398 из 400 возможных для поступления баллов набрала Варвара Пеленюк из Лунинца!
Яна не проста разумніца, а сапраўдная зорачка! Лунінчанка Варвара ПЕЛЯНЮК – уладальніца залатога медаля, што ўжо гаворыць пра многае. Але гэта яшчэ не ўсё! Выпускніца гімназіі імя М.П. Анцукевіча цудоўна справілася з цэнтралізаванымі экзаменамі і тэсціраваннем. Па рускай і англійскай мовах яе сертыфікаты мелі абсалютны вынік – 100 са 100! Яшчэ на 98 балаў дзяўчына здала грамадазнаўства. У суме 398 балаў!
Дасягненне сведчыць аб мэтанакіраванасці, працавітасці і, вядома ж, бліскучым інтэлекце. Няма сумненняў, што перад Варварай адчынены ўсе дзверы ВНУ, і яе чакае вялікая будучыня! Мы сустрэліся напярэдадні Дня моладзі і студэнцтва, каб даведацца аб сакрэтах поспеху юнай зямлячкі.
– Раскажы, калі ласка, якім быў твой шлях да атэстата з адзнакай?
– Пачаткоўцам вучылася ў сярэдняй школе № 2. А калі мне споўнілася 10 год, вырашылі змяніць установу адукацыі. Колькі сябе памятаю, заўсёды падабаліся гісторыя, руская мова, хімія, грамадазнаўства. Але самай любімай была і застаецца руская літаратура. Азіраючыся назад, шчыра ўдзячна абсалютна ўсім педагогам, якія знаходзіліся побач на працягу навучальнага перыяду. Напрыклад, настаўнікі тэхнічных дысцыплін пераконвалі, што, нават будучы гуманітарыем, можна зразумець і іх прадметы. Галоўнае – моцна захацець! З асаблівай цеплынёй хачу ўзгадаць свайго першага выкладчыка гісторыі і былога дырэктара гімназіі Аляксандра Аляксандравіча Грушэўскага. Ведаеце, на яго ўроках я не баялася памыліцца... Гэты чалавек, валодаючы неймаверным аўтарытэтам, вельмі падтрымліваў кожнага вучня. Да яго можна было прыйсці з любой праблемай і быць упэўненым у тым, што табе дапамогуць. А яшчэ засталіся яркія ўспаміны пра Юлію Канстанцінаўну Кноп, Вольгу Сяргееўну Антановіч, Ірыну Іванаўну Краўцову, Аксану Рыгораўну Арашкевіч, Таццяну Сяргееўну Кэлкэй, Ганну Іванаўну Шчупак і Ірыну Аляксандраўну Грушэў-скую. З імі вывучала хімію, рускую мову і літаратуру, гісторыю і грамадазнаўства, англійскую мову. Штогод удзельнічала ў розных алімпіядах. Гэта незабыўны вопыт, які дае шмат магчымасцей у будучыні.
– Калі неабходна адпачыць, чым займаешся?
– Маім галоўным захапленнем з’яўляецца музыка. Іншы раз здаецца, што я навучылася разумець ноты раней, чым чытаць! Дзякуй педагогам, якія прывівалі любоў да свету мелодый, асабліва Вользе Аляксееўне Белаус. Яшчэ адно хобі – чытанне. Раманы, дэтэктывы, аўтабіяграфіі, паэзія, тру-крайм… Ведаеце, я і сама доўгі час была аўтарам вершаў і невялікіх твораў. Як бы дзіўна ні гучала, але стараюся не забываць пра вязанне, шыццё і гульні ў шахматы.
– Як будучым выпускнікам паўтарыць тваё дасягненне?
– Добра здаць экзамены дапамагла дысцыпліна. Матывацыя таксама спрыяе ў дасягненні мэты, але яна вельмі кароткачасовая. І вось тут не абысціся без самакантролю! Трэба цалкам памяняць свой рэжым, распарадак дня, наладзіць здаровы сон, каб не падаць ад стомленасці. Так, важна шмат вучыцца, але гэта не ўсё, што павінна прысутнічаць у жыцці выпускніка. Гуляйце з сябрамі, “сядзіце” ў тэлефоне – проста ведайце ва ўсім меру! Ну, і без падтрымкі блізкіх і таварышаў таксама будзе складана.
Дарэчы, яшчэ адна дэталь, якую па-вінны ведаць будучыя 11-класнікі: не верце тым, хто не верыць у вас. Ніколі не дазваляйце іншым вырашаць, што вам неабходна вучыць, ацэньваць, на што вы здольныя і гэтак далей. Умейце расстаўляць прыярытэты! Калі стаяў выбар паміж падрыхтоўкай да дамашняга задання (а на гэта затраціла б дзве га-дзіны) ці іспытаў, я аддавала перавагу апошняму. Раю кожнаму заставацца на пазітыве. Калі нешта не атрымліваецца, не прымаць усё блізка да сэрца. Жыццё на гэтым не закончыцца!
– Падзяліся планамі на будучае…
– Год таму матулі сказала: “Хачу вучыць кітайскую мову”. Мы пачалі пошук універсітэта. Выйшла так, што выбрала ВНУ, дзе летась прахадны бал быў 381, а ў 2023-ім – 393. Так, рызыкоўны крок, але я не апусціла рук! На факультэце міжнародных адносін БДУ ёсць выдатная спецыяльнасць, якая дапаможа ажыццявіць мару – вывучаць кітайскую мову і культуру.
Наталля Паўлюкевіч
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram