Работнікі малочнага завода наведалі Мірскі і Нясвіжскі палацы
Чароўнае падарожжа ў старажытнасць здзейснілі работнікі і ветэраны ААТ “Лунінецкі малочны завод”, філіялаў “Лобчанскае” і “Фірменны гандаль”.
Здавалася, Лунінец ад Міра і Нясвіжа аддзяляе вялікая адлегласць, але гэты час, праведзены ў вясёлай пазітыўнай кампаніі, прайшоў практычна незаўважана.
Мірскі замак уразіў сваім знешнім выглядам. Сярэдневяковыя тоўстыя сцены, вузкія пераходы, крутыя лесвіцы і велічнасць акунулі ў мінулае. Як тут не ўявіць, што да палаца пад’язджае карэта ў суправаджэнні рыцараў, а там сустракае дзяўчына ў шыкоўным пышным адзенні, а вось у зале каля каміна сядзяць князі ў старажытным убранні і вядуць цікавую гутарку…
Каралеўскі, Гетманскі, Залаты, Мармуровы… Усе залы ў Нясвіжскім палацы маюць непаўторнае мастацкае афармленне. Невыпадкова і запамінаецца ён сваім унутраным убраннем, а яшчэ велічным паркавым комплексам.
Кажуць, начамі па апусцелых залах палаца блукае здань Чорнай панны – Барбары Радзівіл. А яшчэ быццам тут ёсць падземны тунэль, які калісьці вёў у Мір, і там, магчыма, схаваны знакаміты клад Радзівілаў. Здавалася, што на некаторы час трапілі ў іншы свет. Свет поўны загадак, чароўных гісторый.
Ларыса КАРПЕЦ, намеснік дырэктара па ідэалагічнай і кадравай рабоце ААТ “Лунінецкі малочны завод”.