Больш за 500 тыс. рублёў. Адрасная дапамога ў Лунінецкім раёне
Малазабяспечаныя сем’і (грамадзяне), якія па аб’ектыўных прычынах апынуліся ў цяжкай сітуацыі, што парушае нармальную жыццядзейнасць, могуць разлічваць на дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу, аб гэтым нагадала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Лунінецкага райвыканкама Ірына Семянчэнка.
Яна прадастаўляецца ў выглядзе аднаразовых і штомесячных грашовых выплат, а таксама забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух год жыцця. Акрамя таго, інвалідам І групы і дзецям-інвалідам з 4-ай ступенню страты здароўя, якія маюць патрэбу ў падгузках, вяртаюцца затраты на іх набыццё.
За першае паўгоддзе аднаразовую адрасную сацыяльную дапамогу аказалі 70 грамадзянам на суму больш як 46,5 тысячы рублёў. Удвая больш людзей атрымалі права на штомесячныя выплаты. На гэтыя мэты зрасходавана без малога 121 тысяча рублёў. Звыш 300 тысяч накіравалі на кампенсацыю затрат на набыццё падгузкаў для 601 земляка, а на харчаванне для 51 малыша – яшчэ больш як 46 тысяч рублёў.
Штомесячная дапамога прадастаўляецца пры ўмове, што даход на кожнага члена сям’і меншы, чым найбольшая велічыня бюджэту пражытачнага мінімуму. На сённяшні дзень гэты крытэрый патрэбнасці складае 364 рублі 40 капеек. Адмовяць у вы-плаце такой дапамогі, калі грама-дзянін не працуе, але з’яўляецца працаздольным і незарэгістраваным ва ўстаноўленым парадку ў якасці беспрацоўнага.
Аднаразовая дапамога выплачваецца тым, хто па аб’ектыўных прычынах аказаўся ў цяжкай сітуацыі (гэта трэба пацвердзіць дакументальна, або засведчыць камісіяй на падставе акта абследавання матэрыяльна-бытавога становішча) пры ўмове, што сярэднедушавы даход не перавышае 1,5 велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму (546,60 рубля).
Для атрымання дзяржаўнай падтрымкі неабходна прадаставіць дакументы на адрас: г. Лунінец, вул. Чырвоная, 1, каб. 108, тэл. 2-13-00, з панядзелка па пятніцу з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00.
Далучайцеся да нашага канала ў Telegram