Жыхары вёскі Дрэбск узяліся грамадой за справу і наводзяць парадак на зямлі
КультураМикашевичиНовости районаОбщество

Жыхары вёскі Дрэбск узяліся грамадой за справу і наводзяць парадак на зямлі

Гаспадарскі падыход дэманструюць жыхары вёскі Дрэбск, якія наводзяць чысціню ды парадак на зямлі. 

Стараста населенага пункта Мікалай Германовіч натхняе землякоў на добрыя справы. Яшчэ не паспела вясна ўступіць у свае паўнамоцтвы, а тут ужо правялі з дзясятак суботнікаў. Аб’ём работ, якія выканалі талакой вяскоўцы, уражвае.

– Вялікі дзякуй усім, хто, не лічачыся з уласным часам, далучаецца да агульнай справы па добраўпарадкаванні тэрыторыі Дрэбска, – гаворыць Мікалай Міхайлавіч. – Удзячны начальніку ДРБУ-101 Аляксандру Трухнову, які падтрымаў нашу ініцыятыву па навядзенні парадку на прылягаючай тэрыторыі да дарогі, якая вядзе на Цну. Працавалі сумесна з дарожнікамі, выразалі сухастой, хмызняк, прыбралі смецце. Наваколле адразу змянілася, стала больш прывабным. Шмат было зроблена і па добраўпарадкаванні мясцовых могілак, спілавалі ўсе старыя, аварыйныя дрэвы, таксама выдалілі зараснікі акацыі. Месца спачыну нашых продкаў павінна выглядаць належным чынам – гэта наш святы абавязак.

Стараста расказаў, што ў цэнтры вёскі плануецца стварыць сквер у гонар Вялікай Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Тэрыторыя пад яго закладку ўжо падрыхтавана. Адзначана, што істотную дапамогу тэхнікай аказала кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства “Гарадоцкі” і чыгуначнікі. Засталося толькі набыць саджанцы і пасадзіць дрэўцы, каб праз пэўны час зазелянелі яны маладой лістотай, упрыгожыўшы Дрэбск.

– Работы па навядзенні парадку і далей будуць працягвацца, – канстатуе Мікалай Германовіч. – Спраў хапае. Галоўнае, што землякі падтрымліваюць, далучаюцца да агульнай справы, а талакой многае можна зрабіць.  

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть