Вольга Жарабцова: натхненне – у прыгажосці роднага краю (Лунінецкі раён)
КультураМикашевичиНовости районаОбщество

Вольга Жарабцова: натхненне – у прыгажосці роднага краю (Лунінецкі раён)

Калі б нехта папрасіў расказаць пра сваю малую радзіму, дастаткова паказаць карціны Вольгі Жарабцовай. Практычна на кожным палатне ўраджэнкі і жыхаркі вёскі Града – часцінка лунінецкага Палесся. Водная гладзь невялікіх прытокаў Прыпяці, яе поймавыя краявіды, разнастайныя насельнікі тутэйшых лясоў і вадаёмаў – ціхая прыгажосць нашага цудоўнага краю, у якую немагчыма не ўлюбіцца!

– Малюю, колькі сябе памятаю. У маленстве гэта былі немудрагелістыя карцінкі звычайнымі вугольчыкамі на любых, больш-менш роўных паверхнях, нават пяньках і дашчаных платах. Партрэты касманаўтаў, настаўнікаў, аднакласнікаў – у сярэдняй школе. Прычынай узяцца за аловак ці фарбы маглі паслужыць нават звычайная лебяда ці простыя бульбяныя клубні, – усміхаецца Вольга Афанасьеўна.

Як у простай сялянскай сям'і з беларускага Палесся магла нарадзіцца творчая асоба, якая яшчэ ў раннім дзяцінстве заявіла аб мастацкіх схільнасцях? Мая суразмоўніца не можа растлумачыць і сёння. Магчыма, дзякуючы генам мамы. Харыта Якаўлеўна Бурык была выдатнай гаспадыняй і майстрыхай. Свае навыкі яна актыўна выкарыстоўвала ў паўсядзённым жыцці. Нядзіўна, што адным з самых любімых заняткаў яшчэ зусім маленькай Олі – самай малодшай з 7 дзяцей – стала дапамога матулі ў падборы ўзораў для ўпрыгожвання даматканай пасцельнай бялізны, адзення, ручнікоў, абрусаў і іншых прадметаў быту.

Бліжэй да заканчэння сярэдняй школы Вольга цвёрда вырашыла – звяжа будучыню толькі з мастацтвам. Вызначылася і з альма-матэр. Аднак добра разумела, што дзяўчыне з беларускай глыбінкі будзе складана адразу пакарыць такую вяршыню.

– Бацька Афанасій Мікалаевіч Бурык – ветэран Вялі-кай Айчыннай вайны, з абразком Георгія Перамаганосца на грудзях дайшоў да Берліна, – успамінае суразмоўніца. – За адвагу і мужнасць удастоены сталінскіх узнагарод. За час службы ў артылерыі яму давялося змяніць не адну конную запрэжку, якая перавозіла яго гармату. Сам жа не атрымаў нават драпіны. Мама – таксама глыбока веруючы чалавек, з малітвай пачынала і завяршала любую справу. Менавіта Божае слова, на мой погляд, дапамагло нашай сям'і перажыць акупацыю нямецка-фашысцкімі захопнікамі і захаваць усіх семярых дзяцей.

Яе бацькі – ураджэнцы Дрэбска – жылі на адным з хутароў, насельнікі якіх пазней перабраліся ў Граду. Галоўнай крыніцай існавання сям’і, як і большасці людзей у сельскай мясцовасці тых пасляваенных часоў, была натуральная гаспадарка. Зразумелая справа, разлічваць на сур’ёзную фінансавую дапамогу ад таты з мамай Вольга не магла. Таму перш за ўсё падала дакументы ў адно з баранавіцкіх ПТВ, дзе атрымала запатрабаваную прафесію тынкоўшчыка-маляра. Потым былі паездка на поўдзень СССР, сезонная ўборка агародніны, залічэнне на падрыхтоўчыя курсы Растоўскага мастацкага вучылішча імя М.Б. Грэкава – вучобу сумяшчала з работай у будаўнічым упраўленні, паступленнем на факультэт дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яго Вольга закончыла з адзнакай, прысвяціўшы дыпломнае даследаванне мазаіцы. Яе прозвішча значылася ў ліку пяці лепшых выпускнікоў, якія атрымалі накіраванне ў цяперашнюю Маскоўскую дзяржаўную акадэмію прамысловага і прыкладнога мастацтва.

Але прадоўжыць адукацыю не атрымалася. Па сямейных абставінах прыйшлося назаўжды вярнуцца на малую радзіму. Зрэшты, аб тым няпростым перыядзе, калі рабіла складаны выбар паміж запаветнай марай і даччыным доўгам, захавалася нямала самых цёплых і кранальных успамінаў. Менавіта тады Вольга Афанасьеўна пазнаёмілася з маладым мастаком Мікалаем, які пазней стаў мужам.

– Працавала ў розных калектывах, і ўсюды паўсядзённыя абавязкі былі звязаны з мастацтвам, – расказвае суразмоўніца. – Напрыклад, у Заслаўскай друкарні стварала этыкеткі для разнастайных тавараў, на ААТ «Спецжалезабетон» – ад лозунгаў да барэльефаў з чаканкай, у Мікашэвіцкім ЦДТ навучала дзяцей разьбе па дрэве, у Палацы культуры РУВП «Граніт» малявала афішы мерапрыемстваў, сцэнічныя дэкарацыі. Аднак гэта ўсё ж была праца. Таму ў вольны час таксама працягвала займацца творчасцю, але для душы. У тым ліку пісала карціны.

Сёння толькі калекцыя мастацкіх палотнаў Вольгі Жарабцовай налічвае каля 200 работ. Працуе і акварэллю, але ўсё ж алей займае галоўнае месца, таму што з ім трэба прадумваць свае дзеянні на некалькі крокаў наперад. Ён вельмі капрызны і катэгарычны – адзін недарэчны рух і работа практычна сапсавана. Безумоўна, сучасныя матэрыялы дазваляюць дапускаць памылкі, але не хочацца марнаваць час на іх выпраўленне.

– Як і любая іншая творчасць, жывапіс для мяне – гэта жалезная дысцыпліна і карпатлівая праца. Сядаеш за мальберт з любым настроем і ў любы час сутак. Акрамя таго, эмацыянальны стан мастака заўсёды адчуваецца ў карціне, асабліва калі гэта партрэт, – падкрэслівае вяскоўка.

Будучую задумку яна выношвае нібы дзіця. Нават калі займаецца паўсядзённымі справамі, у думках пастаянна кру-ціцца тая ці іншая ідэя, вымалёўваюцца яе падрабязнасці і дэталі. І ўжо толькі потым справа даходзіць да рэалізацыі. І кожны раз, прайшоўшы шлях ад зараджэння думкі да завяршэння карціны, творца быццам пражывае цэлае жыццё.

Вольга Жарабцова піша карціны ў розных жанрах. Але апошнім часам часцей цешаць яе вока і просяцца на палатно пейзажы, у тым ліку пленэрны жывапіс. А ўсё таму, што з маляваннем на натуры мала што параўнаецца. Таксама зусім па-іншаму бачацца колеры і аб’ёмы, адчуваецца прыгажосць ліній і рытму. Ідзеш па лесе, купаешся ў вадаёме, ловіш рыбу ці збіраеш ягады з грыбамі – усё прыгожа. Праўда, звыкла. Але як толькі ўзяла фарбы ці алоўкі – немагчыма прыпыніцца, хочацца намаляваць усё.

– На заслужаным адпачынку вяду адасоблены лад жыцця, цалкам уладкаваўшыся ў бацькоўскай хаце. Некалі мы перавезлі яе з хутара ў Граду. Творчых праектаў – проста ‘‘громадье’’. Апроч жывапісу, у планах папрацаваць з каляровымі вітражамі, а таксама заняцца разьбой па дрэве і «ўспомніць» іншыя тэхнікі. Амаль уся ў творчасці. Мабыць, таму мае работы можна ўбачыць хіба што на раённых мерапрыемствах, дзе арганізуюцца разнастайныя выставы, у тым ліку і карцін. Бясспрэчна, заўсёды ёсць час для блізкіх – выдатных дачок Кацярыны, Людмілы і Ірыны. Усе вельмі творчыя людзі. Асаблівы гонар – 6 унукаў, яны першыя бабуліны памочнікі, – пад-крэслівае мастачка.

Калі ў сям’і нараджаецца дзіця, бацькі імкнуцца разгледзець яго таленты і развіць іх. Купляюць фарбы, алоўкі і іншыя матэрыялы для творчасці, запісваюць у разнастайныя аб’яднанні па інтарэсах, нават наймаюць рэпетытараў. Між тым, як паказвае прыклад Вольгі Жарабцовай, абавязкова патрэбна яшчэ і шчырае жаданне! І тады ў гэтым свеце магчыма ўсё!

Наталля ЛЯЛЮК. Фота з архіва.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram




Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть