Святы – вясковыя, жыццёвыя
На аб’явы пра Дні вёсак Азярніца і Красная Воля мясцовыя жыхары рэагавалі амаль аднолькава: «Што, зноў свята? Здаецца ж, нядаўна было мінулагодняе!». Так адным радком выказвалася шкадаванне аб хуткаплыннасці часу і зменлівасці жыцця. А раз нешта перайначыць не ў сілах простаму чалавеку, то варта імкнуцца прымаць рэчаіснасць з ноткамі радасці ў сэрцах. Таму і мерапрыемствы аказаліся дарэчы, былі цікавымі і разнастайнымі…
У Азярніцы святочную праграму падрыхта-валі культработнікі і самадзейныя артысты з Дварца, Язвінак, Любачына і Сінкевіч. Эстрадныя нумары задавольвалі густы моладзі, народныя творы сагравалі адчуванні прадстаўнікоў старэйшых пакаленняў. Гульні спецыяльна арганізаваныя для дзетвары, надоўга запомніліся юным гасцям.
Трэба адзначыць энтузіязм і арганізатарскія здольнасці дырэктара мясцовага клуба і загадчыцы бібліятэкі Наталлі Бярозка. Дзякуючы яе стараннасці, невялікі населены пункт не пазбаўлены цікавых мерапрыемстваў, тут можна своечасова знайсці навінкі рознай літаратуры. А прыемны голас жанчыны вядомы аматарам самадзейнасці нават за межамі раёна.
Вёска ганарыцца сваімі доўгажыхарамі. Мяжу ў 90 год перасягнулі 6 чалавек, старэйшая з якіх – 93-гадовая Ганна Кнырэвіч. З пажаданнямі пераўзысці яе паважаны ўзрост віншавалі самых маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак, якім у будучым будаваць дабрабыт у роднай старонцы. Шчасцем і бескла-потнасцю свяціліся позіркі маладых, што сёлета пабраліся шлюбам, больш сур’ёзныя, але не менш радасныя – у тых, хто адзначае юбілейныя даты сямейнага жыцця.
У Краснай Волі на гэты раз вырашылі канцэртную праграму наладзіць сваімі сіламі. Таленты мясцовых жыхароў разнастайныя, таму і сумаваць не давялося нікому. Актыўна выступалі школьнікі, прад-стаўляючы вядомыя сучасныя песні ў сольным выкананні.
Дарослыя артысты спявалі творы з недалёкага мінулага, а яны закраналі струны ў душах старэйшых, бо на хвілінку многіх вярталі ў маладосць. Выступленне дзіцячага танцавальнага калектыву выклікала шквал станоўчых эмоцый у гледачоў. Здзівілі незвычайныя касцюмы, пластыка і сабранасць удзельнікаў, а таксама арыгінальнасць падрыхтаваных нумароў.
Вядома ж, нельга ўявіць святы без паху шашлыкоў і папкорну, вялікіх “букетаў” салодкай ваты і разнастайных забаў для дзетвары. Гэта стала неад’емнай часткай масавых мерапрыемстваў і дорыць адчуванне добрага настрою. Бяспройгрышныя латарэі паказалі, каму ўсміхнулася большая ўдача. Пад гукі прыгожых мелодый ладзіліся танцы, і нікому не хацелася развітвацца. Супакойвала толькі, што час прамільгне непрыкметна і праз год новае свята збярэ аднавяскоўцаў разам.