Ціхае святло выпраменьваюць абразы
Раённы краязнаўчы музей зараз нагадвае храм. З 16 жніўня тут праходзіць выстава Ядзвігі Сянько “Святло іконы”.
Аўтар жыве ў горадзе Маладзечна. Займалася ў студыі выяўленчага мастацтва пад кіраўніцтвам Юрыя Герасіменкі. У 1983 годзе скончыла Маскоўскі ўніверсітэт мастацтваў – аддзяленне станкавага жывапісу і графікі.
З 1997 года яе творчасць непарыўна звязана з тэматыкай хрысціянства. З благаславення Філарэта, мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага экзарха ўсея Беларусі, піша выявы з усіх вядомых у праваслаўным свеце абразоў. У арсенале жанчыны ёсць і біблейскія сюжэты, а таксама каталіцкія іконы.
Ядзвігай створана больш за 1500 ікон і карцін. Яе работы можна ўбачыць у некаторых музеях, шматлікіх храмах Беларусі, а таксама прыватных калекцыях у Расіі, Эстоніі, Польшчы, Германіі, ЗША і інш.
Кожны сам вырашае, як успрымаць іконы: як святыню або як звычайную карціну. Спрэчкі наконт гэтага ўвогуле не знікнуць. А з іншага боку, хіба магчыма даказаць цуд?
На самай справе, ніякіх цудаў не ўбачыць той чалавек, які проста не здольны іх бачыць. Тое ж і з іконамі: ні адзін іншадумец не зможа пахіснуць веру, таксама як ні адзін чалавек не зможа гэтую веру данесці ў няверуючую душу. Можа быць загадка менавіта ў тым, што кожны атрымае менавіта той адказ, які шукае.
Адказы на свае пытанні я атрымала. А вы? Калі не, наведайце раённы краязнаўчы музей! Тут вас чакае дзіўны духоўны свет, свет бязгрэшнай чысціні, дабра і любові. І хто ведае, можа многае праясніцца і для вас! Выстава працягнецца да 15 верасня.