Як пад ёлкамі падарункі растуць
До новага году застаецца ўсё менш часу. Большасць лунінчан упрыгожыла свае дамы і кватэры нязменнымі навагоднімі атрыбутамі — ёлачкамі. Хтосьці выбірае штучныя прыгажуні, іншыя аддаюць перавагу лясным дрэўцам. Пакуль яны растуць на плантацыях, выглядаюць звычайна, а вось як толькі трапляюць у дом — набываюць містычныя якасці. Раніцай першага студзеня пад вечназялёнай прыгажуняй можна знайсці самыя незвычайныя падарункі.
Начальнік лесагадавальніка Віктар ПОМАЗАЎ — адзін з тых, хто рыхтуе елкі да казачных пераўтварэнняў:
— Дрэўцы, што растуць пад полагам лесу, не такія густыя — ім не хапае прасторы і свету. Іншая справа — спецыяльна пасаджаныя. Усе дрэвы тут першапачаткова знаходзяцца ў спецыяльных умовах. На асобнай дзялянцы яны растуць на пэўнай адлегласці, падкормліваюцца і кожны год праходзяць строгі “кастынг на прыгажосць”. Спачатку растуць разам, у пасяўным аддзяленні, пасля “выдатніц” пераводзім у “школку”, рассаджваем, каб падужэлі. I праз год-другі аддаем у лясніцтвы раёна.
Па словах памочніка ляснічага Лунінскага лясніцтва Уладзіміра ІЛЬЮЧЫКА, на спецыяльных навагодніх плантацыях дрэўцы растуць яшчэ не менш як два гады. Атрымліваецца, пакуль елка трапіць у хату, ёй будзе ўжо 6-8 год.
Попытам у насельніцтва карыстаюцца 1-2-метровыя елачкі і сосны, хвойныя лапкі. Дзіцячыя сады і школы заказваюць 4-метровыя. Дрэвы такой вышыні леснікі, сярод якіх і Міхаіл ЛАБКО з Луніна, шукаюць у лесе.
З 21 снежня сваю работу пачаў навагодні ёлачны кірмаш. У Лунінцы ён ра-гарнуўся на пляцоўцы каля лядовай арэны. Зразумела, асаблівы наплыў, як і ў папярэднія гады, будзе назірацца тут за дзень-два да свята, аднак многія прыхільнікі зялёных дрэўцаў не адкладваюць пакупкі на апошні дзень. Як адзначыў майстар лесу Дзятлавіцкага лясніцтва Эдуард ЧАРНАВОКІ, запыты лунінчан абавязкова будуць задаволены.
Дарэчы, для гэтага ў лясгасе распрацавалі спецыяльны графік, згодна з якім ажыццяўляецца нарыхтоўка святочных дрэўцаў і іх продаж. Акрамя таго, любы жадаючы можа прыехаць у лясніцтва і выбраць елачку там.
Апошнім часам лунінчане схіляюцца да набыцця «штучных» дрэўцаў. Аднак, намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Алена Мёрзлая раіць набываць менавіта «жывую» ёлку:
— Традыцыйна ў нашых дамах перад Новым годам і Калядамі стаялі прыгажуні з лесу. Для дарослых тэта, можа, і не так цікава, але для дзяцей жывое дрэва ў кватэры — сапраўдны цуд. Дарэчы, прысутнасць жывой ёлкі (і гэта даказана) станоўча ўплывае і на выхаванне дзіцяці ў сям’і.
I не трэба шкадаваць аб высечаным дрэве. Алена Уладзіміраўна патлумачыла, што ёлка, якая паступае ў продаж пад Новы год, вырошчваецца на спецыяльных плантацыях. Лясныя ж плошчы ўвогуле не пацерпяц. У агульным аб’ёме ўгоддзяў дрэвы, якія пойдуць на патрэбы навагодняга свята, складаюць мізэрную долю.
Чаго катэгарычна рабіць нельга, дык тэта самавольна высякаць дрэвы. Тым больш і сэнсу няма ў гэтым, зараз зялёную чараўніцу можна выбраць на любы густ і любую таўшчыню кашалька. За парушэнне прадугледжваецца штраф у памеры ад 5 да 50 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад 20 да 200 базавых велічынь, на юрыдычную асобу — ад 50 да 300 базавых велічынь. У лясах выстаўлены пасты і рэгулярна праводзяцца рэйды па выяўленню парушальнікаў. Для больш эфектыўнай работы гэтыя мерапрыемствы ажыццяўляюцца сумесна з Дзяржаўнай інспекцыяй па ахове жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі. Спецыяльным пастам на аўтамабільных дарогах дадзена права спыняць машыны і цікавіцца, ці няма там незаконна ссечанага дрэва. Таму і ў лясніцтвах, і на кірмашах вам павінны выдаць квіток аб аплаце.
Калі вы яшчэ не набылі новогоднюю прыгажуньку, паспяшайцеся на ёлачны кірмаш, які працуе ў Лунінцы сёння і заўтра 9.00 да 17.00, а 31 снежня — да 16.00. У Мікашэвічах елкі рэалізуюць у лясніцтве (а 30.12. з 10.00 да 13.00 — у раёне «Акварыума») па цэнах кірмашу, паколькі прывозяць з іншых населеных пунктаў.
Падарыце радасць сабе і тым, хто побач!