70 лет совместной жизни отпраздновали Мария и Владимир Грудько из Лунинецкого района
МикашевичиНовости районаОбщество

70 лет совместной жизни отпраздновали Мария и Владимир Грудько из Лунинецкого района

Зусім нядаўна прыемная святочнасць адбылася ў сям’і Марыі і Уладзіміра ГРУДЗЬКО з Краснай Волі Лунінецкага раёна – дзеці, унукі, праўнукі і прапраўнукі віншавалі іх з 70-годдзем сумеснага жыцця!

Згадзіцеся, дата вельмі значная, цягне на рэкорд і заслугоў-вае асаблівай увагі. Увесь шлях муж і жонка прайшлі ў згодзе і ўзаемаразуменні. Не дзіўна, што пажаданні моцнага здароўя, шчасця і доўгага веку адрасаваліся паважаным “маладым” ад родных, сяброў і былых калег.

Зразумела, хацелі даведацца пра сакрэт даўгалецця і шчаслівага шлюбу. Але спецыяльных “рэцэптаў” юбіляры не адкрылі. Паведамілі толькі, што заўсёды стараліся падтрымаць, абараніць спадарожніка жыцця ад рознага роду непрыемнасцей. Кожны імкнуўся ўзяць цяжэйшы груз на сябе, дзяліўся сардэчным цяплом, адносіўся з павагай і любоўю…

Марыя Нічыпараўна нара-дзілася ў 1931 годзе ў вёсцы Жыліхава Капыльскага раёна. Добра памятае вайну. Давялося спазнаць шмат нягод, калі фашысты здзекаваліся з лю-дзей. Чорныя дні акупацыі складана сцерці з памяці і дагэтуль. Перыяд сталення прыпаў на адраджэнне роднай зямлі. Дзяўчынка марыла пра лепшае будучае, ахвотна пазнавала на ўроках штосьці новае. Заўсёды захаплялася адукаванасцю настаўнікаў, таму паступіла ў педвучылішча.

Размеркавалі ў аддаленую палескую вёску. З невялікім клуначкам дзявочых пажыткаў прыехала ў Лунінец. Больш як 30 кіламетраў да Краснай Волі дабіралася на спадарожным транспарце. Пазнаёмілася з калегамі і вучнямі, якіх у кожным класе было больш як 40 чалавек. Памяшканне цеснае, частка дзяцей займаліся па хатах. Клопатаў шмат, але ў душы жыла задаволенасць: яна – педагог! Пехатой дабіралася ў горад на раённыя нарады. На цяжкасці не наракала, ведала, лепшых умоў няма нідзе, краіна яшчэ не зусім узнялася з руін. Урокі ішлі ў дзве змены. У цёмны час сутак запальвалі лямпы, пра электрычнасць толькі марылі. Пасля позніх заняткаў першакласнікаў з аддаленых хутароў праводзіла дадому па лесе і бездарожжы.

Неўзабаве дзяўчына сустрэла Уладзіміра, мясцовага юнака. Амаль равеснікі, яны з лёгкасцю разумелі адзін аднаго, паміж імі ўзнікла іскарка зацікаўленасці. Хутка пачуцці перараслі ў нешта большае. Яго пакарылі прыгажосць і адукаванасць настаўніцы, дзяўчыне падабалася, што ён самастойны, гаспадарлівы. Бацька загінуў у канцлагеры, хлопцу давялося рана пасталець. Разам з братамі касілі сена, аралі поле, хадзілі ў заробкі да заможных землякоў. Прайшоў армейскую службу. Калі арганізоўваліся калгасы, Уладзіміру даручалі самыя розныя пасады, і ўсюды ён змог зарэкамендаваць сябе з лепшага боку.

Вырашыўшы быць разам, маладыя зарэгістравалі шлюб. Вяселле было сціплым. Пачаліся звычайныя будні, але сэрцы поўніліся каханнем і ўзнёсласцю. Жонка настаўнічала, муж стаў касірам у калгасе. У 1963-ім яго прызначылі старшынёй Вулькаўскага сельсавета. Многія мясцовыя жыхары згадваюць кіраўніцтва Уладзіміра Рыгоравіча з удзячнасцю. Праз 10 год ён папрасіўся на больш спакойную работу. Быў інспектарам у аддзеле кадраў у мясцовым калгасе. Пазней прапанавалі ўзначаліць новы жывёлагадоўчы комплекс каля Міжлесся. Згадзіўся, і разам з паплечнікамі дабіліся добрых вынікаў у жывёлагадоўлі. Закончыў працоўны шлях тэхнікам-нарміроўшчыкам.

У сям’і ў атмасферы павагі і любові падрасталі дзве дачушкі. Непрыкметна прамільгнуў час, і малодшыя раз’ехаліся на вучобу, справай жыцця выбралі медыцыну. Святлана працуе медсястрой у Старых Дарогах, Наталля была фельчарам у Лунінцы. Потым на свет паявіліся 4 унучкі, якія ў свой час падарылі 5 праўнучак. Сапраўднае жаночае царства! Толькі нядаўна сітуацыя змянілася, у пакаленні праўнукаў паявіўся адзіны прадстаўнік мужчынскага полу.

Юбілярам на дваіх споўнілася 187 год. Лічба ўнушальная, таму праблем са здароўем хапае. Але вынослівасць, атрыманая ў пасляваеннай маладосці, дапамагае іх пераадольваць. Дзед любіць рыбалку, дзе свежае паветра ўзнімае настрой, дадае бадзёрасці, ад чаго спакайнеюць удары сэрца і нармалізуецца ціск. Бабуля імкнецца падтрымліваць парадак у пакоях і клапоціцца пра невялікі агарод. Ёй дапамагаюць нашчадкі, якія любяць бываць у Краснай Волі. Такія сустрэчы радуюць усіх родных. Яны разам п’юць гарбату, абмяркоўваюць вясковыя навіны, малодшыя атрымліваюць карысныя парады.

У маладосці вяскоўцы пабудавалі невялічкую хату, потым узвялі прасторную. Тут заўсёды ўтульна: карціны на сценах, фота-здымкі – чорна-белыя і каляровыя, на якіх занатавана гісторыя амаль векавой даўнасці. З нецярпеннем гаспадары чакаюць кожны нумар “Лунінецкіх навін”. Людзям, якія ўсё жыццё прысвяцілі клопатам на дабрабыт роднага краю, цікава ведаць, чым поўніцца паўсядзённасць сучаснікаў.

У новых пакаленнях нашчадкаў бачаць свой працяг Марыя Нічыпараўна і Уладзімір Рыгоравіч. 70-гадовы юбілей сумеснага жыцця – святочная старонка ў іх біяграфіі. Засталіся ў мінулым сярэбранае, залатое, брыльянтавае вяселлі. І хаця яны не любяць шыкоўных пасядзелак, адзначаюць важныя даты ўдваіх ці ў цесным коле самых блізкіх, але прыемныя ўражанні хвалююць яшчэ доўга. Радуюцца за «маладажонаў» і прадстаўніцы раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын», якія ў гэтыя дні далучаюцца да віншаванняў.

Усім, хто цікавіцца сакрэтам шчаслівага шлюбу, самыя вопытныя “маладыя” раяць ніколі не ставіць свае інтарэсы вышэй за меркаванні выбранніка. Любыя пытанні варта вырашаць разам, раіцца, суперажываць і дапамагаць, каб у маладым ці сталым узросце было каму даверыць свае думкі і перажыванні, каб родны позірк заўсёды саграваў і супакойваў, засцерагаючы ад любых непрыемнасцей. А самае галоўнае, каб шлях асвечвала полымя кахання, тады атрымаецца пераадолець усе выпрабаванні. Гэта важны скарб, якім неабходна даражыць!

Марыя ЯРАХОВІЧ.

Далучайцеся да нашага канала ў Telegram  




Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть