«Зялёная» служба
Восень уладарна расфарбоўвае неабсяжныя прасторы пушчаў, лясоў, балот яркім жоўтым і барвовым лісцем, ствараючы тым самым неверагодную прыродную прыгажосць. У такую пару, а менавіта ў трэцюю нядзелю верасня, сваё прафесійнае свята адзначаюць людзі, якія справай жыцця выбралі працу ў лясной гаспадарцы.
Аб клопатах і дасягненнях Лунінецкага лясгаса расказвае дырэктар Вячаслаў ТОРЧЫК:
– За 7 месяцаў плошча лесааднаўлення склала 234 гектары пры плане 200. Аб’ём усіх відаў высечак склаў 100,8 тысячы кубічных метраў, з выкарыстаннем шматаперацыйнай лесанарыхтоўчай тэхнікі – 46,2 тысячы кубічных метраў драўніны. На экспарт накіравана прадукцыі на 1 мільён 543 тысячы долараў ЗША. Рэалізавана пасадачнага матэрыялу на 158,9 тысячы рублёў, з іх за мяжу – 132,9.
У развіццё вытворчасці інвеставалі 322 тысячы рублёў. Выручка ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) склала больш як 5,4 мільёны рублёў. Пабочная дзейнасць прынесла ў агульную казну прадпрыемства амаль 100 тысяч рублёў. Дзякуючы інвестыцыям, пераўзбраенню, адказнай рабоце спецыялістаў лясгаса, павялічыўся чысты прыбытак – да 797 тысяч рублёў (пры плане 189,8). Не выпадкова, што ўпэўнена займаем лідзіруючую пазіцыю ў рэйтынгу Брэсцкага аб’яднання.
Дасягнуць такіх вынікаў здолелі дзякуючы зладжанай і самаадданай рабоце ўсяго калектыву. Вопытныя і адказныя, работнікі лясгаса сумеснымі намаганнямі сфарміравалі станоўчы імідж нашага прадпрыемства.
Шчыра ўдзячны калектыву за тое, што мы разам выконваем намечаныя планы і дабіваемся поспехаў, працоўных перамог. Жадаю нашым ветэранам, усім працаўнікам лясгаса добрага здароўя, удачы, цяпла, узаемаразумення ў сем’ях, матэрыяльнага дабрабыту і сонечнага надвор’я.