«Углядайся, мой сыне, пільней углядайся ў святыя абрысы бацькоўскай зямлі…»
Радкі з верша беларускага класіка сталі лейтматывам выязнога семінара раённага краязнаўчага музея па “вогненных вёсках”.
За падтрымку мерапрыемства дырэктар Н.Б. Благадзёрава ўдзячна аддзелам па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі, а таксама адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Ленін
Сустрэчы пачаліся з вёскі Ленін Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Дырэктар мясцовай СШ-дзіцячы сад Сяргей Бачышча паведаміў аб стварэнні тэматычных класаў – праваслаўнай культуры і лясной гаспадаркі. Асаблівым гонарам школы з’яўляецца краязнаўчы музей у размешчанай побач сядзібе. Яна захавала інтэр’ер звычайнай палескай хаты з прыладамі сялянскага побыту і грубкай пасярэдзіне. Асобныя пакоі захавалі бібліятэку твораў У.І. Леніна на розных мовах, а таксама прыцягваюць вітрынамі і стэндамі з адлюстраваннем багатай гісторыі вядомага з сярэднявечча радзівілаўскага маёнтка.
Экскурсію па музею правяла адна з яго стваральніц і хавальніц – настаўніца Людміла Таненя. Сваёй дасведчанасцю і захопленасцю яна ўразіла лунінчан.
Наведалі могілкі са 150-гадовай капліцай. Настаяцель храма Нараджэння Багародзіцы в. Ленін іерэй Дзімітрый Гулюта адслужыў ліцію па ахвярах фашызму і благаславіў дэлегацыю на далейшы шлях.
Моршчынавічы
Пры ў’ездзе ў вёску наш мікрааўтобус спыніла жанчына ў камуфляжы. Яна правяла экскурсію па аддаленым паселішчы, што добраўпарадкоўваецца, дзякуючы неабыякавым спадчыннікам радавых сядзіб. Наступны прыпынак чакаў пры ўваходзе ў навакольны лес. І зноў сюрпрыз! З кустоў выскачылі дзеці ў камуфляжах, хлопчык нават з драўляным “карабінам”, і строга патрабавалі:
– Пароль!
Добра, што яго “ведала” наша гід – настаўніца СШ №2 г. Мікашэвічы Юлія Гапеенка. “Юныя партызаны” – 4-класнікі гэтай жа школы Насця Чарнавокая і Арцемій Юханаў – правялі да “месца дыслакацыі” атрада і сямейнага лагера. У маляўнічай дубраве, на залітай восеньскім сонцам паляне, адбылася інсцэніраваная гульня “Партызанскі атрад”, дзе ў ролях рэальных гістарычных асоб 11-класнікі рэканструявалі падзеі акупацыі і змагання з фашыстамі.
Кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў гісторыі Дзіяна Сладзінская (СШ №2 г. Лунінца) падзялілася ўражаннямі:
– Ганаруся, што ў педагагічнай грамадскасці раёна працуе такая яркая асоба, як Наталля Баброўнік. Яна здолела выхаваць і цудоўных вучняў, якім блізкія перакананні настаўніцы, і адданых захаванню мінуўшчыны роднага краю. У іх ліку – педагогі Алена Баган і Настасся Канановіч, якія таксама прымалі ўдзел у такім незвычайным уроку гісторыі.
Сітніцкі Двор
Каля помніка, усталяванага на магіле 380-ці ахвяр фашызму, эмацыянальна выступіў ветэран педагагічнай працы Уладзімір Аксёненка. Ён заклікаў маладое пакаленне памятаць аб трагедыях вайны, каб не пачалася новая… Слёзы выклікалі ўспаміны Антаніны Анісімавай, у якой фашысты забілі дзеда і бабулю з іх нявесткай, маму і тату, сястру, брата з жонкай і немаўлём-пляменнікам. 85-гадовай жанчыне цяжка было прыгадваць сваё сіроцтва. Крыху супакоілася, калі яе руку стаў трымаць старшыня Сінкевіцкага сельвыканкама Валерый Краснікевіч. Гэта падалося вельмі сімвалічным. Менавіта намаганнямі мясцовай улады захоўваюцца святыя мясціны – пахаванні ахвяр фашызму, занатаванне іх імёнаў на помніках, што, хочацца спадзявацца, будзе выканана і тут. Надзейная апора кіраўніцтву – вучні Сінкевіцкай СШ, якія разам з педагогам-арганізатарам Ірынай Сінкевіч паведамілі аб трагічных і гераічных старонках ваеннай гісторыі краю.
Вулька 1
Вёска, дзе забіты 43 жыхары і спалены 136 двароў, таксама ўвекавечана ў Хатыні. Але вучні мясцовай школы сваю літаратурна-музычную кампазіцыю прысвяцілі Мелясніцы. І зрабілі гэта вельмі таленавіта. Далёка за межамі нашага краю вядома імя творчай настаўніцы Ганны Кляўцэвіч. Яна ў чарговы раз так здолела падрыхтаваць вучняў, што ўсе быццам бы перанесліся ў прасторы і часе, быццам апынуліся ў тым жудасным дні 1 кастрычніка 1943 года, калі паміралі ні за што забітыя карнікамі людзі і гарэла вёска.
Ад імя гледачоў дырэктар СШ в. Вулька 1 Сяргей Грушэўскі выказаў падзяку рэжысёру і артыстам. Па яго прапанове зала ўзнялася ў гонар ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якіх становіцца ўсё менш…
Багданаўка
Галоўнае – памятаць. І ў тым, што “это нужно не мертвым – это надо живым”, пераканаліся ў вёсцы, якая на працягу ўсёй акупацыі моцна цярпела ад фашыстаў і была спалена апошняй у нашым краі – за два месяцы да вызвалення. У скверы памяці загінуўшых воінаў-землякоў ліцію адслужыў настаяцель храма святых Веры, Надзеі, Любові і Сафіі протаіерэй Мікалай Вабішчэвіч з царкоўным хорам. У школьным музеі юныя экскурсаводы пранікнёна расказалі аб трагедыі Багданаўкі, таксама ўвекавечанай у Хатыні, кранаюча перадалі запісаныя ад старажылаў успаміны, нагадалі аб удзельніках вайны – былых франтавіках і партызанах. За захаванне памяці аб гераічным пакаленні шчырую ўдзячнасць дзецям і настаўніцы Ганне Мелюх выказалі метадыст аддзела адукацыі Вольга Скрыпель, старшыні раённых арганізацый Беларускіх саюзаў афіцэраў і ветэранаў вайны ў Афганістане адпаведна Уладзімір Жураўлёў і Аляксандр Жуланаў. Своеасаблівыя вынікі тэматычнага дня падвяла дырэктар Багданаўскай СШ Алена Ярмольчык:
– Краязнаўчы музей выбраў найлепшую дату для правядзення семінара. 17 кастрычніка – дзень нараджэння раённай газеты, якая пад рознымі назвамі, але на працягу ўсёй дзейнасці занатоўвае шматпакутную гісторыю нашага краю, з’яўляецца летапісам сучаснасці, адлюстраваннем цяперашніх дасягненняў раёна…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.