Версия для слабовидящих
RU
BY
Лунинец online
Як вясну гукалі, “Кусту” вадзілі ды абрад “З ралцэм” адзначалі ў Лунінцы Культура Микашевичи Новости района Общество

Як вясну гукалі, “Кусту” вадзілі ды абрад “З ралцэм” адзначалі ў Лунінцы

Сёння, 24 красавіка, у Лунінецкім гарадскім Доме культуры прайшло фальклорнае свята “Вясновыя абрады Лунінеччыны”.

Мэта фэсту – не толькі паказаць адметнасці веснавых абрадаў палескага краю, але і далучыць да народных традыцый маладое пакаленне, прывіць пачуццё любові і пашаны да жыватворнай спадчыны, што дайшла да нас з глыбіні сівых стагоддзяў. Асаблівае месца і значэнне ў культуры беларусаў займаюць веснавыя абрады – гэта і гуканне вясны, і Юр’я, і Сёмуха, і Дзяды, і Валачобнікі, і Благавешчанне, і Вялікдзень.

Адметнасць фальклорнаму святу надала яскравая выстава работ народных майстроў і ўмельцаў. Вачэй нельга было адвясці ад самабытных тканых ды вышытых ручнікоў народнага майстра Рэспублікі Беларусь Алены Даніловіч, а таксама Таццяны Шкут, Аляксандры Шкут, ад чароўных вырабаў Алены Панасюк, Ірыны Леўшыц, Людмілы Ступаковай. Кожная работа – сапраўдны шэдэўр, у кожным узоры занатаваны сакральны сэнс, пяшчота і любоў рукадзельніц.

Распачалася святочная дзея з аднаго з самых старажытных і прыгожых абрадаў – “Гуканне вясны”. Яго на сцэне прадставіў народны фальклорны калектыў “Надзея” філіяла Кажан-Гарадоцкая сельская бібліятэка-клуб. Яшчэ з адным старажытным абрадам “Вербачкі” пазнаёміў калектыў “Росы Палесся” Лахвенскага СДК. Да светлай абрадавай дзеі Благавешчання запрасіў далучыцца народны ансамбль народнай песні “Жывіца” філіяла Вулькаўскі 1 Цэнтр культуры і народнай творчасці, які паказаў сапраўдную тэатралізаваную дзею. Як калісьці нашы прабабулі ладзілі абрад “З ралцэм”, прадэманстраваў народны фальклорны калектыў “Лабчанка” філіяла Лобчанскі СДК. Чароўную “Кусту” па хатах вадзілі самабытныя выканаўцы народнага ансамбля народнай песні “Світанак” Дзятлавіцкага ЦСДК. Людзі верылі, што прыгажуня “Куста” прыносіць у кожную сям’ю шчасце і багацце.

Завяршылася свята ўзнагародамі. Загадчык сектара культуры Лунінецкага райвыканкама Таццяна Лівінец за захаванне, папулярызацыю, перадачу традыцый і ўдзел у фальклорным свяце “Вясновыя абрады” ўручыла ўсім удзельнікам лісты Падзякі і дыпломы.

Кацярына Яцушкевіч

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram

← Предыдущая новость Следующая новость →