перакупшчыкі. Вось і ў дзень нашага візіту на рынак кошт на клубніцы “абваліўся” да 3-5 рублёў за кілаграм адборнай ягады. Мы прайшлі па радах, дзе стаялі пакупнікі, многія з якіх да абеду паспелі ўжо запоўніць свае мікрааўтобусы салодкай прадукцыяй. На жаль, ніхто не гатовы быў заплаціць больш чым вышэй названая цана – зразумела, такі кошт нас зусім не задаволіў. І калі няма вялікага аб’ёму, вымушаны або згаджацца, або везці самастойна куды-небудзь далей. Усё ж, калі ягады выдатныя, добра ўпакаваны, можна адстойваць і на парадак вышэйшы кошт.

– Кожны год лічбы “скачуць”, – дзеліцца лунінчанін. – Адным хочацца купіць патанней, другім – прадаць даражэй. Знайсці баланс вельмі цяжка. Той, хто займаецца толькі пакупкай, наўрад ці дасканала ведае, з якімі праблемамі даводзіцца сутыкацца. Вось дажджы пайшлі. Нават пры самым правільным доглядзе ягада зараз губляе таварны выгляд і хутка псуецца… Крыўдна бывае і за яшчэ адну адмоўную тэндэнцыю. У самым пачатку сезона (сёлета гэта было ў маі) на сталічных рынках і ў іншых буйных гарадах прадавалі замежныя клубніцы (у прыватнасці, з Грэцыі) пад выглядам беларускіх. Нядобрана-дзейныя прадаўцы такім чынам фарміруюць у людзей няправільнае ўяўленне аб сапраўдных смаку і якасці ягад, цэнаўтварэнні. Абсалютна не супраць прадукцыі з замежжа, мы за здаровую канкурэнцыю! Чалавек сам павінен выбіраць, што і пачым купляць.

Свой ураджай, скаапераваўшыся з такімі ж таварышамі, Аляксандр Гуменяк рэалізаваў аптоваму пакупніку па 8 рублёў за кілаграм:

– Так што не заўсёды тое, што пішуць у чатах, адпавядае рэчаіснасці. А ўвогуле кошт за клубніцы павінен быць у сярэднім 12-15 рублёў, тады ёсць сэнс імі займацца. Пры цане ніжэй за 8 рублёў – апускаюцца рукі...

Вярнуўшыся дамоў, Аляксандр накіраваўся… Не, не адпачываць, хаця кароткі перапынак быў. Згадзіўся выручыць сябра і пабыць у ролі вадзіцеля зноў жа на ягадным маршруце. Прыклад нашага земляка адметны не толькі дабрынёй, але і тым, як можна паспяхова трансфармаваць свае веды і навыкі з адной сферы ў іншую. Яго гісторыя – не толькі расказ пра клубніцы, але і пра сілу чалавечага духу, важнасць самаразвіцця і пра тое, што сапраўднае прызванне можа хавацца там, дзе мы менш за ўсё чакаем яго знайсці. Сям’я, Наталля і чацвёра дзетак, з’яўляюцца не толькі падтрымкай Аляксандра, але і матывацыяй: для іх ён імкнецца стварыць лепшую будучыню, заснаваную на працы, ведах і якасці.

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ, газета "Лунінецкія навіны" 

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram


Следующая новость →