Там, за туманамі…
Нячутна, але смела падкрадзецца першы начны замаразак. Яшчэ з вечара будзе даволі цёпла, а на досвітку ўсё наўкола пакрыецца першым інеем. Ад ягонага подыху апусцяцца долу тоненькія голачкі-тычынкі кропу, а на верхавінках застынуць павучкі. Так і не дачакаюцца бабінага лета – не паспеюць паляцець удалячынь. Нідзе не ўбачыш іх пасля. Толькі таўсцейшымі, быццам электрычны провад, стануць дагэтуль ледзь бачныя павуцінкі.
І цішыня будзе… Звонкая, нязвыклая пасля лета. Забрэшуць на падворках сабакі, і голас іх панясецца далёка-далёка, спыняючыся за касматымі кронамі старога сасновага бору.
Пацягне ад рэчкі густым туманам. Ні ўсплёску рыбы на вадзе, ні звычных хваляў, што, бывала, улетку, вырываліся аднекуль з-за крутога берага. Асірацее яна – ні рыбака, ні пастуха не ўбачыш на прылягаючым лузе. Абмялела. Толькі глыбокія яміны, нібы цёмная ноч, застынуць у чаканні ледаставу. Але і там жыццё бурліць – снуюць пад карчамі язі, ды шчупакі тояцца ў схованках, чакаючы, калі нейкая дробязь праплыве паблізу.
А тым часам у барах пачынае ападаць лістота. Чырвова-барвовае «адзенне» скідае патроху асіна. Грыбоў у такой падсцілцы шмат, асабліва падбярозавікаў. Трэба добра ўглядацца – віднеюцца то там, то тут. Баравікі з моху выглядаюць, сыраежкі ды чародкі лісічанак, маслюкоў “бягуць” уздоўж лясной сцежкі. Юрка носіцца па дрэвах рыжая вавёрка, часам і яна апускаецца долу ў пошуках грыбоў.
А як хораша цвітуць верасы! Густое покрыва цешыць вока, просіць хоць на хвілінку спыніць хадзьбу, палюбавацца непаўторным хараством!
Рыгор ЖУК. Фота аўтара.