Рукадзельніца Таццяна Ермалёнак з Лунінца
КультураНовости районаОбщество

Рукадзельніца Таццяна Ермалёнак з Лунінца

Нездарма ў народзе існуе прымаўка, што таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім. Менавіта так можна сказаць і пра лунінчанку Таццяну Ермалёнак.

Таццяна Віктараўна, якая нарадзілася ў вёсцы Бродніца ў працавітай і дружнай сям’і, асоба шматгранная, у яе надзвычай тонкае адчуванне прыгожага, далікатная і трапяткая душа, якая дапамагае жанчыне адкрываць свой дзівосны свет чароўных вобразаў, фарбаў і рэчаў.

Таццяна – цудоўная рукадзельніца, самародак. Яна самастойна асвоіла тэхніку пляцення з газетнай паперы, хоць гэта і не так проста, як можа падацца на першы погляд. Занятак патрабуе ўседлівасці, засяроджанасці і ўважлівасці. А яшчэ мая субяседніца шые, вяжа, прыгожа вышывае крыжыкам, гатуе смачныя стравы і так хораша ды голасна спявае, што немагчыма не заслухацца яе сакавітым ды напеўным голасам, які перадаўся ёй у спадчыну ад матулі. Маладая жанчына ніколі не сядзіць без справы. Зрэшты, яна з дзяцінства прывыкла працаваць. Колькі сябе памятае, дапамагала разам з братам бацькам завіхацца па гаспадарцы.

– Сваё дзяцінства і юнацтва правяла ў вёсцы, – прыемна ўсміхаючыся, адзначае Таццяна. – Летам асабліва не было калі адпачываць. Бацькі трымалі шмат жыўнасці, садзілі агарод, займа-ліся клубніцамі. Мы, тады яшчэ дзеці, таксама і кароў пасвілі, і сена нарыхтоўвалі, і ягады збіралі. Не лайдачылі і каля тэлевізараў не сядзелі.

Яшчэ ў дзяцінстве Таццяна пачала захапляцца рука-дзеллем. Сама навучылася вязаць на прутках, шыць і вышываць крыжыкам. Што вельмі спатрэбілася ёй потым, ужо ў дарослым жыцці, калі ў яе сям’і з’явіліся трое чароўных дзетак.

Мая суразмоўца – не толькі прыгожая жанчына, апантаная сваёй справай, але яшчэ і цудоўная гаспадыня, клапатлівая матуля, якая душы не чуе ў сваіх дзвюх дачушках і сыночку. На жаль, жыццёвыя абставіны склаліся так, што Таццяна зараз адна выхоўвае дзяцей, але яна не апусціла рук, наадварот, цяжкасці яе толькі загартавалі, навучылі быць мудрай і высакароднай. Сваю бязмежную любоў і хараство душы яна дорыць не толькі сваім родным, але і ўкладае гэтыя пачуцці ў рэчы, якія майструе ўласнымі рукамі. Гледзячы на далікатныя кошыкі, скарбонкі, кашпо, вазачкі, ніколі не здагадаешся, што нара-дзіліся яны са звычайнай газетнай паперы, настолькі дасканалыя вырабы. Асабліва ўражваюць шыкоўныя дэкаратыўныя навагоднія цацкі, чаравічкі.

– Займаюся пляценнем не так і даўно, – удакладняе Таццяна Віктараўна. – Каля шасці гадоў. Аднойчы трапі-ла на адзін з сайтаў, на якім і расказвалася пра розныя тэхнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Прачытала, паспрабавала зрабіць нешта сваё. Праўда, першыя вырабы атрымаліся не вельмі ўдалымі, але практыка і час дапамаглі авалодаць тонкасцямі рамяства.

– Колькі часу патрэбна, каб сплесці, напрыклад, вось такі прыгожы кошык? – пытаюся ў рукадзельніцы.

– Няшмат, некалькі дзён, – адказвае майстрыха. – Сам працэс пляцення даволі працаёмкі. Я спачатку падрыхтоўваю ўвесь неабходны матэрыял, для работы выкарыстоўваю спецыяльную газетную паперу. Далей скручваю адпаведных памераў трубачкі, рыхтую каркас, усё потым пакрываю грунтоўкай, фарбай, лакам. Карыстаюцца попытам хлебніцы, неяк майстравала пад заказ домік для сабачкі, ляжанкі, прасілі зрабіць на падарунак арганайзер.

Таццяна Ермалёнак не толькі пляце з паперы, яна яшчэ і шые казачных гномі-каў, робіць прыгожыя кампазіцыі з высушаных кветак, вырабляе дэкаратыўныя каміны. У яе сапраўды залатыя рукі, за што ні возьмецца, заўсёды атрымліваюцца цудоўныя рэчы, якія выпраменьваюць неверагодную энергетыку цеплыні і пазітыву.

Кацярына Яцушкевіч.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть