Сняцца былому танкісту усурыйскія сопкі
Нягледзячы на тое, што з моманту службы ў арміі мінула больш як 30 год, у памяці Мікалая ЛАБКО дагэтуль застаюцца добрыя ўспаміны пра сяброў-таварышаў і Далёкі Усход.
18-гадоваму вясковаму юнаку тады было ўсё ў навіну: і 12-гадзінны пералёт на самалёце і непаўторная прыгажосць Усурыйскага краю, дзе давялося выконваць воінскі абавязак у якасці механіка-вадзіцеля танка.
– Кіраваць такой тэхнікай асаблівых навыкаў не трэба. Калі ўмееш па-гаспадарску ўпраўляцца з трактарам, то і там атрымаецца, – з усмешкай на твары распавядае Мікалай Васільевіч. – У гаспадарцы я з 1979 года, на розных трактарах працаваў. Толькі на “Амкадоры” 6-ты сезон зялёную масу трамбую.
– Мікалай Васільевіч – чалавек вельмі адданы гаспадарцы. На такіх свет трымаецца, – кажа старшыня праўлення СВК “Хваецкае” Васіль Лазіцкі.
Сын вулькаўскай зямлі – ён ніколі не здраджваў сваім караням. Яго вернасць і адданасць праяўляецца нават у тым, што дагэтуль разам з жонкай Яўгеніяй Леанідаўнай жыве ў бацькоўскім доме, дзе разам з ім гадаваліся яшчэ тры браты і чатыры сястры. Тут выраслі іх дзеці – сын і дзве дачкі. Тут “адшліфоўвае” свае яшчэ няўпэўненыя крокі 2-гадовы ўнучак Глеб, які разам з матуляй часта наведваецца да дзядулі з бабуляй.