Ручнікі на шчасце народнага майстра Беларусі з Лунінецкага раёна
КультураНовости районаОбщество

Ручнікі на шчасце народнага майстра Беларусі з Лунінецкага раёна

Славіцца Лунінецкі край самабытнымі людзьмі, якія ствараюць сапраўды ўнікальныя рэчы. Аўтэнтычнымі вырабамі палескіх умельцаў, якія нясуць у сабе сакральую энергетыку часу, захапляюцца на разнастайных абласных і рэспубліканскіх выставах, фестывалях і святах. У нашым раёне жывуць і працуюць тры цудоўныя жанчыны, якія ўдастоены высокага звання «Народны майстар Беларусі». Да адной з іх – Алены Капліч з невялікай вёсачкі пад мілагучнаю назвай Лутавень мы і завіталі ў госці.

Заходзім у хату і ажно дух пераймае: зала нагадвае сапраўдны музей. Колькі тут вышытых ды вытканых ручнікоў, посцілак, дываноў, абрусаў, намітак, вязаных сурвэтак, вазачак. Кожная рэч зроблена з асаб-лівай любоўю і замілаваннем клапатлівай гаспадыні. Ажурныя карункі ды мудрагелістыя ўзоры зачароўваюць сваёй вытанчанасцю і дасканаласцю. Нават дзіву даешся: няўжо такое хараство можна зрабіць з дапамогай звычайнай ніткі з іголкай, ці выткаць на старадаўніх драўляных кроснах?! Аказваецца, можна, калі душа ляжыць да рукадзелля, а нястомныя рукі так і просяцца ў працу.

– Вось гэтым падушачкам гадоў пяцьдзясят, а можа, і болей будзе, – кажа Алена Васільеўна, паказваючы на прыгожы прадмет інтэр’еру. – Вышывала, калі замуж пайшла.

Шчыра прызнаюся, спачатку нават не паверыла: яркія фарбы шыкоўных кветак зусім не выцвілі за такі даволі значны прамежак часу. Не інакш, гаспадыня – сапраўдная чараўніца, якой падуладна ствараць такой неверагоднай прыгажосці рэчы. А яшчэ яна – незвычайна абаяльная жанчына, якая выглядае значна маладзей за свой шаноўны ўзрост, які, дарэчы, яна і не хавае.

– Нарадзілася амаль за месяц да вызвалення Лунінеччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у далёкім чэрвені 1944 года, – расказвае Алена Капліч. – Летась адзначыла свой 80-гадовы юбілей. Цяжкая доля выпала пакаленню маіх бацькоў, якія перажылі жудасныя жахі вайны. Шасцёра дзяцей матуля з татам на ногі паднялі, якія шмат працавалі і нас вучылі не цурацца ніякай работы.

Змалку, нібыта тая пчолка, рупілася Алена на полі ці на сенакосе, дапамагаючы родным па гаспадарцы. Увішная дзяўчынка ўсюды паспявала, усё ў яе руках ладзілася, асабліва здольнай была да рукадзелля.

– Прасці, ткаць, вышываць і вязаць навучылася ад маці Марыі Міхайлаўны і цётачкі Аляксандры Міхайлаўны, якая была вельмі здатнай майстрыхай, – удакладняе гаспадыня. – За кросны села яшчэ зусім маленькай. Ткала палатно, з якога потым шылі адзенне. Гэта зараз можна што душа ні пажадае ў магазіне набыць, а ў пасляваенныя гады, калі краіна толькі падымалася з руін, насілі даматканае.

Цяжка было, але на складанасці Алена ніколі не звяртала ўвагі, наадварот, яны толькі загартоўвалі яе характар. У 14-гадовым узросце пайшла на самастойную працу, уладкаваўшыся паштальёнам. Завочна вучылася ў вячэрняй школе. Потым некалькі гадоў рупілася на агароднінасушыльным заводзе звычайнай рабочай. Затым закончыла курсы прадаўцоў і амаль два дзясяткі год свайго жыцця прысвяціла гандлёвай сферы. І дзе б гераіня майго аповеду ні шчыравала, яна заўсёды была ў перадавіках. Аб гэтым сведчаць яе шматлікія ўзнагароды, сярод якіх медаль “За працоўную доблесць”, адзнакі “Пераможца спаборніцтва”, “Заслужаны настаўнік моладзі” і “Выдатнік гандлю”.  Пэўны час працавала бухгалтарам на “Палімеры”, адкуль і пайшла на заслужаны адпачынак. Агульны стаж Алены Васільеўны налічвае больш за сорак гадоў. Будучы на пенсіі, яна з галавой акунулася ў сваю любімую справу. Варта адзначыць, што галоўным дарадцам, крытыкам і натхняльнікам для яе з’яўляўся муж Аляксей Фаміч, з якім у ладзе ды згодзе пражылі не адзін год. Выгадавалі дваіх цудоўных дзяцей. Ганарыцца гаспадыня і сваімі ўнукамі, якія пры магчымасці заўсёды наведваюцца да бабулі ў госці. Сям’я дачкі Галі-ны жыве далёка ў Маскве, а сын Аляксандр асталяваўся побач – у Мікашэвічах. Алена Васільеўна адчыняе шафу і паказвае казачнай прыгажосці ручной работы рэчы, якія яна падрыхтавала да значнай падзеі.

– Гэта наміткі і ручнікі на вяселле, – гаворыць майстрыха, – сватоў перавязваць ды каравай падносіць. Для сваіх любімых дзвюх унучак і ўнука захоўваю. Вось чакаю, калі надарыцца гэта цудоўная нагода.

З любоўю і пяшчотай яна іх вышывала, з асаблівым замілаваннем шчыруючы над кожным узорам ды арнаментам. Па словах жанчыны, вясельныя ручнікі патрэбна аздабляць не кветкамі з птушкамі, а ягадамі, напрыклад рабіны ці каліны, як сімвалы ўрадлівасці і багацця. Так калісьці рабілі нашы мудрыя продкі і, напэўна, мелі рацыю.

Не адну сотню ручнікоў ды намітак вышыла ды выткала мая гераіня.  Яе неверагоднай прыгажосці вырабамі захапляюцца не толькі ў нашым раёне, але і далёка за яго межамі. У яе вышыванках тоіцца глыбокі сакральны сэнс, што дайшоў да нас з даўніны сівых стагоддзяў. Кожны ўзор, вытканы ці вышыты працавітымі рукамі Алены Васільеўны, падборка каляровай гамы, мае сваё запаветнае значэнне, нясе пэўную энергетыку. У 2021 годзе за сваё аўтэнтычнае майстэрства Алена Капліч атрымала ганаровае званне «Народны майстар Рэспублікі Беларусь». А колькі ў яе ўзнагарод – не пералічыць! Сцены пакоя спрэс увешаны граматамі і дыпломамі за ўдзел у шматлікіх фестывалях і святах. Сярод іх – “Вясновы букет”, “Покліч Палесся”, “Славянскі базар”, “Ружанская брама”, “Дажынкі”, і, канечне ж, “Лунінецкія клубніцы”. З ахвотай увішная гаспадынька бярэ ўдзел у фэстах, чаруючы ўсіх сваёй рукатворнай прыгажосці вырабамі. Праўда, апошнім часам крышачку здароўе падводзіць, усё ж такі гады даюць аб сабе ведаць. Хаця Алена Васільеўна трымаецца малайцом, не губляе пачуцця гумару. Ёй так дапасуе да твару бялюткая кашуля, вышытая старадаўнім  арнаментам у чырвона-чорным каляровым тоне! Акрамя вышыўкі, жанчына захапляецца яшчэ вязаннем на прутках і кручком. Ажурныя сурвэткі, дзівоснай прыгажосці вазачкі, нібыта сплецены з паветра – настолькі яны далікатныя і непаўторныя.

– Колькі іх у мяне, нават і не злічыць! – гаворыць гаспадыня. – Каля паўсотні сняжынак вывязала, люблю дарыць свае работы, няхай прыносяць радасць людзям. 

Сапраўды, нельга не захапляцца вырабамі, у якія жанчына ўкладае свае запаветныя думкі, сваю душу. Непаўторная магія колераў і ўзораў – нібыта даўні запавет продкаў, што гучыць з сівой даўніны стагоддзяў, быццам наказ нашых бабуль і прабабуль, іх запрашэнне вярнуцца да сваіх вытокаў, не губляць сваіх каранёў. Сцелецца бялюткі сувой палатна, аздоблены старажытнымі матывамі, распісаны сакральнымі ўзорамі, якія днямі і вечарамі ткала лутавеньская майстрыха-чараўніца Алена Капліч. Тонкі, далікатна выбелены кужаль напоўнены энергіяй сонца і зямлі, а яшчэ гаючым цяплом нястомных рук вясковай рукадзельніцы.

Кацярына Яцушкевіч.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть