У вышыванні – выратаванне
Культура

У вышыванні – выратаванне

Звычайная вясковая хата нагадвае музей. Вышытыя крыжыкам вырабы акуратна развешаны на сценах, ляжаць на ложку і стале. Створаныя вобразы выклікаюць захапленнне, здзіўляюць сваёй прастатой і складанасцю адначасова. Вось птушкі апусціліся на галінку ў зялёнай лістоце, дорачы імгненне летняга цяпла. Тут кветкі выглядаюць жывымі, здаецца, вось-вось ахутае іх дзіўны водар, і пялёсткі руж асыплюцца долу ад рэзкіх павеваў ветру…

Аўтар цудоўных тварэнняў – Надзея ЛЫНША з Бастыні. Простая вясковая жанчына, якая ўсё працоўнае жыццё аддала калгасу ў якасці даяркі, а з-за складанасцей асабістага лёсу на старасці год засталася ў поўнай адзіноце. Але не здаючыся суму і маркоце, не наракаючы на цяжкасці, яна радуе прыемнай усмешкай і здзіўляе асаблівымі  здольнасцямі.

Яе нараджэнне прыпала на 1945 год, калі ўвесь народ услаўляў Вя-лікую Перамогу. Пасляваеннае жыццё было нялёгкім. Беднасць, хваробы, з-за якіх бацькоўская сям’я Надзеі страціла дваіх дзетак. Чацвёра сталі дарослымі, але да старасці дажылі толькі двое.

З дзяцінства дзяўчынка зведала, што такое цяжкая работа, бо дапамагала даіць калгасных кароў. Маленькія далонькі жвава ўпраўляліся з абавязкамі хутчэй за дарослых. 11 год працадні пісала на маці, пазней зарабляла стаж для сябе. Планавала з жывёлагадоўлі выйсці на заслужаны адпачынак, але перашкодзіла траўма правай рукі. Неяк паслізнулася, ударылася плячом, і на працягу доўгага часу адчувае боль і аняменне, якое не паддаецца лячэнню.

Давялося адмовіцца ад прывычных абавязкаў раней тэрміну. Гэта адбілася на памеры пенсіі, на якую адзінокай жанчыне даводзіцца вырашаць усе бытавыя праблемы. Самая галоўная на сённяшні дзень – неабходнасць адрамантаваць дах, які моцна працякае. Старшыня Бастынскага сельвыканкама Фёдар Рашэцкі ў курсе спраў, шукае магчымасць дапамагчы з фінансаваннем.

У юнацтве Надзея была вясёлай і жыццярадаснай. Умела прыгожа спяваць, танцаваць, здзіўляла дасціпнымі жартамі. Як і ўсе ў яе ўзросце, хацела ведаць свой далейшы лёс. Аднойчы з равесніцамі пайшлі да знаёмай варажбіткі. Раскінуўшы калоду карт, тая сумна паглядзела на дзяўчыну і прамовіла: “Не суджана табе мець дзяцей. Бачыць іх будзеш, а трымаць у руках не давядзецца”.

Ніхто не мог растлумачыць сказанае, але ўсё склалася менавіта так. Тройчы маладая жанчына на позніх тэрмінах цяжарнасці страчвала немаўлят. Медыцына тады была не зусім дасканалай, магчыма, на стан будучай матулі негатыўна ўплывала цяжкая фізічная праца. Так і не дачакалася Надзея ў сваёй хаце  дзіцячага смеху, не адчула сапраўднага шчасця.

Разам з мужам яны змірыліся са сваім лёсам, хаця заўсёды марылі, што дзеці будуць галоўным сэнсам іх жыцця. Аддавалі нераздзеленую ўвагу і любоў адно аднаму.

Аляксандр Аляксандравіч таксама вырас у Бастыні, але меў радню на Ганцаўшчыне. Ён увесь час працаваў на трактары і камбайне, выконваў любыя даручэнні кіраўніцтва. Дома трымалі жыўнасць, клапаціліся пра агарод.

Баючыся адзіноты, муж і жонка прасілі ў Бога не разлучаць іх да старасці год, каб маглі дажываць век разам. Але і гэтыя жаданні не спраўдзіліся – у 2009 гаспадара не стала. Цяжкая хвароба забрала яго з гэтага свету ў перадпенсійным узросце. Тады Надзея Сцяпанаўна вымушана была прадаць карову і свіней, пакінуўшы на падворку толькі некалькі кур-нясушак.

Зруйнаваўся адладжаны рытм жыцця, і прыстасавацца да пустаты ў пакоях жанчыне было няпроста. Часта, зачыніўшы шчыльна дзверы, адгарадзіўшыся ад усяго свету фіранкамі на акне, з горыччу галасіла, не ведаючы, куды сябе дзець. Думкі, што няма каго чакаць, аб кім клапаціцца прыводзілі да адчаю. Аднойчы расказала аб набалелым знаёмай. Тая прынесла пакунак з ніткамі, тканіну, і строга прамовіла: “На вось, паспрабуй. Пабачыш – палягчэе”.

За новы занятак вышывання крыжыкам Надзея Сцяпанаўна ўхапілася, як за выратаванне. І сапраўды, праводзячы дзень ці вечар у падліках радкоў, падбіраючы патрэбны колер для новага ўзору час мінаў хутчэй, а вынікі стараннай працы паляпшалі настрой. Пачынала з невялікіх сурвэтак, потым узялася за ручнік. Цяпер можа выканаць заданне любой складанасці. Прызначэнне прыгожым вырабам мастацтва таксама знайшлося хутка – адзін падарыла, другі, трэці. У некага са знаёмых дзень нара-джэння ці іншая добрая нагода. І жанчына з яшчэ большай ахвотай бярэцца за іголку з ніткай. Ёй прыемна прыносіць радасць людзям хоць такім сціплым спосабам.

Надзея Сцяпанаўна не прывыкла працаваць абы-як. Аб гэтым сведчылі перадавыя месцы ў калгасных спаборніцтвах сярод даярак на працягу ўсёй жыццёвай дарогі. Партрэт з Дошкі гонару таго часу яна захоўвае, як важную рэліквію. Ён – напамін пра светлую маладосць, пра запал і сілу, з якімі бралася за выкананне няпростых абавязкаў.

Не хацелася пакідаць утульны дом, дзе гаспадарыць цішыня. Тут адчуваецца ветлівасць, цёпла не толькі ад напаленай грубкі, але і чалавечай дабрыні. Сілілася знайсці патрэбныя словы для супакаення ад нахлынуўшых на рукадзельніцу горкіх успамінаў. Захаплялася яе творчасцю, бо вышыванкі зіхацелі рознакаляровымі фарбамі, дорачы незабыўныя хвіліны сустрэчы з прыгожым. Доўга ў сэрцы жыло адчуванне нечага светлага, чыстага – гонару за сваіх землякоў: простых, сціплых і бязмежна таленавітых.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть