Утрымацца на заваяваных пазіцыях
Такую задачу перад калектывам Лунінецкай аўташколы ДТСААФ паставіў дырэктар Пётр РУДОВІЧ падчас сходу, прысвечанага падвядзенню вынікаў за першае паўгоддзе 2014 года.
Намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай часці Аляксандр Насковіч праінфармаваў аб выкананні планавага задання па падрыхтоўцы вадзіцеляў.
У першым паўгоддзі выпусцілі 240 вадзіцеляў катэгорыі “В” пры плане на год 450. Карыстаюцца попытам і іншыя катэгорыі, а таксама перападрыхтоўка з “В” на “С” і з “С” на “Д”. Кіраўніцтва аўташколы заўсёды ідзе насустрач тым, хто мае намер асвоіць навыкі ваджэння. Так, сёлета ўпершыню была сфарміравана група “выхаднога дня”. Гэту практыку плануецца працягнуць і надалей.
Як паведаміла галоўны бухгалтар Таццяна Сыцэвіч, за 6 месяцаў атрымалі даходу больш як 1,5 мільярда рублёў, што складае 114,3 працэнта да ўзроўню аналагічнага перыяду 2013 года. Асноўнай крыніцай фінансавых паступленняў з’яўляецца платная падрыхтоўка вадзіцеляў, у выніку аказання гэтага віду паслуг “скарбонка” папоўнілася больш як на адзін мільярд рублёў. Узровень рэнтабельнасці дасягнуў максімальнай за ўсе гады адзнакі – 49 працэнтаў пры сярэднеабласным паказчыку 24.
Працэнт здачы экзаменаў з першага разу ў МРЭА ДАІ па катэгорыі “В” склаў 65,4 працэнта. Гэта таксама адзін з самых высокіх паказчыкаў на Брэстчыне. Не апошнюю ролю адыгрывае і матэрыяльнае заахвочванне выкладчыкаў і майстроў пры паспяховай здачы выпрабаванняў. Сярэдняя заработная плата за 6 месяцаў склала 6 мільёнаў 290 тысяч рублёў (па вобласці ў сістэме ДТСААФ – 4 мільёны 238 тысяч рублёў). Даход на аднаго працаўніка дасягнуў 56,8 мільёна рублёў.
Але ж трэба разумець, што не ўсё вымяраецца рублём. Прыемна канстатаваць, што за апошнія гады дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам выпускнікоў аўташколы са стажам да аднаго года не зарэгістравана.
Матэрыяльная база школы пастаянна ўдасканальваецца, рэгулярна набываюць больш сучасныя камп’ютары, абнаўляюць праграмнае забеспячэнне. Курсы ва-джэння праводзяць на 10 сучасных мадэлях аўтамабіляў такіх як “Дача-Логан” і “Дэу-Нэксія”, узрост якіх не перавышае 5 год. Тэхнічны стан аўтапарка рэгулярна кантралюецца. Практычныя заняткі праходзяць на трэніровачнай пляцоўцы, дзе ёсць усе магчымасці для навучання паўнацэннай яздзе і мадэляванню розных дарожных сітуацый.
Асаблівая ўвага надаецца развіццю тэхнічных відаў спорту, у тым ліку – мотаболу. Сёлета выдаткавалі на ўтрыманне юнацкай мотабольнай каманды “Ракета” 18,3 мільёна рублёў уласных сродкаў. Да таго ж, атрымалі фінансавую падтрымку ад рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “ДТСААФ”, якая была накіравана на набыццё шын для матацыклаў. Сёлета “Ракета” ўдала выступіла на рэспублі-канскім турніры. Юнакі таксама годна трымалі выпрабаванне, абараняючы гонар МК “Лунінец”. У падрыхтоўцы юных спартсменаў за-дзейнічаны трэнер Аляксандр Верамейчык. Як адзначыў кіраўнік аўташколы Пётр Рудовіч, вопыт удзелу ў спаборніцтвах сёлета невялікі, таму ёсць папярэдняя дамоўленасць з юнацкай камандай Пінска правесці на заканчэнні сезона таварыскую гульню.
Дабівацца высокіх вынікаў у рабоце дапамагае камандны дух, які пануе ў калектыве, у аснове якога – вопытныя выкладчыкі і майстры навучання. У іх ліку – Міхаіл ПАЎЛЮКАВЕЦ. У Міхаіла Максімавіча ў працоўнай кніжцы ўсяго два працоўныя месцы – ААТ “Палессеэлектрамаш” і аўташкола. Калі 9 год таму сённяшні кіраўнік Пётр Рудовіч прапанаваў завадчаніну перакваліфікавацца, той узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, згадзіўся. І цяпер упэўнены, што зрабіў правільны выбар. У гэтыя дні майстар адзначыў 60-гадовы юбілей. За добрасумленную працу, прафесіяналізм, адданасць сваёй справе ён узнагароджаны Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў, якую ўручыў старшыня райсавета Віктар Рафаловіч. Шчырыя словы віншаванняў прымаў у святочны дзень юбіляр ад кіраўніка аўташколы і калег.