Яе вялікасць опера
Ранняя восень. Невыпадкова работнікі, прафкам і савет ветэранаў ААТ “Лунінецкі малочны завод” выбралі гэту пару года для паездкі ў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь. У паветры – пах змен, добрага настрою і, напэўна, кахання.
На беларускай сцэне адбылося пяць пастановак «Яўгена Анегіна». Гэтая опера была першым творам рускай класікі, пастаўленым у 1933 годзе, і затым неаднаразова паўставала ў розных дырыжорскіх інтэрпрэтацыях, а таксама рэжысёрскіх версіях. На гэты раз на сцэну выйшлі вядучыя беларускія майстры.
Рэжысёру Аляксандру Прахарэнку ўдалося сумясціць рэдакцыю оперы з некаторымі новымі акцэнтамі. Дапамагла работа з вядомым сцэнографам Дзмітрыем Мохавым. Ён стварыў выдатны каларыт, а праз яго – атмасферу і дух спектакля: светлы, прасторавы, лёгкі, лірычны. Калі раман у вершах Пушкіна – гэта «энцыклапедыя рускага жыцця», то Чайкоўскі, безумоўна, засяродзіўся на лірычнай складаючай твора.
– Магчыма хтосьці скажа, што тры гадзіны – занадта многа для пастаноўкі, – дзеліцца ўражаннямі Людміла Радзюк. – Опера «Яўген Анегін» прысвечана каханню, напоўнена святлом, цяплом і глыбокай трывогай з нагоды беражлівых адносін да гэтага пачуцця. Для мяне гэты час праляцеў незаўважана.
Прафкам і савет ветэранаў ААТ “Лунінецкі малочны завод” выказваюць вялікую ўдзячнасць кіраўніцтву за фундатарскую дапамогу.