«Цяплей у сэрцы і святлей наўкола ад твораў Елянеўскага Міколы…»
На мінулым тыдні ў цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла прэзентацыя кніг нашага земляка Міколы Елянеўскага – раманаў “Мытари и фарисеи” і “Наперсный крест”, а таксама зборніка аповесцяў, нарысаў і апавяданняў “Сердцебиение”. Творы ўбачылі свет у асобных выданнях пасля таго, як таленавітага пісьменніка не стала. Менавіта таму мерапрыемства, спачатку задуманае, як прэзентацыя, ператварылася ў сімвалічную вечарыну памяці самабытнага творцы, удзел у якой бралі яго жонка Надзея Мікалаеўна, сын Андрэй і ўнучка Ганначка.
З гэтай нагоды ў чытальнай зале была аформлена невялікая выстава кніг пісьменніка, а таксама фотаздымкаў, якія занатавалі не толькі яго вайсковае юнацтва, але і моманты прыездаў на малую радзіму, падчас якіх Мікола неаднойчы наведваўся ў бібліятэку райцэнтра. Сёння тут сабраліся яго сябры і родныя. Прыйшлі, каб у чарговы раз выказаць захапленне ўменнем аўтара бачыць незвычайнае ў радавых, здавалася б, рэчах і падзеях. А яшчэ – сагрэць душу ўспамінамі…
Кожнае выступленне было прасякнута шчымлівымі згадкамі, якія трывожылі сэрцы горыччу страты. Урач Лунінскай амбулаторыі Мікалай Рахлей быў не проста цёзкам Елянеўскага: ён быў сапраўдным сябрам – такім, якіх жыццё дорыць нячаста. Гэтае сяброўства натхніла пісьменніка з Луніна на многія сюжэты, у якіх і сёння можна пазнаць аднавяскоўцаў абодвух Міколаў.
Дырэктар Лунінскай СШ Сяргей Курак – прадстаўнік маладога пакалення лунян. Напачатку Міколу Елянеў-скага ён ведаў як аднакласніка сваёй матулі. Пазней пазнаёміўся з яго творчасцю. А яшчэ праз некаторы час з ахвотай падтрымаў ідэю Елянеўскага штогод праводзіць у роднай для абодвух вёсцы раённае свята пад сімвалічнай назвай “Лунінская восень”. Яно жыве і сёння, кожны лістапад збіраючы ў Луніне творцаў з усёй вобласці.
Стараннямі яшчэ аднаго сябра Міколы Елянеўскага – сакратара абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўнага рэдактара Іванаўскай раённай газеты “Чырвоная звязда” Анатоля Крэйдзіча “Лунінская восень” неўзабаве з раённага ператварылася ў прыгожае абласное свята, падчас якога штогод паэтам і празаікам Берасцейшчыны ўручаюцца прэміі імя Уладзіміра Калесніка. У свой час лаўрэатам гэтай прэміі быў і Мікола Елянеўскі…
Мне таксама пашчасціла на сустрэчы з Міколам. Мы былі добрымі сябрамі, бо ўмелі шчыра радавацца поспехам адзін аднаго і заўсёды спяшаліся на дапамогу, калі такая была патрэбна. Разумелі: сяброўства толькі тады становіцца сапраўдным, калі вытрымлівае выпрабаванні часам. Вось толькі часу гэтага Міколе лёс даў вельмі мала.
На сустрэчы прагучала прапанова прысвоіць абласному дзіцяча-юнацкаму творчаму конкурсу імя Міколы Елянеўскага, а ў музеі Лунінскай СШ, рупліўцам якога заўсёды быў Мікола, стварыць асобны куток, прысвечаны слыннаму земляку.
Парадава і яшчэ адна добрая навіна: галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама па ініцыятыве абласной пісьменніцкай суполкі выйшла з прапановай аб перавыданні кніг Міколы Елянеўскага. Магчыма тады ад яго творчасці змогуць атрымаць асалоду не толькі блізкія і сябры, а ўсе, каму неабыякавы лёс малой Радзімы і яе будучыня.
Таццяна Вайцяхоўская