Зімовыя турботы
У студзені найбольшую небяспеку садовым дрэвам і агародніным раслінам уяўляюць адлігі, якія чарадуюцца з моцнымі маразамі. Таму неабходна прыкласці намаганні па затрыманню снегу ля карэння дрэў, маладых пасадак пладовых і ягадных культур. Такая мера зімой абароніць іх ад прамярзання, а ранняй вясной забяспечыць вільгаццю.
У час адліг звычайна пачынаюць абрэзку пладовых дрэў, рыхтуюць чаранкі абляпіхі і жымалосці для размнажэння. Да веснавой пасадкі іх захоўваюць вертыкальна прыкапанымі ў вільготным прахалодным памяшканні.
З другой паловы студзеня вялікую небяспеку, асабліва для маладых кустоў і дрэўцаў, уяўляюць мышы. Каб яны не грызлі кару, неабходна вакол штамбаў яблыні, грушы, слівы, вішні прытаптаць снег. Рабіць гэта ў адлігу.
У садзе не забывайце прыкормліваць насякомаедных птушак. У кармушкі рэгулярна падсыпайце семачкі, крышкі хлеба, сушаныя ягады, кладзіце кавалачкі нятлустага сала.
У гэты час добра рыхтаваць глебу для вырошчвання расады. Насыпайце яе ў расадныя скрынкі і пастаўце прамярзаць на балкон ці ў іншае халоднае месца.
Калі з восені вы не паспелі пасадзіць азімы часнок, цыбуліны цюльпанаў, нарцысаў ці касачоў, то насыпце ў невялікую скрынку спачатку 2-3 сантыметры пяску, затым керамзіту і 12-15 сантыметраў пладароднай зямлі. Высадзіце шчыльна адна да другой цыбуліны і засыпце іх па “плечыкі” зямлёй. Паліце цёплай вадой і 7-10 дзён патрымайце ў цёплым памяшканні. За гэты перыяд пасадкі ўкараняцца. У час адлігі скрынку перанясіце на вуліцу і засыпце яе 60-сантыметровым пластом снегу. У канцы красавіка праросшыя цыбуліны высаджвайце ў грунт.
У студзені ўжо можна высяваць насенне перцаў, таматаў, агуркоў і нават кавуноў на расаду. Толькі не трэба забываць, што ім неабходна ў гэты час дадатковае асвятленне люмінесцэнтнымі лямпамі. Неабходна таксама сачыць за тым, як захоўваюцца запасы бульбы. Важна, каб у марозныя дні тэмпература паветра ў падвалах была не ніжэй 2-3 градусаў для харчовай бульбы і 4-5 – для насеннай. Пры больш высокай тэмпературы клубні пачынаюць загніваць і прарастаць. Таму ў адлігу хоць зрэдку праветрывайце памяшканне.
У канцы студзеня можна пачынаць выганку цюльпанаў, нарцысаў, крокусаў да Дня святога Валянціна і Дня абаронцаў Айчыны. Для гэтага скрынкі з кветкамі заносяць у цёплае памяшканне, паступова павышаючы ў ім тэмпературу, паліваюць цёплай вадой і праз 25-30 дзён расліны зацвітуць.