Выбіраем адрэналін
Ці не бывае ў вас адчування марна згубленага часу, калі доўгачаканыя выхадныя праходзяць,
а нічога выдатнага не адбываецца? Многія аддаюць перавагу прагляду тэлеперадач
ці сацыяльным сеткам. Але ці разумна гэта? Намнога лепш пагуляць на адкрытай пляцоўцы. Напрыклад, у пейнтбол.
Многія ведаюць пра гэту гульню, але не ўсім вядома, што яна ёсць і ў Лунінцы. Сябры Раман Рашатко і Максім Лазько, па іх словах, займаюцца арганізацыяй спартыўных гульняў больш з-за жадання разнастаіць вольны час мясцовых аматараў актыўнага адпачынку, чым дзеля карысці.
Пятнаццаць хвілін на машыне, і вось мы ўжо на месцы: ад асфальтаванай дарогі ў лес вядзе даволі разбітая грунтовая. Непадалёк ад дачнага доміка – спецыяльна абсталяваная пляцоўка з самаробнымі хованкамі. Гэта, прызнацца, узрадавала ўсіх абяцаннем хуткага адпачынку. Арганізатары строга сачылі за выкананнем тэхнікі бяспекі: уласнаручна праверылі спраўнасць маркераў, дапамаглі ігракам апрануць уніформу і маскі (на пляцоўцы ні ў якім разе нельга знаходзіцца без яе). “Байцы” размеркаваліся на группы. Гульня пачалася! Галоўная задача – “вывесці” ўсіх сапернікаў. Тут давялося і поўзаць, і кароткімі перабежкамі мяняць хованкі, і “прыкрываць” адзін аднаго. Задачу абедзве каманды выканалі выдатна. У якасці “прыза” ўсіх чакалі прахалодная вада і сакавітыя яблыкі. А дапоўніла гэта па-сяброўску цёплая размова. Дарога назад прайшла ва ўспамінах.
Такім чынам, што мы маем? Новыя прыемныя знаёмствы – раз, праведзены незабыўны, насычаны падзеямі дзень, актыўны спорт на адкрытым паветры – два, спасціжэнне свайго ўнутранага “Я” (дзякуючы магчымасці выявіць здольнасці і прадэманстраваць лідарскія якасці) – тры, развіццё карысных навыкаў і шмат пазітыўных эмоцый – чатыры. Вось вам па меншай меры чатыры прычыны не ляжаць у вольны дзень на канапе, не сядзець дзень напралёт у сацыяльных сетках, а эксперыментуюць, актыўнічаюць, можа, нават дзесьці крыху экстрэмальнічаюць. А для гэтага дастаткова толькі звязацца з арганізатарамі па тэлефонах: 8-029-397-29-91 ці 8-029-333-98-05.