Разуменне пакупнікоў — фундамент паспяховага гандлю
КультураЗавочны клуб спажыўцоў

Разуменне пакупнікоў — фундамент паспяховага гандлю

дорорс31 ліпеня – Дзень работнікаў гандлю. Яго разам з іншымі прадстаўнікамі гэтай сферы адзначыць калектыў аддзела рабочага забеспячэння станцыі Лунінец, які з’яўляецца часткай адкрытага акцыянернага таварыства “ДорОРС”. Аб тым, чым жыве сёння арганізацыя, расказвае дырэктар Анатоль ПАЎЛОВІЧ.

– Работа ў нас не заўсёды прыкметная, але вельмі важная і складаная. Не сакрэт, што часам настрой чалавека залежыць ад таго, як яго абслужылі ў магазіне, у бары, якім абедам накармілі ў рэстаране. Таму людзі, якія кожны дзень ствараюць цёплую атмасферу і добры настрой у сваіх прадпрыемствах, заслугоўваюць шчырых слоў.

Сёння ў нашым аддзеле працуе 150 чалавек. Да прафесійнага свята ўсе яны будуць адзначаны прэміямі. На абслугоўваемай тэрыторыі, а гэта – Ганцавіцкі, Столінскі і Лунінецкі раёны, размешчаны 12 магазінаў, у тым ліку 3 – прамысловыя, і 8 кропак грамадскага харчавання.

Стараемся пастаянна абнаўляць і пашыраць асартыментны пералік тавараў і паслуг, наладжваць кантакты з пастаўшчыкамі, выконваць пажаданні наведвальнікаў. Працуем над вывучэннем пакупніцкага попыту, удасканаленнем якасці абслугоўвання. І гэта дае свае вынікі. Так, тэмпы росту рознічнага тавараабароту за першае паўгоддзе склалі 100,8 працэнта. Прадукцыйнасць працы ўзрасла да 113 працэнтаў, сярэдні заробак павялічыўся да 4,4 мільёна. Працуем рэнтабельна – 2,5 працэнта.

Аднаўленне і мадэрнізацыя – па-ранейшаму з’яўляюцца важнымі напрамкамі нашай дзейнасці. У рэканструкцыю магазіна на станцыі Сінкевічы выдаткавалі 400 мільёнаў рублёў. Тут значна пашырылі плошчу, што дазволіла павялічыць асартымент і якасць абслугоўвання. У выніку вырас і тавараабарот. У планах – рамонт гандлёвага аб’екта ў Мікашэвічах, магазіна №48 “Прамтавары” ў Лунінцы, дзе таксама будуць павялічаны гандлёвыя залы. Радуюць паказчыкі “Гаспадара”, дзе ў пастаянным продажы цэмент, дарэчы, па самых нізкіх цэнах у горадзе – 4,6 рубля, шыфер, вапна, руберойд і іншыя будаўнічыя матэрыялы.

Праяўляем пастаянную ўвагу да сваіх работнікаў, ствараючы годныя і бяспечныя ўмовы працы. Акрамя гэтага, для тых, хто жадае наведваць спартыўныя аб’екты, набываем абанементы за кошт арганізацыі. Так, басейн “Дэльфін” наведваюць 10 чалавек, але, спадзяюся, што ў хуткім часе колькасць аматараў здаровага ладу жыцця павялічыцца.

Віншую калектыў з надыходзячым святам – Днём работнікаў гандлю! Жадаю ўсім здароўя, сямейнага дабрабыту, пазітыўнага настрою, і каб работа заўсёды прыносіла радасць.

IMG_7561Толькі ў чэрвені праз гандлёвую сетку рэалізавалі 5 тысяч куставых руж. У гэтым – значны ўклад магазіна “Кветкі”,     які пачаў сваю дзейнасць у мінулым годзе.

Тое, што справы тут ідуць нядрэнна, сведчыць тавараабарот, які склаў 130 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Гаспадыня гандлёвай кропкі – Кацярына РОГАВА. Яна – творчая асоба, а кветкі не толькі ствараюць настрой, але дапамагаюць рэалізаваць свае здольнасці. Да кожнага пакупніка прадавец знаходзіць індывідуальны падыход, дапаможа зрабіць правільны выбар, параіць, які падарунак зрабіць. У магазіне ёсць магчымасць не толькі падабраць букет, які можна ўпрыгожыць пацерачкамі, матылькамі, ці вазон, але і набыць сувенір, паштоўку да таго ці іншага адметнага дня або падзеі.

Па словах Кацярыны Рогавай, самае важнае ў гандлёвай справе – уважлівыя і добразычлівыя адносіны да наведвальнікаў, уменне прапанаваць тавар, каб пакупнік застаўся задаволеным і пакідаў магазін са словамі ўдзячнасці, а потым вяртаўся сюды зноў і зноў…

IMG_7579У рэстаране чыгуначнага вакзала – вельмі дэмакратычныя цэны на комплексныя абеды – да 3 рублёў, смачная ежа, ветлівае і хуткае абслугоўванне. Гэта адзначаюць наведвальнікі, якія з задавальненнем пакідаюць водгукі ў кнізе заўваг і прапаноў.

У іх ліку – людзі розных узростаў і прафесій не толькі з Лунінца, але і са Століна, Мазыра, Мікашэвіч, Баранавіч…

– Наша задача – адчуць настрой кожнага наведвальніка: кагосьці падбадзёрыць, з кімсьці пажартаваць, кагосьці выслухаць, – кажа афіцыянт Святлана ЛЯШЧУК. – Трэба быць не проста спецыялістам сваёй справы, але і псіхолагам. Адно ветлівае слова, спагадлівы позірк, добразычлівая ўсмешка могуць сагрэць у самы непагодлівы дзень, дапамагчы адысці ад паўсядзённай мітусні, бясконцых клопатаў і жыццёвых праблем.

IMG_7592ААТ “ДорОРС” –  гэта не толькі сетка гандлёвых аб’ектаў,  але прадпрыемства, якое мае ўласную вытворчасць, у прыватнасці – мясакамбінат. Менавіта яго прадукцыю можна заўсёды бачыць на прылаўку мясной палаткі, што знаходзіцца на Прывакзальнай плошчы.

Прадавец Святлана САЙКО сцвярджае, што тавар хутка раскупляецца. Акрамя свініны-рубанкі, якая рэалізуецца па цане 5.25 рубля, тут заўсёды можна набыць ялавічыну і куры. Карыстаюцца попытам паўфабрыкаты, якія вырабляюць работнікі рэстарана – фарш, галубцы, пельмені.

 

 

 

IMG_7596Крэндзель і смятаннік карыстаюцца асаблівым попытам у дзетвары. Гэта сцвярджае прадавец палаткі на Прывакзальнай плошчы Ірына ВІДНІКЕВІЧ.

Ды і ўвогуле ўся выпечка – прадукцыя кандытар-скага цэха – даўно набыла папулярнасць у лунінчан, ахвотна яе купляюць і госці горада, і пасажыры.

Больш за 20 год таму Ірына Мікалаеўна пачала сваю дзейнасць у ОРСе менавіта з продажу булачак і іншай выпечкі. Потым працавала ў рэстаране і цяпер зноў – за прылавак. Асвойвацца на новым месцы доўга не давялося, бо справа знаёмая, а работа – любімая.

IMG_7605У студзені гэтага года магазін  №28 “Прадукты” ўзначаліла Таццяна БРЭЗІНА (на здымку злева разам з Валянцінай АРАШКЕВІЧ і Марыяй ВЯРЭНІЧ).

У гандлёвым аб’екце зрабілі касметычны рамонт, пашырылі асартымент.

– Усё гэта паўплывала на павелічэнне рэалізацыі тавару і наведвальнасць магазіна, – расказвае Таццяна Сяргееўна. – Мы дабіваемся нядрэнных паказчыкаў па тавараабароце. Сёння ў сферы гандлю даволі жорсткая канкурэнцыя, і калі мы не будзем развівацца, сачыць за навінкамі, то хутка страцім пакупнікоў. У іх ліку шмат пенсіянераў, таму асаблівую ўвагу надаем таварам паўсядзённага попыту, рэалізуючы іх па зніжаных гандлёвых надбаўках. Напрыклад, хлеб у нас можна набыць па цане ад 75 капеек. Прыходзячы да нас па малако, многія не забываюць набыць і пячэнне вытворчасці нашага кандытарскага цэха. Гэта прыемна. Заўсёды імкнемся, каб у продажы быў акцыённы тавар. А яшчэ ў магазіна зручны рэжым работы – з 7.15 да 21.00.

У нас дружная, згуртаваная каманда, у якой усе працуюць з энтузіязмам. Вопытныя прадаўцы вучаць маладых спецыялістаў быць карэктнымі і ветлівымі з людзьмі па той бок прылаўка. Мне пашанцавала з калектывам, як і з работай.

 

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть