Серп — лепш за газонакасілку
Культура

Серп — лепш за газонакасілку

серп иТак лічыць амаль 94-гадовая лунінчанка Вера Рыгораўна ВАНЮК.

Ідучы па вуліцах былога ўрочышча Баханова, іншы раз бачыш жанчыну, якая, перагнуўшыся долу, сярпом зразае расліны ўздоўж агароджы двара. І не для таго, каб траву на корм хатняй жывёле назбіраць:

– Не магу дапусціць, каб зелле кідалася ў вочы праходжым. Наша вуліца Таганава прыгожая, заасфальтаваная, шмат новых дамоў. Хочацца,  каб і мая  старэнькая хата пасавала наваколлю.

А дом жа – у вельмі прыдатным стане, хаця пабудаваны амаль 60 год таму. Гаспадыня нарадзілася ў цэнтры горада – 13 снежня 1919 года. Замуж выйшла пасля вайны:

– Каля бацькоўскага пляца хацелі ўзяць участак для ўзвядзення дома. Не далі. Прапанавалі на ўскрайку Лунінца. Прыжылася – і задаволена.

Вера Рыгораўна захапляе пазітыўным поглядам на рэчаіснасць! Зразумела, складана без мужа – памёр некалькі год таму. Разам выгадавалі чацвёра дзяцей. На жаль, толькі трое засталося:

– Раптоўна не  стала  сына. Жыў у Падмаскоўі. Добры працаўнік быў, цудоўны катэдж пабудаваў сабе, з басейнам… І адзін унук памёр – разумны і выхаваны… Але яшчэ восем маю на долю. Жывуць у розных гарадах, усе атрымалі вышэйшую адукацыю. Застаецца толькі дзякаваць Богу – і за жалобу, і за радасць…

Вера Рыгораўна прыроўнена да катэгорыі ветэранаў вайны як удзельнік аднаўлення прыфрантавых чыгунак. Пасля вызвалення Беларусі з ліпеня 1944-га працавала ў пякарні аддзела рабочага забеспячэння станцыі Лунінец. Праз тры гады ўладкавалася на іншую пасаду:

– Афіцыйна яна называлася “дастаўшчык дакументаў”, але прывыклі казаць “вызыўная”. Тэлефоны не ўсе мелі. Як трэба кагосьці тэрмінова на дзяжурства выклікаць, мне і даручалі. Чыгунка павінна працаваць без перапынку. Усведамляючы гэта, набегалася па горадзе. Здаецца, проста лятала… Некаторыя не хацелі мяняць вызначаныя планы, хаваліся ад мяне. Даводзілася і пад ложак заглядваць! Сама дакладна выконвала прафесійныя абавязкі – і ад іншых патрабавала таго ж…

Аб працавітасці Веры Рыгораўны можна расказваць шмат. Яна не здаецца ўзросту, імкнучыся рабіць усе справы, як і раней. Тры гады таму, наведаўшы сядзібу (дагледжаны агарод – таксама справа клапатлівых рук старажыла), былі ўражаны і ўсхваляваны: самастойна пабяліла столь і печ у кухні! Хаця дапамагае сям’я дачкі, што жыве ў Лунінцы (другая – у Брэсце, яшчэ адна – у Мастах, дарэчы, працуе дзяжурнай па станцыі):

– Штовечар зяць прыязджае. Канешне, упікне: няма чаго рабіць, дык за  серп  схапілася? А мне ж хочацца папрацаваць. У мяне тады і апетыт лепшы, і настрой добры, і сон мацнейшы. Пакуль жывеш на зямлі, знойдзеш справу.

У нашай пярвічнай ветэранскай арганізацыі многія былыя чыгуначнікі ўражваюць актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Але і тут вылучаецца Вера Рыгораўна! Арганізуем экскурсіі – яна першай прыйдзе да аўтобуса. Запрашаем на канцэрты – заўсёды ўшануе сваёй прысутнасцю артыстаў на сцэне ДК чыгуначнікаў. Праўда, пасля 90-годдзя ветэрана часта суправаджае хтосьці з родных… Для сучасных работнікаў станцыі Лунінец адны з самых шчым-лівых успамінаў – як Вера Рыгораўна прыносіла яблыкі з уласнага сада і частавала нас прама ў кабінетах… А як шчыра заўсёды дзякуе за элементарныя праявы ўвагі:

– На 9-ае Мая, Дзень Незалежнасці,  у прафесійнае  свята чыгуначнікаў мяне наведвае кіраўніцтва станцыі. Заўсёды – з  сумкай прадуктаў і грашовай прэміяй. Быццам і не галодная, і пенсіі хапае, але так прыемна, што не забываюць.

Вера Рыгораўна гаворыць, што ўзвядзенне новай царквы быццам адкрыла “другое дыханне”:

– Вырасла ж на Царкоўнай – цяпер вуліца Гагарына. І калі тут асталявалася, засталася адданай храму. На  службы ішла праз мост,  калі спяшалася – бегла праз рэйкі, праз чыгунку. З цягам часу шлях стаў непераадольным… І колькі ж цяпер радасці! Люблю ўсіх людзей, але асаблівае замілаванне выклікаюць дзеці. Іх так многа ў царкве! Прычашчаюцца, моляцца. Гляджу на нашу светлую будучыню – і душа спявае. Іду на  службу кожную нядзелю,  у кожнае  свята. Калі падыходжу цалаваць крыж, бацюшка заўсёды жадае: “Дай Бог вам дажыць да ста год і далей!”. Гэтыя  словы акрыляюць,  не даюць адчуць цяжар пражытых год. Шчаслівая,   вяртаюся  дамоў  са  спадзяваннямі праз тыдзень зноў выйсці на дарогу да храма…



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть