З 450-годдзем, Дзятлавічы!
Канцэрт мясцовых зорак ЦСДК пад кіраўніцтвам Алены Яскевіч, каларытнае выступленне кавер-бэнда «Чыкага», байк-шоу, спартыўныя гульні, яркія батуты і каруселі, выставы рукадзелля, выязны гандаль, запальнае фаер-шоу і феерычны салют прыцягнулі ўвагу да свята не толькі жыхароў Дзятлавіч, але і мноства гасцей з суседніх вёсак. Хоць у самы разгар афіцыйнай часткі пачаўся праліўны дождж, ніхто не пакінуў мерапрыемства. А непагадзь, нібы папрасіўшы прабачэння за раптоўную нязручнасць, падарыла вяскоўцам двайную вясёлку.
В.а. старшыні Дзятлавіцкага сельвыканкама Кацярына Гасюк на ўрачыстым адкрыцці адзначыла:
– У нас пражываюць вельмі працавітыя і мэтанакіраваныя людзі, якія не толькі ўпрыгожваюць свой куток, але і ўносяць уклад у росквіт вёскі і роднага раёна. Я ганаруся тым, што мне пашчасціла тут нарадзіцца.
Канцэртнымі нумарамі парадавалі Алёна Волчык, Ліна Жук, Аксана Кукса, Дзмітрый Жук, Яўгенія Хартановіч, Святлана Чарнавокая, Аляксандра Профіт, Раман Кустаў, танцоры пад кіраўніцтвам Наталлі Хоміч, сямейны дуэт Пеленюкоў. Жыхары цёпла сустракалі выступленне родных калектываў «Світанак» і «Маленькія Світаначкі» на чале з Наталляй Рогавай. Традыцыйна прайшла цырымонія ўзнагароджвання за лепшы падворак і самы прыгожы кветнік, размешчаных на тэрыторыі сельсавета. Не засталіся без увагі актывісты, а таксама самыя старанныя працаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў.
Жывуць у Дзятлавічах і людзі, за плячамі якіх больш за 90 год. Такіх – 15 чалавек. Бясспрэчнае званне «старажыла сяла» належыць Веры Баўкуновіч і Софіі Гопта, якія адзначылі 95-гадовыя юбілеі. За старэйшым пакаленнем першыя крокі робяць немаўляты. З пачатку года нарадзілася 12 дзетак. Бурнымі апладысментамі віталі самага маленькага вяскоўца Андрэя Макоўскага. Асаблівай увагі ўдастоены Сямён і Вольга Чарнавокія, Максім і Ганна Кацубы, якія пражылі разам адпаведна 64 і 69 год. Залатое вяселле адзначылі 4 пары, сярэбраны юбілей – 13 сем’яў. Вучыцца ў іх зычылі маладажонам Віктару і Яніне Паняковым.
Добрымі словамі ўспомнілі гісторыю станаўлення мясцовай гаспадаркі, пачынаючы з першага кіраўніка калгаса Рыгора Канановіча, і да цяперашняга часу, калі дзяржаўнае прадпрыемства “Дзятлавіцкі” ўзначаліў Андрэй Макоўскі. Словы падзякі працаўнікам выказалі прадстаўнікі сельгасарганізацыі, ААТ “Палессеэлектрамаш”, філіяла “Аптова-рознічнае аб’яднанне” райспажыўтаварыства, аддзялення паштовай сувязі, лакаматыўнага дэпо, прадстаўніцтва Белдзяржстраху, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ПМС.
З бяспройгрышнай латарэі вяскоўцы вярталіся з цукеркамі, дзіцячымі цацкамі і сродкамі асабістай гігіены, каму пашанцавала больш – атрымалі зерне і салому. Уладальнікам галоўнага прыза – сертыфікатам на стрыжку ў цырульні «Южэна» – стала Вольга Канапацкая. Спартсмены спаборнічалі ў перацягванні каната, армрэстлінгу, падняцці гіры. Дэманстрацыяй тэхнікі і вясёлымі конкурсамі парадавалі гледачоў байкеры. Жадаючыя змаглі з ветрыкам пракаціцца на “жалезных конях”. Фінальным акордам сталі прыгожае фаер-шоу, яркі салют і дыскатэка.
Адміністрацыя мясцовай улады і ЦСДК выказваюць вялікую ўдзячнасць за спонсарскую дапамогу ў правядзенні свята вёскі Аляксею Кацубе, Мікалаю Брэзіну, Аляксандру Брэзіну, Аляксандру Велька, Сяргею Кацубе, Генадзю Канапацкаму, Юрыю Канапацкаму, Сяргею Канапацкаму, Андрэю Макоўскаму, Уладзіміру Навіцкаму, Ігару Пракаповічу, Вадзіму Пусевічу.