Беларусь васільковая
У Мікашэвічах галоўнай пляцоўкай мерапрыемстваў, прымеркаваных да чарговай гадавіны вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Вялікую Айчынную вайну і 25-годдзя Незалежнасці Рэспублікі, стала плошча каля Палаца культуры РУВП «Граніт».
Адкрываючы святочны мітынг, старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко адзначыў важнасць падзей, якія адбыліся ў сталіцы 3 ліпеня 1944 года, у лёсе кожнага сучаснага беларуса.
Віншаванні працягнулі старшыня гарвыканкама Галіна Сыцэвіч, намеснік генеральнага дырэктара па персаналу, сацыяльных пытаннях і ідэалагічнай рабоце РУВП «Граніт» Маргарыта Сераокая, дырэктар гімназіі імя У. Нядзведскага Сяргей Высоцкі, дэпутат гарсавета Сямён Ляўковіч і заснавальнік ПУП «ШынСАР» Андрэй Сергіевіч.
Галоўныя падзеі гісторыі і сённяшняга жыцця суверэннай дзяржавы ляглі ў аснову сюжэтаў тэатралізаваных пастановак конкурсу-выставы “гранітаўскай” вытворчай тэхнікі «Мая Беларусь», які сабраў немалую колькасць гледачоў.
Каманды-ўдзельніцы пастараліся на славу, прадэманстраваўшы сапраўдны калейдаскоп талентаў у акцёрскім майстэрстве, дэкламацыі вершаў, вакале, танцах, дэкарацыях і грыме. Нягледзячы на непрацягласць мініяцюр, усе выступленні былі прасякнуты шчырай любоўю да роднага прадпрыемства і горада, павагай да гісторыі краіны, гонарам за Айчыну.
Спецыяльнымі прызамі – райвыканкама і прафкама РУВП «Граніт» – адзначана зборная пагрузкі і драбільна-сартавальнага цэха-1. У намінацыі «Памяці паўшых» перамогу атрымалі спецыя-лісты выпрабавальнага падраздзялення службы якасці. Лепшай драматургічнай пастаноўкай у катэгорыі «За гонар Айчыны» прызнана выступленне прадстаўнікоў цэха драбненне. Максімальна па-мастацку раскрыў ідэю, увасобіў яе на сцэне творчы саюз вартаўнічай аховы і санаторыя «Світанак». Ганаровай граматай за цэласнасць выступлення і кампазіцыйнае адзінства ўзнагародзілі ўдзельнікаў з горнага цэха гранітнага кар’ера. У намінацыі «Мая радзіма – Беларусь» не было роўных упраўленцам. Памятныя прызы ўручаны камандам службы кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі, драбільна-сартавальнага цэха-2, зборнай ДСЦ-2 і пагрузкі.
Галоўны прыз конкурсу-выставы дастаўся самадзейным акцёрам аўтатранспартнага прадпрыемства, якія прадэманстравалі сваё бачанне трагедыі беларускай вёскі Хатынь.
Творчыя калектывы Палаца культуры запрасілі гара-джан і гасцей Мікашэвіч на святочную праграму ў глядзельную залу ўстановы культуры.
А затым свята зноў вярнулася на вуліцы горада. Людзей чакалі дыскатэка і акцыя «Спяём гімн разам».