Развітальны акорд
Сталі традыцыйнымі штогадовыя справаздачныя канцэрты навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў. Праходзяць яны звычайна ў маі. Прычым настолькі адметна і запамінальна, што пастаянна збіраюць у ГДК паўнюткую залу гледачоў. Так было і сёлета.
Задоўга да пачатку мерапрыемства юнакі і дзяўчаты настройвалі свае інструменты і афармлялі выставу малюнкаў. Для кожнага з 67-мі выпускнікоў гэта падзея – знакавая і хвалюючая, таму і рыхтаваліся да яе асабліва. Магчыма, некаторым яна дасць адлік прафесійнаму самавызначэнню, іншыя будуць радаваць сваёй творчасцю родных і знаёмых. Школа мастацтваў – навучальная ўстанова, дзе пануе свет гукаў і фарбаў. Тут працуюць 49 настаўнікаў. Каб заўсёды быць на вышыні, яны пастаянна ўдасканальваюць прафесійнае майстэрства. Не дзіўна, што і вучні таленавітыя.
– У нас многа адораных дзяцей, – адзначла дырэктар установы Вольга Белавус. – Яны паспяхова абараняюць гонар установы на конкурсах рознага ўзроўню. Здаецца, зусім нядаўна толькі пачалі засвойваць нотную грамату і рабіць першыя няўпэўненыя штрыхі на лістку паперы, а ўжо сёння праслаўляюць Лунінеччыну за яе межамі.
Пад гукі музыкі адзін за адным падымаліся віноўнікі ўрачыстасці з кветкамі ў руках на сцэну за дакументам, які пацвярджае, што імі пераадолена яшчэ адна важная прыступка на ніве адукацыі.
Да віншаванняў далучылася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Аксёнава. Яна пажадала ўсім выпуск-нікам далейшых поспехаў, а шэраг настаўнікаў адзначыла граматамі. Затым выпускнікі прадэманстравалі сваё майстэрства, атрыманае за час вучобы ў школе мастацтваў, а юныя выхаванцы імкнуліся ад іх не адставаць. Энергічна прагучала песня ў выкананні Ліаны Яраховіч “На десерт”. Захапленне слухачоў выклікала віртуознае валоданне скрыпкай Анастасіі Халімон і Ганны Пятрэнка, домрай – Анастасіі Богдан, баянам – Максіма Рудовіча і Багдана Пеленюка, цымбаламі – Ганны Дубовік, акардэонам – Германа Вярэніча, фартэпіана – Анастасіі Стасюк і кларнетам – Ільі Малея. А як хораша ігралі ў чатыры рукі Арына Курыловіч і выпускніца Алеся Заяц! Адзін аднаго змянялі хоры малодшых, сярэдніх і старэйшых класаў (кіраўнікі і канцэртмайстары адпаведна Марына Караваева і Людміла Корчык, Таццяна Круглік і Таццяна Куляшова, Юлія Бузынчык і Таццяна Калешка). Шмат прыемных хвілін падарылі прысутным ансамблі: баяністаў старэйшых класаў – Вольгі Жук, скрыпачоў малодшага і старэйшага саставаў «Канцэрціна» – Вольгі Белавус, «Кросны» – Сяргея Рыхцерара, «Крынічка» – Сняжаны Соц, «Менестрэль» – Ірыны Рамановіч. Як заўсёды, шквал апладысментаў заслужылі дзіцячы ўзорны аркестр народных інструментаў пад кіраўніцтвам Мікалая Корчыка і харавая група Юліі Бузынчык.
Не зважаючы на працягласць праграмы, у якой было 25 нумароў, канцэрт нікому не надакучыў. Наадварот, усе былі ў захапленні ад убачанага і пачутага. А гэта і ёсць лепшае пацвярджэнне таго, што ў школе мастацтваў працуюць таленавітыя, ініцыятыўныя людзі, якія дзякуючы сваім ведам і вопыту імкнуцца развіць далей творчыя здольнасці дзетак, выхаваць іх людзьмі інтэлігентнымі і культурнымі ва ўсіх адносінах.
Засталося дадаць, што ў фае была прадстаўлена выстава работ навучэнцаў мастацкага аддзялення ДШМ. Многія з работ выкананы на патрыятычную тэматыку і прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. Малюнкі, выстаўленыя на суд гледачоў, уражвалі сваёй адметнасцю і непаўторнасцю. А ўсё таму, што ў кожны з іх укладзена часцінка шчырай, непасрэднай дзіцячай душы.