Верым, што рэкорд будзе!
Культура

Верым, што рэкорд будзе!

гребеньГэтая сімпатычная маладая жанчына праславіла Лунінеччыну так, як ніхто да яе гэтага не рабіў. Людміла ГРЭБЕНЬ – член нацыянальнай паралімпійскай каманды Рэспублікі Беларусь па паўэрліфцінгу, майстар спорту міжнароднага класа, рэкардсменка Еўропы, неаднаразовая чэмпіёнка свету і Еўропы, удзельніца паралімпійскіх гульняў у Грэцыі (Афіны) і Англіі (Лондан). У скарбонцы спартсменкі – вялікая колькасць узнагарод. З іх складана выбраць самую дарагую ці самую памятную. І ўсё ж…

– Для мяне вельмі памятны чэмпіянат свету ў Чэхіі ў 2000 годзе, – успамінае Людміла. – Гэта былі, бадай, мае першыя сур’ёзныя спаборніцтвы, першае выпрабаванне такога ўзроўню. Вельмі хвалявалася я, хваляваўся мой трэнер Мікалай Кіпель. І тым больш радаснай была перамога. Залаты медаль! Потым было 1 месца на чэмпіянаце свету сярод інвалідаў ДЦП у г. Нотынгем (Англія), серабро на чэмпіянатах Еўропы ў Славакіі і Партугаліі, другая прыступка п’едэстала на чэмпіянаце свету ў Карэі, золата – у Грэцыі, бронза – у Малайзіі… Але такая ўзнёсласць, такая па-дзіцячаму шчырая радасць была толькі тады.
Людміла Грэбень верыць у свой шчаслівы лёс, хаця і ведае, што перамогі даюцца вялікай працай, потам і крывёй у спортзалах і на трэнажорах. Фізкультурна-аздараўленчы комплекс РУВП “Граніт” даўно стаў родным домам для гэтай мужнай жанчыны. Менавіта тут у якасці трэнера яна перадае маладому пакаленню ўменне выхоўваць мэтанакіраванасць, упартасць, працавітасць і веру ў перамогу. А выхаванцы нязменна адзначаюць незвычайную камунікабельнасць і прагу да жыцця іх любімага трэнера. Яны заўсёды падкрэсліваюць, што ў Людмілы Якаўлеўны проста адсутнічае негатыўнае стаўленне да людзей.
Гэтыя каштоўныя якасці яна спаўна перадала сваім дзецям – сыну Ігару і дачцэ Таццяне. Разам з мамай яны цёпла радаваліся яе чарговай перамозе: сёлета Людміла Грэбень атрымала ганаровае званне “Чалавек года-2012”.
Спартыўны век нядоўгі, але пакідаць спорт вялікіх дасягненняў Людміла не збіраецца. Разам з ёй будзем спадзявацца, што яна яшчэ неаднойчы праславіць Беларусь і нашу Лунінеччыну на сусветных арэнах.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть